21 жніўня 2011 г. Дарагія юнакі і дзяўчаты,
я шмат думаў пра вас на працягу таго часу, калі мы не былі разам. Я спадзяюся, вы змаглі трошкі паспаць, нягледзячы на надвор’е. Я ўпэўнены, што з раніцы вы ўзнімалі свае вочы не раз, і не толькі вочы, але, перш за ўсё, вашы сэрцы, ператвараючы гэта ў малітву. Бог ператварае ўсе рэчы ў дабро. З гэтай упэўненасцю і верай у Пана, які ніколі не пакідае нас, давайце пачнём нашу святочную Эўхарыстыю, поўныя запалу і моцныя ў нашай веры.
Дарагая моладзь,
у гэтай Эўхарыстыі мы дасягнулі найвышэйшага пункту гэтага Сусветнага дня моладзі. Бачачы вас тут, сабраных у такой вялікай колькасці з усіх куткоў свету, маё сэрца напаўняецца радасцю. Я думаю аб асаблівай любові, з якой Езус глядзіць на вас. Так, Пан любіць вас і называе вас сваімі сябрамі(пар. Ян 15, 15). Ён ідзе насустрач вам і хоча суправаджаць вас на вашым шляху, каб адкрыць дзверы да поўнага жыцця і падзяліцца з вамі блізкасцю да Айца. Са свайго боку, мы даведаліся аб неабсяжнасці Яго любові, і мы хочам адгукнуцца на Яго любоў, дзелячыся з іншымі радасцю, якую атрымалі. Сёння многіх людзей прыцягвае да сябе асоба Хрыста, і яны хочуць лепей пазнаць Яго. Яны разумеюць, што Ён і ёсць адказ на многія важныя пытанні. Але хто ж Ён на самой справе? Як можа чалавек, які жыў на гэтай зямлі так шмат гадоў таму, мець нешта агульнае са мной сёння?
Евангелле, якое мы толькі што пачулі (пар. Мц 16, 13-20), прапануе два розныя спосабы пазнання Хрыста. Першы — гэта аб’ектыўнае разуменне, заснаванае на сучасным меркаванні. Калі Езус пытае: «Кім людзі лічаць Мяне, Сына Чалавечага?», вучні адказваюць: «Некаторыя — Янам Хрысціцелем, іншыя Іллёй, а іншыя — Ераміяй альбо адным з прарокаў». Іншымі словамі, Хрыстус успрымаецца як яшчэ адзін рэлігійны дзеяч, як тыя, хто былі да Яго. Тады Езус звяртаецца да вучняў і пытаецца ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр адказвае словамі, якія з’яўляюцца першым вызнаннем веры: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога». Вера — гэта больш чым проста эмпірычныя або гістарычныя факты, гэта здольнасць ва ўсёй глыбіні зразумець таямніцу асобы Хрыста.
І ўсё ж вера не вынік чалавечых намаганняў, чалавечай развагі, а дар Божы: «Шчаслівы ты, Сымон!Бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах». Вера пачынаецца з Богам, які адкрывае сваё сэрца нам і запрашае нас раздзяліць з Ім Яго жыццё. Вера не проста прадастаўляе нам інфармацыю аб тым, хто ёсць Хрыстус, а, хутчэй, наладжвае асабістыя адносіны з Хрыстом, аддачу ўсяго чалавека, з усім нашым разуменнем, воляй і пачуццямі Божаму адкрыццю. У пытанні Езуса: «А хто Я для вас?» гучыць канчатковы выклік вучням, каб кожны асабіста вырашыў, як да Яго ставіцца.
І, паколькі вера заклікае ісці за Хрыстом, яна павінна станавіцца больш моцнай, глыбокай і сталай, у тым значэнні, што яна павінна весці да больш цесных і інтэнсіўных адносін з Езусам.
Пётр і іншыя вучні таксама павінны былі ісці па гэтым шляху, да сустрэчы з уваскрослым Панам, якая адкрыла ім вочы і напоўніла іх верай.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, сёння Хрыстус задае вам тое самае пытанне, якое Ён задаваў апосталам: «Хто я для вас?» Адкажыце Яму са шчодрасцю і мужнасцю, як і належыць маладым сэрцам, як вашыя. Скажыце яму: «Езус, я ведаю, што Ты Сын Божы, які аддаў сваё жыццё за мяне. Я хачу верна ісці за Табой і хачу, каб Ты праводзіў мяне сваімі словамі. Ты ведаеш мяне і любіш мяне. Я аддаю маю веру і ўсё маё жыццё ў твае рукі. Я хачу, каб Ты быў сілай, якая ўмацоўвае мяне, і радасцю, якая ніколі не пакідае мяне».
Езус адказвае на прызнанне Пятра, кажучы аб Касцёле: «І Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Касцёл мой». Што азначаюць гэтыя словы? Езус будуе Касцёл на скале веры Пятра, які прызнае, што Хрыстус ёсць Бог.
Касцёл — гэта не проста чалавечая ўстанова, як усе іншыя. Ён цесна звязаны з Богам. Сам Хрыстус гаворыць аб ім як аб «сваім» Касцёле. Хрыстус не можа быць аддзелены ад Касцёла так, як галава не можа быць аддзелена ад цела (пар. 1 Кар 12, 12). Касцёл жыве не сваім жыццём, але жыццём Пана.
Дарагія маладыя сябры, як наступнік Пятра я заклікаю вас умацоўваць гэтую веру, якая была перададзена нам яшчэ з часоў апосталаў. Зрабіце Хрыста, Сына Божага, цэнтрам вашага жыцця. Але дазвольце мне нагадаць вам, што з верай ісці за Езусам азначае ісці побач з Ім у зносінах з Касцёлам. Мы не можам ісці за Езусам сваім уласным чынам. Кожны, хто будзе спакушаны зрабіць гэта «па-свойму» або будзе падыходзіць і да жыцця веры з індывідуалізмам, які так распаўсюджаны сёння, будзе мець рызыку сапраўды ніколі не сустрэцца з Езусам або ў канчатковым выніку сустрэне несапраўднага Езуса.
Верыць азначае атрымліваць падтрымку ад веры сваіх братоў і сясцёр, і свая ўласная вера служыць падтрымкай веры іншых. Я прашу вас, дарагія сябры, любіць Касцёл, які прывёў вас да нараджэння ў веры, якая дапамагла вам расці, ведаючы Хрыста, і прывяла вас да адкрыцця для сябе прыгажосці Яго любові. Расці ў сяброўстве з Хрыстом абавязкова азначае прызнанне важнасці радаснага ўдзелу ў жыцці вашых парафій, супольнасцяў і рухаў, а таксама святкаванне нядзельнай Імшы, частае прыняцце сакрамэнту пакаяння і паяднання і асабістая малітва і разважанне над Божым словам.
Сяброўства з Езусам таксама прывядзе вас да сведчання веры, дзе б вы ні знаходзіліся, нават калі яна сустракаецца з непрыманнем або абыякавасцю. Мы не можам сутыкацца з Хрыстом і не жадаць зрабіць Яго вядомым для іншых. Таму — не захоўвайце Хрыста для сябе! Падзяліцеся з іншымі радасцю вашай веры. Свет мае патрэбу ў сведках веры, бо ён, безумоўна, патрабуе Бога. Я думаю, што прысутнасць тут так многіх маладых людзей з усяго свету з’яўляецца выдатным доказам плённасці загаду Хрыста Касцёлу: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню» (Мк 16, 15). Вам таксама была дадзена незвычайная задача быць вучнямі і місіянерамі Хрыста ў іншых краінах, запоўненых маладымі людзьмі, якія шукаюць чагосьці большага, і, паколькі іх сэрца кажа ім, што існуюць больш праўдзівыя каштоўнасці, яны не дазваляюць сабе быць спакушанымі пустымі абяцаннямі ладу жыцця, у якім няма месца для Бога.
Дарагая моладзь, я малюся за вас са шчырай любоўю. Я ахвярую ўсіх вас Панне Марыі, прашу яе суправаджаць вас заўсёды матчыным заступніцтва і навучыць вас, як застацца вернымі Божаму слову. Я прашу вас маліцца за Папу, каб ён, як пераемнік Пятра, заўсёды мог праводзіць сваіх братоў і сёстраў па веры. Няхай усе мы, Касцёл, пастыры і вернікі, будзем з кожным днём набліжацца да Пана. Каб мы раслі ў святасці жыцця і былі сапраўднымі сведкамі праўды Езуса Хрыста, сапраўднага Сына Божага, Збаўцы ўсяго чалавецтва і жывой крыніцы нашай надзеі. Амэн.
|