Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ўрачыстага распачацця служэння Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

27 жніўня 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Мы ўсё яшчэ знаходзімся пад уражаннямі смерці і пахавання першага Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Мітрапаліта і адначасова Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі легендарнага кардынала Казіміра Свёнтка.

Жыццё, аднак, ідзе наперад, і Касцёл, як жывы арганізм, павінен развівацца далей. Да гэтага імкнуўся памерлы кардынал і гэта быў яго запавет, які мы павінны выканаць. Асобая роля ў гэтым працэсе належыць біскупу. Па волі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у якой бачу волю самога Бога, сёння стаю перад вамі ў якасці Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis з правамі дыяцэзіяльнага біскупа.

Стаю, каб працягнуць справу сведкі веры Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, які кіраваў Пінскай дыяцэзіяй апошнія 20 гадоў, адбудоўваў яе структуры, у тым ліку парафіі і Вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага, а таксама заснаваў Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага. Сёння мы схіляем свае галовы перад мужнасцю гэтага святара і біскупа, як прайшоў ГУЛАГ і застаўся верным свайму святарскаму пакліканню, стаў першым беларускім кардыналам у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Ад усяго сэрца дзякую Яго Эмінэнцыі за ахвярную працу і малюся, каб міласэрны Бог прыняў яго ў сваё Валадарства.

2. Упершыню парог пінскай катэдры я пераступіў 7 верасня 1988 г. падчас візіту Яго Эмінэнцыі кардынала Юзафа Глемпа — Прымаса Польшчы — у Беларусь. Той гістарычны візіт паказаў, што ў Беларусі шмат вернікаў-католікаў, і адначасова паказаў праблемы Касцёла, найперш адсутнасць іерархіі і  малую колькасць святароў.

Я добра памятаю вялікі натоўп людзей, які чакаў кардынала Глемпа, а таксама яго ўзрушаныя і поўныя надзеі словы. У мяне перад вачыма тагачасны пробашч катэдры кс. Казімір Свёнтэк, які ўручае кардыналу Юзафу Глемпу напісаны ад рукі малітоўнік з просьбай перадаць яго папу Яну Паўлу II як сведчанне веры людзей падчас ганенняў.

Праз няпоўны год у красавіку 1989 г. мне давялося прысутнічаць у пінскай катэдры на святкаванні юбілею 50-годдзя святарства кс. Казіміра Свёнтка. Набажэнства тады ўзначаліў Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне біскуп Уладзіслаў Яндрушук. Ізноў вялікае сведчанне веры шматлікага люду, ізноў туга па тым, што няма біскупа.

Далей, ужо ў лістападзе 1989 г., я ўвайшоў сюды як Апостальскі Адміністратар ad nutum Sancte Sedis для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі.

Потым 21 мая 1991 г. тут я ўдзяліў біскупскую сакру кс. Казіміру Свёнтку, які быў прызначаны першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sancte Sedis Пінскай дыяцэзіі. Якая тады была радасць — пінскі пробашч стаў арцыбіскупам і Мітрапалітам! Якая панавала надзея, бо на Беларусі была ўстаноўлена касцёльная правінцыя і былі прызначаны біскупы! Другім іерархам стаў пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні кс. Аляксандр Кашкевіч, як першы біскуп новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі.

І вось сёння ізноў стаю перад вамі як новапрызначаны Апостальскі Адміністратар ad nutum Sancte Sedis Пінскай дыяцэзіі.

Несумненна — гэта новае дадатковае заданне для мяне. Але дабро Касцёла павінна быць на першым месцы.

3. Калі паглядзім на гіcторыю, якая з’яўляецца настаўніцай жыцця — magistra vitae — то лёс Пінскай дыяцэзіі вельмі складаны. Яна была заснавана папам Піем XI у 1925 г. Першым яе біскупам стаў жывы мучанік перыяду ганенняў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, які кіраваў дыяцэзіяй да  1932 г. І нам трэба старацца, а найперш маліцца, каб ён як мага хутчэй быў узнесены да хвалы алтара. У гэтай справе буду чыніць усё, што ад мяне залежыць, і прашу вашай дапамогі.

Другім Пінскім біскупам у 1932–1946 гг. быў Казімір Букраба. Аднак з 1939 г. аж да сваёй смерці ў 1946 г. з-за вайны ён знаходзіўся па-за межамі дыяцэзіі. Падчас яго адсутнасці з 1939 г. па 1941 г. дыяцэзіяй кіраваў дапаможны біскуп Кароль Неміра. З 1941 г. да мучаніцкай смерці ў 1943 г. генеральным вікарыем быў кс. Вітольд Івіцкі. Пасля яго генеральным вікарыем быў прызначаны кс. Генрых Хумніцкі, якога ў 1946 г. Апостальскі Пасад надзяліў уладай дыяцэзыяльнага біскупа. Гэтыя функцыі ён выконваў да 1950 г., у якім Апостальскі Пасад прызначыў кс. інфулата Міхала Кшывіцкага Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1967 г. кс. Уладзіслаў Яндрушук быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне ў Польшчы. Часткай дыяцэзіі, якая знаходзілася на тэрыторыі Савецкай Беларусі, ён кіраваў праз сваіх Генеральных вікарыяў, сярод якіх асабліва трэба успомніць кс. д-ра Вацлава Пянткоўскага, які патаемна падрыхтаваў 10 святароў, два з якіх — Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец — сталі біскупамі. У 1989–91 гг. функцыі Генеральнага вікарыя выконваў кс. Казімір Свёнтэк.

Прыкметна таксама і тое, што на працягу 86-гадовай гісторыі Пінскай дыяцэзіяй на самой справе кіраваў усяго 14 гадоў біскуп Ардынарый.

Гісторыя Пінскай дыяцэзіі — гэта гісторыя Хрыста, Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага. Падчас ганенняў на Касцёл здавался, што дыяцэзія застанецца толькі на старонках гісторыі. Але Бог яшчэ раз паказаў, што Ён Пан гісторыі і што менавіта Ён піша проста на яе звілістых лініях і ставіць апошнюю кропку над «і». Пінская дыяцэзія рашэннем благаслаўлёнага папы Яна Паўла II у 1991 г. была адроджана і рэфармавана ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Стараннямі кардынала Казіміра Свёнтка, яго дапаможнага біскупа Казіміра Велікасельца, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў яна выйшла на новы этап свайго развіцця.

4. Аднак жыць толькі гісторыяй не дазволена. Жыццё нясе новыя выклікі, і на іх трэба адказваць. Яно не дазваляе заставацца ціхімі і спакойнымі, як ціха і спакойна плыве Піна. Касцёл — гэта не статычная інстытуцыя, але жывы боска-чалавечы арганізм, і ён павінен быць дынамічным.

Сёння з глыбокім узрушэннем і адказнасцю ўвахожу ў гэтую катэдру — Маці ўсіх касцёлаў Пінскай дыяцэзіі з яе багатай спадчынай. Стаю перад вамі са словамі св. Аўгустына на вуснах і ў сэрцы: для вас я біскуп, а з вамі — хрысціянін. Сённяшняе ўрачыстае набажэнства — гэта мае новыя абручыны з пінскім Касцёлам, якім Дух Святы паставіў мяне кіраваць.

Распачынаючы сваё новае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі і ўсведамляючы тыя вялікія абавязкі і заданні, якія стаяць перада мною, праз пасрэдніцта Маці Божай Лагішынскай і нябеснага апекуна св. Андрэя Баболі давяраю яго Богу, што выражана ў дэвізе майго біскупскага служэння: «Quis ut Deus» — «Хто ж як не Бог». Веру, што малітва благаслаўлёнага Яна Паўла II, які так моцна любіў Беларусь, і памерлага кардынала Казіміра Свёнтка, заступніцтва Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і благаслаўленне папы Бэнэдыкта XVI будуць мне спадарожнічаць у выкананні новай місіі ў Касцёле. Прашу таксама вас, дарагія браты і сёстры: маліцеся за мяне, бо толькі сумесна мы зможам будаваць жывы Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

Добра ўсведамляю, што адзін не змагу гэтага зрабіць, таму звяртаюся да вас з просьбай аб разуменні і дапамозе.

4.1. Глыбокапаважаны біскуп Казімір Велікаселец! Божы Провід паставіў нас працаваць разам у адной дыяцэзіі. Спадзяюся на твой багаты досвед, веданне дыяцэзіі і дапамогу, і гэтым буду карыстацца. У якасці Генеральнага вікарыя дзейнічай як «alter ego» — «ад майго імя», каб мы былі адно і каб наша супольнае служэнне людзям прынесла як мага багацейшы плён.

4.2. Браты ў біскупскім служэнні! Кожны біскуп пастаўлены для служэння як у сваёй дыяцэзіі, так і паўсюднаму Касцёлу. Спадзяюся на вашу салідарную дапамогу і калегіяльнасць.

4.3. Глыбокапаважаныя святары! Абдымаю ўсіх вас разам і кожнага паасобку сваім біскупскім сэрцам. На вашы плечы ўскладзена галоўнае заданне — навучаць Божы Народ, яго асвячаць і ў любові ім кіраваць. Святары пакліканы працягваць місію Хрыста. Біскуп без вас, як генерал без жаўнераў. Дзякую за вашу адданую і ахвярную працу. Сярод вас ёсць і такія, хто мае яшчэ 20 гадоў таму падпісаны мной дэкрэт аб прызначэнні. Вы вытрывалі і далей працуеце. Дзякую вам усім, як святарам-беларусам, так і з-за мяжы. Пінскі Касцёл перажывае вялікі недахоп святароў, таму дапамога замежных святароў, як, дарэчы, і кансэкраваных асобаў, з’яўляецца вельмі важнай.

Усе разам мы ствараем наш пінскі прэзбітэрый і разам павінны несці адказнасць за духоўнае аблічча даверанага нашай паслузе народу Божага. Пры гэтым трэба памятаць, што служэнне святара — гэта ахвяра. Мы пакліканы не валадарыць, а служыць у імя збаўлення чалавека. Вялікі Ян Павел II казаў, што дарогай Касцёла ёсць чалавек, а дарогай чалавека ёсць Хрыстус. Менавіта Яго мы павінны даць людзям у наш нялёгкі і поўны выклікаў секулярызму час.

4.4. Узлюбленыя ў Хрысце Пану законнікі і законніцы, кансэкраваныя асобы! Нельга сабе ўявіць Касцёла без законных інстытутаў і супольнасцяў апостальскага жыцця. Гэта яго багацце, і ім трэба даражыць. Дзякую вам за вашу адданую і ахвярную паслугу пінскаму Касцёлу. У час яго адраджэння менавіта вы ўсклалі на свае плечы вялікую частку працы. Вашы законныя харызматы павінны і далей яму служыць.

4.5. Паважаныя свецкія асобы! Вы з’яўляецеся галоўнай часткай Касцёла, і мы, біскупы, святары і кансэкраваныя асобы, нясём служэнне для вас. Аднак і вам трэба імкнуцца быць усё больш актыўнымі ў жыцці і місіі Касцёла, а таксама прымаць на сябе большую адказнасць за яго. У сучасных абставінах лаіцызацыі немагчыма эфектыўна весці евангелізацыю без свецкіх, іх веры і сведчання.

4.6. Разважаючы пра свецкіх вернікаў, з асаблівай руплівасцю звяртаюся да моладзі. Мы ўсе знаходзімся пад уражаннямі XXVI Сусветнага дня моладзі, які завяршыўся ў Мадрыдзе ў мінулую нядзелю. Моладзь з усяго свету, у тым ліку з Беларусі, разважала над дэвізам сёлетняга форуму: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (пар. Кал 2, 7). Гэтыя словы Апостала народаў асабліва актуальныя ў наш час, калі секулярызм і лібералізм чыняць свет бездухоўным, так што людзі часта жывуць, як быццам Бога няма. Таму Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь паводле словаў апостала Паўла да моцнай, укаранёнай у Хрысце веры і да яе сведчання. Прынятае Божае слова павінна быць перададзена іншым.

З той прычыны, што Касцёл жыве ў часе і прасторы Хрыстом, а таксама пад уздзеяннем заўсёды жывога і дзейснага Божага слова, ён заўсёды з’яўляецца маладым. Але ён таксама павінен быць маладым і духоўнай маладосцю юнакоў і дзяўчат. Будзьце надзеяй нашай Бацькаўшчыны і надзеяй Касцёла! Вам давяраю і спадзяюся на вас!

4.7. З асаблівай увагай і занепакоенасцю пазіраю на нашы сем’і. Сучасная сям’я перажывае глыбокі крызіс. Гэта хвароба, якую трэба як мага хутчэй лячыць, бо сям’я з’яўляецца хоць і самай малой, аднак галоўнай клеткай кожнага грамадства. У сям’і закладваецца падмурак чалавечай і духоўнай фармацыі маладога чалавека. Ніхто і нішто не можа яе падмяніць. Пастырства сем’яў павінна дапамагчы вывесці інстытут сям’і з крызісу, каб сям’я была радасцю і надзеяй нашага грамадства, — як вучыць благаслаўлёны Ян Павел II.

4.8. Пільна гляджу на Вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага. Семінарыя — гэта сэрца дыяцэзіі, і яно павінна біцца рытмічна. Яго заданнем з’яўляецца жывіць свежай крывёю — святарамі — жывы арганізм Касцёла. Але не дастаткова мець добры будынак і ўмовы для фармацыі. Сцены семінарыі павінны быць запоўнены семінарыстамі. Таму нам проста жыццёва неабходна інтэнсіфікаваць пастырства пакліканняў, дапамагчы маладым людзям пачуць голас клічучага іх Пана і паказаць прыгажосць святарства як дару і таямніцы. За справу паклікання павінны быць адказны ўсе члены Касцёла. Інакш перад намі паўстане шэкспіраўскае пытанне: «To be or not to be» — «Быць ці не быць».

Заклікаю таксама і прафесарска-выхаваўчы склад семінарыі памножыць свае намаганні ў справе паклікання і павышэнні свайго інтэлектуальнага і духоўнага ўзроўню, падрыхтоўкі навуковых прац і іх публікацыі, каб сваім выхаваўцам заўсёды прадстаўляць на высокім узроўні актуальнае навучанне Касцёла.

4.9. У Баранавічах знаходзіцца Катэхетычны каледж імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Касцёл у Беларусі, і асабліва ў Пінскай дыяцэзіі, адчувае вялікую патрэбу ў катэхетах. Звяртаюся да святароў і членаў манаскіх супольнасцяў: дасылайце туды сваіх навучэнцаў, каб мы мелі дастаткова настаўнікаў рэлігіі і проста рэлігійна адукаваных людзей.

Выклікі нашага часу і тэндэнцыя да ўсё большай рэлігійнай індыферэнтнасці вымушаюць нас узняць катэхізацыю на больш высокі ўзровень. Ужо выдадзена нямала матэрыялаў у галіне катэхізацыі, як для катэхізатараў, так і для дзяцей і моладзі, і імі трэба як мага шырэй карыстацца.

4.10.    З вялікай надзеяй звяртаюся да інтэлігенцыі і працаўнікоў сродкаў масавай камунікацыі, у тым ліку да рэдакцыі часопісу «Дыялог» у Баранавічах. Смялей уключайцеся ў працу Касцёла і дапамагайце яму. Свет чакае адказу на складаныя пытанні ў галіне «вера — навука» і чакае новага абвяшчэння Евангелля, новай евангелізацыі. Спадзяюся, што ваш патэнцыял будзе выкарыстаны належны чынам.

4.11.    Сёння не магу не ўспомніць тых, хто хворы, церпіць або жыве ў абставінах матэрыяльнага недахопу. Усіх вас абдымаю сваім сэрцам і малюся ў вашых інтэнцыях. Таксама заклікаю дабрачынны фонд «Карытас» узмацніць намаганні па яго развіцці і дапамозе патрабуючым, што будзе спрыяць і новай евангелізацыі.

4.12.    Звяртаюся да вернікаў іншых канфесій і рэлігій, перадусім да праваслаўных. У час нарастаючага секулярызму нам неабходна аб’яднаць нашыя намаганні, найперш у справе абароны і абвяшчэння хрысціянскіх каштоўнасцяў. Выказваю надзею на плённае супрацоўніцтва.

4.13. Касцёл і дзяржава пакліканы служыць чалавеку і клапаціцца аб годнасці чалавечай асобы. Таму мы адкрыты да дыялога і ўзаемадзеяння паводле прынцыпаў сацыяльнага навучання Касцёла, каб клапаціцца аб духоўным і матэрыяльным дабрабыце людзей і такім чынам будаваць справядлівую і шчаслівую будучыню нашага грамадства.

5. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Пастырскае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі я распачынаю ў Год Божай Міласэрнасці, як адзінай надзеі сучаснага свету. Калі мы ўважліва паглядзім на праблемы сучаснасці, то, сапраўды, часамі нас ахоплівае жах. Тады ўзнікае пытанне: дзе шукаць выйсця? Хто ўратуе? Каму можна даверыцца ў сітуацыі, калі ўвесь свет перажывае крызіс, якім закрануты таксама і вельмі моцна развітыя дзяржавы? Шэраг краін Еўрасаюза, у тым ліку і буйных, а таксама ЗША апынуліся на мяжы дэфолту. Чаму так адбываецца? Складанай з’яўляецца таксама сацыяльна-палітычная сітуацыя і ў нашай краіне.

Ужо робіцца і, напэўна, будзе зроблены яшчэ больш дасканалы аналіз прычын актуальнай сітуацыі з мэтай пошуку выйсця з яе. Палітыкі, эканамісты, грамадскія дзеячы і г. д. аналізуюць сітуацыю і шукаюць выйсця. Напэўна, гісторыя з часам дасць адказ на прычыны гэтых цяжкасцяў і ацэніць праграмы іх вырашэння. Але пэўна тое, што адной з прычын крызісу з’яўляецца адыход ад Божага закону і незахаванне этычных прынцыпаў у эканоміцы. Сучасны свет будуецца на эканамічным прагматызме і лібералізме, забываючыся пра маральныя нормы.

Каталіцкі Касцёл, які ў сваёй дзейнасці кіруецца Евангеллем і сацыяльным навучаннем, моліцца аб хутчэйшым вырашэнні сучасных праблем як у свеце, так у нашай Бацькаўшчыне. Беларусь павінна стаць краінай дабрабыту, супакою і ўзаемнай пашаны. Яна павінна быць сапраўды Белай, гэта азначае святой, якая жыве паводле прынцыпаў Евангелля. Для гэтага ў нас ёсць вялікі і яшчэ далёка не да канца выкарыстаны патэнцыял, у тым ліку і духоўны.

Хрыстус кажа: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Мц 12, 7). Касцёл вучыць любові, прабачэнню, узаемнай павазе, справядлівасці і імкнецца да захавання годнасці кожнага чалавека. Ён бароніць фундаментальныя каштоўнасці чалавека, сярод якіх пашана і абарона Божага дару жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, хрысціянскае разуменне сям’і як Богам створанага адзінага і напарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, свабода ў рэлігійным выхаванні дзяцей і спрыянне агульнаму дабру ва ўсіх яго сферах. Усё гэта не павінна паддавацца сумненню, — як сцвярджае папа Бэнэдыкт XVI (пар. SacrС 83).

Мы не можам і не маем права змяняць Евангелле, але яно павінна нас змяняць. Касцёл — гэта не сацыяльна-палітычная ці гаспадарчая ўстанова. Касцёл — гэта таксама не клуб па інтарэсах і не канцэрт па заяўках. Касцёл нельга аддзяліць ад яго заснавальніка — Хрыста. Таму ён павінен жыць і дзейнічаць паводле прынцыпаў Евангелля, традыцыі і Кананічнага права, і яго місіяй з’яўляецца збаўленне чалавека.

Езус кажа: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (Мц 5, 48). Шлях да Божай міласэрнасці з’яўляецца шляхам да дасканаласці і святасці, якія павінны быць упісаны ў нашу пастырскую праграму, — казаў  благаслаўлёны Ян Павел II на пачатку трэцяга тысячагоддзя (пар. NMI 30-41).

Таму, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і дыяцэзіяне, зробім усё магчымае, каб пінскі Касцёл, ідучы шляхам Божай міласэрнасці як адзінай надзеі свету, вёў нас усіх да дасканаласці і святасці, як гарантыі стварэння гарманічнага грамадства тут на зямлі і шчаслівай вечнасці. Няхай на гэтым шляху ўсіх нас благаславіць усемагутны Бог Айцец, + і Сын, і Дух Святы. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Апостальская Адгартацыя «Novo millennio ineunte» (NMI).
2. Бэнэдыкт XVI. Апостальская Адгартацыя «Sacramentum caritatis» (SacrC).

Адноўлена 29.08.2011 12:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі