Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXIX Звычайную нядзелю, Год А

Будслаў, 16 кастрычніка 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца ключавым у хрысціянскім паняцці адносін Касцёл-дзяржава. Фарысеі хацелі знайсці прычыну, каб абвінаваціць Езуса, бо Ён не адпавядаў іх стылю жыцця і мыслення. Для іх Ён быў як быццам бунтаўніком, бо называў сябе Сынам Божым. Яны бачылі толькі адзін выхад з сітуацыі — а менавіта асудзіць Яго на крыжовую смерць. Паводле іх думкі, толькі крыж мог прымусіць Хрыста замаўчаць.

Трэба памятаць, што ў той час былі дзве палітычныя групы, якія сапернічалі паміж сабой — фарысеі і прыхільнікі Ірада. Фарысеі супрацьстаялі рымскім акупантам, а прыхільнікі Ірада супрацоўнічалі з рымскай уладай. Сапернічаючы паміж сабой, яны аб’ядналіся ў барацьбе з Хрыстом.

Не ведаючы, як Яго абвінаваціць, яны задумалі злавіць Езуса на словах. Менавіта таму задалі Яму хітрае пытанне: ці належыць плаціць падатак цэзару?

Гэта было вельмі прыдзірлівае пытанне. Калі б Езус сказаў, што трэба, то быў бы супраць фарысеяў, якія супраціўляліся рымлянам. Калі б адказаў, што не трэба, то быў бы супраць прыхільнікаў Ірада, тых, якія былі на службе ў рымлянаў. У тым і іншым выпадку Ён быў бы абвінавачаны. Усё выходзіла б як у той прыказцы: і так нядобра, і так дрэнна.

Езус, аднак, чытаючы іх думкі, назваў іх крывадушнікамі і загадаў прынесці падатковую манету. Фарысеі, хоць і не любілі рымлянаў, аднак разлічваліся манетай з выявай цэзара. Яны, хочучы гэтага ці не, ёю карысталіся, гэтым самым прызнаючы ўладу цэзара.

Езус выкарыстоўвае гэты факт. Але адначасова Ён выкарыстоўвае і той факт, што на самой справе ўся ўлада належыць Богу. Ён Валадар Сусвету, і Яму падпарадкоўваецца ўсё ў свеце.

Менавіта таму Ён дае вельмі добры адказ, які збянтэжыў адных і другіх: аддайце цэзару цэзарава, а Богу — Божае. Гэтыя словы з’яўляюцца фундаментальнымі для хрысціянскага разумення адносін паміж Касцёлам і дзяржавай, а менавіта таго, што яны аўтаномныя, кожны ў сваёй сферы дзейнасці. Супольным пунктам з’яўляецца дабро чалавека, аб якім павінны клапаціцца як дзяржава, так і Касцёл, аднак жа кожны ў сферы сваёй кампетэнцыі — матэрыяльнай і духоўнай. Сацыяльнае вучэнне Касцёла не выключае пры гэтым, што яны могуць дапамагаць адно аднаму ў выконванні гэтых заданняў.

2. Адзін аповед распавядае пра тое, як малы хлопчык падышоў да адной жанчыны на беразе мора і пачаў задаваць ёй розныя пытанні. «Ці верыце Вы ў Бога?» «Так», — пачуў ён адказ. «Ці ходзіце да касцёла кожную нядзелю?» — «Так». — «Ці чытаеце Біблію і моліцеся кожны дзень?» — «Так». — «У такім выпадку ці не папільнуеце Вы маё адзенне, пакуль я буду купацца ў моры?»
 
Малы хлопчык хацеў купацца і быў шчыры ў сваіх пытаннях. Ён шукаў таго, каму мог бы смела даверыць сваё адзенне. Фарысеі і прыхільнікі Ірада не былі настолькі шчырымі. Яны не хацелі даверыцца Езусу. Яны не шукалі адказу на пытанні. Яны не імкнуліся да таго, каб хтосьці сцярог іх каштоўнасці. Яны імкнуліся вызваліцца ад праблемы прысутнасці Езуса ў жыцці грамадства.

3. Фарысеі і прыхільнікі Ірада былі настолькі злымі, што злосць асляпіла іх. Падумаем толькі аб іроніі таго моманту. Мы ведаем, кім ёсць Хрыстус, а менавіта Богам, бо жывём у час пасля Яго ўваскрасення, чым Ён пацвердзіў сваю боскасць. У той жа час Яго ворагі думалі, што Ён дзейнічаў ад імя злога духа. Мы ведаем, што Езус — гэта Кароль каралёў. Яны думалі, што Ён хацеў стаць каралём Ізраэля. Мы ведаем, што Ён Сын Божы. Для іх Ён быў сынам Юзафа і Марыі. Мы ведаем, што Езус і Яго навучанне маюць уплыў на ўвесь свет на працягу ўжо больш чым 2000 гадоў. Яны ж думалі, што Яго дзейснасць завершыцца на крыжы.

Якая захапляючая гісторыя! Мы глядзім на ворагаў Хрыста і круцім галовамі. Мы не можам зразумець, як яны маглі так моцна памыляцца, калі праўда знаходзілася насупраць іх? На самой справе яны былі збянтэжаны, бо Езус паказаў ім іх крывадушнасць.

Аднак тым не менш мы павінны быць удзячныя фарысеям. Іх пытанне адкрыла адно з найважнейшых пунктаў навучання Хрыста. Яно, як рэха, ідзе праз стагоддзі: аддаваць цэзару цэзарава, а Богу Божае.

4. А як з намі? Мы плацім падаткі, можа, не вельмі ахвотна, можа, з парушэннем закону, аднак плацім. Але ці аддаём мы Богу тое, што належыць Яму? Найперш, ці аддаём доўг нашага быцця хрысціянамі ў паўсюдным жыцці? Хрысціянін павінен несці адказнасць перад сваім грамадствам. Мы — яго грамадзяне, і ад нас залежыць, якім яно будзе. Такім чынам, хрысціяне павінны з’яўляцца ў свеце тым, чым з’яўляецца душа ў целе чалавека. Хрысціяне павінны стаць святлом свету і соллю зямлі. Святло асвятляе зямлю. І хрысціянін павінен сваім прыкладам і хрысціянскім сведчаннем асвятляць яе. Сучасны свет, у якім загнівае вера і маральнасць, патрабуе смаку солі хрысціянства, якая зберажэ яго ад псавання. Свет благі, калі складаючыя яго людзі благія. І добры — калі яны добрыя. Свет і грамадства ёсць такімі, якімі мы з’яўляемся.

5. Дарагія браты і сёстры!

Знаходзячыся перад цудоўным абразом Маці Божай Будслаўскай, даверым ёй сябе і ўсіх хрысціянаў, каб разам з ёй, адказваючы Богу сваё «Fiat», згаджаючыся з Яго воляй, згодна з навучаннем Хрыста і сацыяльным вучэннем Касцёла, выконвалі свае абавязкі як у адносінах да Бога, так і да грамадства на хвалу Божую і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

Адноўлена 17.10.2011 12:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі