24 студзеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што таямніцы Валадарства Ты адкрыў дзецям».
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, супрацоўнікі дабрачыннасці, госці!
1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра перадаюць змест і сэнс сённяшніх чытанняў. Яны яшчэ раз паказваюць, што Бог адкрывае таямніцы свайго Валадарства людзям чыстага сэрца.
Прыкладам можа быць св. Францішак Сальскі, біскуп і апякун працаўнікоў каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі, якога Касцёл успамінае сёння. Святы Францішак Сальскі быў сынам юрыста і жыў у XVI–XVII стагоддзях. Яго бацька хацеў, каб ён пайшоў па яго слядах і стаў юрыстам. Аднак, закончыўшы юрыдычны і адначасова тэалагічны факультэт, Францішак Сальскі аб’явіў аб сваім жаданні стаць святаром.
Ягоны шлях да святарства не быў лёгкі. Ён павінен быў прайсці доўгі шлях, каб адкрыць пакліканне. Адным з рашучых знакаў стала тое, што аднойчы, едучы на кані з шабляй у руках, ён яе выраніў, і яна ўпала на іншую шаблю так, што гэтыя шаблі скрыжаваліся. Гэта быў відавочны знак таго, што ён павінен прысвяціць сваё жыццё Хрысту, які кліча яго да ахвярнага жыцця, самаадданай любові да Касцёла і бліжніх.
Хаця яго бацька спачатку не быў задаволены такім рашэннем сына, аднак потым згадзіўся. Францішак стаў не толькі святаром. Потым ён быў прызначаны біскупам Жэневы. Ён напісаў шмат духоўных прац, у якіх заахвочвае імкнуцца да святасці. Такім чынам у чалавеку добра адукаваным, але які не імкнуўся да свецкай славы, праявілася моц Божая і яму былі адкрыты таямніцы Божага Валадарства.
Так ужо ёсць у гісторыі збаўлення. Хто быў пакліканы стаць апосталамі? Вучоныя? Фарысеі? Кіраўнікі народу? Не. Простыя галілейскія рыбакі!
Трактаты святога Францішка Сальскага напісаны вельмі добрай зразумелай мовай і стылем, таму ён быў прызначаны апекуном каталіцкіх мас-медыя.
2. У першым сённяшнім чытанні мы бачым сцэну радасці, якая наступіла пасля таго, як Давід перанёс Каўчэг Запавету ў Ерузалем. Ён танцаваў перад Каўчэгам, вакол раздаваліся радасныя воклічы і гукі трубаў. Давід і ўвесь народ радаваўся. Радасць напоўніла ўсіх, бо Бог быў сярод іх.
А як мы выражаем нашу радасць з таго, што Бог ёсць сярод нас? Тры пакаленні пераследу спрабавалі з нашай зямлі ўчыніць духоўную пустыню. Замучаны і аслаблены Касцёл, аднак, не паддаўся, і пасля трох пакаленняў распачаўся час яго адраджэння. З кожным годам на мапе нашай Бацькаўшчыны з’яўляюцца новыя месцы культу, дзе жыве Бог. Кожны касцёл ці капліца — гэта як быццам той Божы каўчэг, дзе жыве Бог і дзе адбываецца спатканне чалавека з Богам. Таму нашы людзі так жадаюць і так імкнуцца мець як мага больш такіх месцаў. Яны добра ведаюць, што будучыня магчыма толькі з Богам.
3. Спатканне чалавека з Богам адбываецца не толькі ў касцёле, але таксама праз дабрачыннасць, заданнем якой ёсць не толькі дапамагаць патрабуючаму, але і несці яму святло Евангелля. Так было ў першыя стагоддзі хрысціянства, так было падчас усёй яго гісторыі, так павінна быць цяпер і ў будучыні. Дабрачынная праца павінна насіць евангелізацыйны характар. Яна павінна стаць адным са шляхоў у рэалізацыі праграмы новай евангелізацыі.
У наступныя два дні ў Мінску адбудзецца II Міжнародная сустрэча партнёраў «Caritas Belarus». Гэты форум прысвечаны служэнню дабравольцаў; служэнню тых, якія асаблівым чынам жадаюць у сваім жыцці рэалізаваць запавет Хрыста аб любові да бліжняга, у якім мы павінны бачыць самога церпячага Езуса.
4. У сённяшнім Евангеллі Хрыстус тлумачыць, хто на самой справе Яго маці, брат і сястра. Гэта тыя, хто выконвае Яго волю. А воля Езуса Хрыста ў тым, каб усе былі дасканалымі, як дасканалы наш нябесны Айцец. Сярод шматлікіх шляхоў, якія вядуць да дасканаласці, адным з найбольш важных з’яўляецца шлях міласэрнай любові. Што зробіце аднаму з гэтых маіх найменшых братоў, мне зробіце, — кажа Хрыстус. Найменшы — гэта той, хто патрабуе дапамогі, матэрыяльнай і духоўнай, той, якому праз служэнне дабрачыннасці нясецца радасць і вяртаецца пачуццё чалавечай годнасці.
Калі аднойчы благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты на вуліцы Лондана падышла да беднага, узяла яго за руку і спыталася: «Як маешся чалавек?», той заплакаў. «Чаму ты плачаш?» — спыталася Маці Тэрэса. «Таму, што ўпершыню мяне назвалі чалавекам. Да гэтага я быў толькі маргіналам і адкідам грамадства».
5. Дарагія браты і сёстры!
Усе мы хацелі б быць сваякамі Хрыста, Яго братамі і сёстрамі. Дзякуючы перамозе Хрыста над злом, мы з’яўляемся выбранымі дзецьмі Божымі. Гэта высокая годнасць, але і заданне. Каб яго годна выканаць, неабходна падобна святому Францішку Сальскаму прысвяціць сябе ахвярнай працы для людзей і Касцёла, каб ім дапамагчы матэрыяльна і духоўна. Тым самым мы і тыя, да якіх нас пасылае Божы Провід, станем братамі і сёстрамі Хрыста. Амэн.
|