Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2012 года


Імша апоўначы

Калі Бог з намі, хто супраць нас!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, шанавальнікі Маці Божай Будслаўскай.

1. Час бяжыць хутка, і з кожным днём мы набліжаемся да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай на гэтае святое месца і гэтым самым нараджэння будслаўскага санктуарыя. Сёлетнія ўрачыстасці з’яўляюцца апошнімі ў трохгадовым цыкле падрыхтоўкі да гэтага юбілею, які будзем адзначаць у будучым годзе. Дэвіз сёлетняга будслаўскага фэсту — «Марыя — Маці Збаўцы».

Так ужо складваецца, што ў наступным годзе будзе адзначацца і юбілей 1700-годдзя славутага Міланскага эдыкту. У 313 годзе імператар Канстанцінопальскі Канстанцін Вялікі і імператар Рымскі Ліцыній абвясцілі рэлігійную талерантнасць ў Рымскай імперыі. Такім чынам Міланскі эдыкт даў хрысціянам свабоду веравызнання.

Таму святкаванне юбілею 400-годдзя прысутнасці ў Будславе цудоўнага абраза арганічна ўключаецца ў сусветнае святкаванне юбілею 1700-годдзя прызнання свабоды хрысціянства. Мы добра ведаем, што такое свабода веравызнання і менавіта ў будслаўскім санктуарыі нашы вернікі доўгія дзесяцігоддзі маліліся аб ёй, і яна прыйшла. Цяпер толькі неабходна належным чынам яе выкарыстаць, каб Хрыстова праўда не была спустошана сучаснымі секулярнымі тэндэнцыямі.

2. Нельга сабе ўявіць хрысціянства без Хрыста і Яго Евангелля. Папа Бэнэдыкт XVI навучае, што імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і гэтым самым выразны накірунак (пар. DCE 1). Гэтай Асобай з’яўляецца Езус Хрыстус. Аднак толькі дзякуючы Марыі, якая згадзілася з воляй Божай і нарадзіла Збаўцу, ажыццявіўся Божы план збаўлення. Таму сёлетні, і адначасова апошні, этап падрыхтоўкі да будслаўскага юбілею носіць выключны характар.

«Ad Jesum per Mariam» — «Да Езуса праз Марыю». Гэтая лацінская прымаўка вучыць, што Марыя як Маці Збаўцы з’яўляецца найбольш пэўным шляхам да Езуса — адзінага Збаўцы.

3. Евангелле, якое мы пачулі, распавядае пра сцэну Звеставання. Услухоўваючыся ў словы радаснага прывітання, з якімі арханёл Габрыэль звярнуўся да Марыі, неабходна звярнуць увагу на незвычайнае вымярэнне таямніцы Яе адкрыцця на дзеянне Бога і досвед у сваім жыцці Яго блізасці. У словах арханёла Габрыэля «Радуйся, поўная ласкі» (пар. Лк 1, 28) выражана праўда пра тое, што Марыя была Беззаганна Зачатай. Гэта азначае — была без першароднага граху.

Благаслаўлёны папа Пій IX яшчэ ў 1854 г. абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. З таго часу гэта з’яўляецца праўдай нашай веры. Аднак пры гэтым ён адзначыў, што Марыя атрымала прывілей Беззаганнага Зачацця дзеля будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста. Бог, выбіраючы Марыю для ажыццяўлення сваіх планаў, адарыў Яе неабходнымі ласкамі і дарамі, каб Яна магла выканаць даручанае Ёй заданне. Благаслаўлёны Ян Павел II у энцыкліцы «Redemptoris Mater» («Маці Збаўцы») падкрэслівае, што Бог адарыў Марыю поўнатою ласкі з любові да пагружанага ў грэх чалавецтва, якому Яна павінна была нарадзіць Збаўцу (пар. RM 9).

Вітаючы Марыю, арханёл Габрыэль сказаў Ёй: «Пан з Табою!» (Лк 1, 28). У гэтых словах выражаны дар прысутнасці Бога ў жыцці Марыі. Гэтая прысутнасць дадала Ёй адвагі прыняць Божую волю стаць Маці Збаўцы. І хоць Марыя была моцна збянтэжана такой прапановай, аднак прыняла яе. Бог выбраў Марыю, каб дзякуючы Яе згодзе змяніць свет, хаця гэтая згода далася Ёй нялёгка.

4. Збянтэжанасць Марыі нескладана зразумець. У габрэйскай культуры таго часу незамужняя цяжарная жанчына рызыкавала быць укаменаванай. Юзаф, заручаны з Марыяй, меў права не паверыць Ёй. Тады Яе бацькі і блізкія аказаліся б у складанай сітуацыі і былі б вельмі моцна расчараваны.

Збянтэжанасць Марыі — гэта натуральная справа, бо звычайна людзі баяцца невядомага. Рэчы, якіх мы не бачылі ці не зведалі, могуць выглядаць ашаламляльнымі.  

У старажытнасці, калі геаграфія яшчэ не была развіта дасканала, на мяжы мапы картографы часта пісалі: «Далей знаходзяцца драконы». Таксама і Марыя, калі так можна сказаць, знаходзілася нібы на тэрыторыі дракона, бо першыя словы арханёла замест таго, каб напоўніць Яе надзеяй, прынеслі трывогу. Таму Яе рэакцыя была зразумелай — Яна была збянтэжана.

Аднак у той жа час крытэрыем Яе жыцця была праўда: калі Бог чагосьці хоча, то хоча толькі дзеля дабра чалавека. І, даведаўшыся ад Божага пасланніка ўсю праўду, Марыя згаджаецца з Божай воляй і прамаўляе сваё слаўнае «Fiat» (пар. Лк 1, 38), якое змяніла свет.

5. Вельмі цяжка параўнаць нас да сітуацыі, у якой знаходзілася Марыя. Нічога не можа быць параўнана да статусу Маці Божага Сына. Якой бы незвычайнай не была гісторыя людзей, Марыя ўсіх нас у гэтым перавышае. Многія з нас зведалі ў сваім жыцці вялікія цяжкасці і ведаюць, што гэта такое. Мы нярэдка трапляем у сітуацыі, якіх не чакалі, не хацелі і не планавалі. І таму нашай першай рэакцыяй часта бывае шок, боязь і разгубленасць.

На самой справе няма людзей, якія б маглі сказаць, што ў іх жыцці ўсё ўдалося так, як яны запланавалі. Можна ісці ў заклад, што ніхто з нас не планаваў фінансавых цяжкасцяў, хваробы, сямейных праблем і г.д. Ніхто не планаваў і сусветнага фінансавага крызізу, які ўжо працягваецца некалькі гадоў і завяршэння якога нябачна ў бліжэйшай перспектыве. Ніхто не планаваў складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыі як у свеце, так і ў нашай краіне. Гэтую літанію можна працягваць без канца. Яна закранае як прыватнае жыццё чалавека, так і жыццё ўсяго свету, не выключаючы нашага грамадства.

Ёсць такі жарт: «Калі хочаш насмяшыць Бога, то зрабі планы на будучыню». Гэта не што іншае, як праўда, што Божыя планы не чалавечыя, а чалавечыя — не Божыя. Бог кіруе гісторыяй.

Пяць гадоў застаецца да юбілею стагоддзя Фацімскіх аб’яўленяў Марыі, у якіх яна ў 1917 г. прадказала гісторыю развіцця чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед Касцёла на нашых землях і яго адраджэнне. І так сталася, і мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі гэтага працэсу. Такім чынам, праз Марыю Хрыстус яшчэ раз паказаў, што Ён з’яўляецца Панам гісторыі, што Ён ставіць апошнюю кропку над «і», што Ён піша прама на крывых лініях гісторыі.   

6. Сёння ў будслаўскім санктуарыі мы праслаўляем Марыю не таму, што яна была вельмі вядомай у сваім асяроддзі, а таму, што такой не была. Веліч Марыі крыецца у тым, што яна, будучы звычайнай дзяўчынай, згадзілася з Божым выбарам насіць у сваім улонні Збаўцу і нарадзіць Яго свету. Гэтую ласку яна праславіла ў сваім велічным гімне «Magnificat», дзе кажа, што Бог учыніў Ёй вялікія рэчы (пар. Лк 1, 49).

У гісторыі збаўлення і гістрыі чалавецтва ёсць мноства прыкладаў, калі Бог дзейнічае падобным чынам. Ён выкарыстоўвае простых і пакорных людзей для вялікіх мэтаў. Таму пакора і нязломная вера — гэта тыя цноты, якім мы павінны вучыцца ў Марыі.

7. А як мы сябе ацэніваем па шкале пакоры? Гэта няпростае пытанне, тым больш у сучасным свеце. Хрысціянскае разуменне пакоры цесна звязана са згодай Марыі з Божай воляй. Хрысціянская пакора не мае нічога супольнага з пагардай адносна сваёй асобы, з прыніжэннем самога сябе ці з забыццём той незвычайнай годнасці, якую мае кожны чалавек як створаны па вобразу і падабенству Божаму. Пакорны чалавек — гэта той, які ведае ўсю праўду пра сябе. Ён ведае, што жыццё, годнасць, ласку збаўлення, свабоду і здольнасць да любові атрымаў дарма. Таму чалавек пакорнага сэрца найперш з’яўляецца кімсьці ўдзячным; удзячным Богу і людзям за атрыманыя дары і ласкі. Такой была Марыя. У той жа час пыха з’яўляецца адным з сямі смяротных грахоў.

У снежні 2011 г. ля берагоў італьянскага вострава Джыліё пацярпеў крушэнне турыстычны лайнер «Costa Concordia». У выніку загінула многа людзей і было знішчана судна, адно з найбольш сучасных. Даследаванне, аднак, паказала, што не тэхніка, а чалавек быў прычынай катастрофы. Менавіта капітан хацеў здзівіць турыстаў, што ён можа весці карабель нават там, дзе забаронена.

Падобных выпадкаў здараецца нямала, калі выключна чалавечы фактар, а асабліва ганарлівасць чалавека і недахоп цноты пакоры вядуць да катастрофы. Часта здараецца, што два вадзіцелі не могуць падзяліць дарогу. У выніку адбываецца аварыя, людзі атрымоўваюць калецтвы або нават гінуць. Потым прызнаецца памылка і віна, аднак ужо позна, і жыцця загінуўшых ніхто не верне.

Такім чынам, пыха становіцца прычынай многіх няшчасцяў.

Марыя згадзілася з воляй Божай, калі на Яго прапанову адказала: «Няхай Мне станецца паводле слова Твайго» (Лк 1, 38). Езус Хрыстус таксама адказаў падобным чынам на волю свайго Нябеснага Айца, калі дазволіў быць арыштаваным, катаваным, зняважаным і ўкрыжаваным. Калі б Марыя сёння фізічна прысутнічала сярод нас, то, напэўна, хацела б, каб мы разважалі не пра Яе, а пра Яе Сына — Езуса Хрыста. Таму што Бог збавіў чалавецтва менавіта праз Яго пакору. Аднак веліч Марыі ў тым, што шлях да збаўлення праходзіў праз Яе пакорную згоду з воляй Божай.

8. Праблема пакоры ў сучасным свеце з’яўляецца адной з найбольш актуальных. Сучасны чалавек імкнецца да самадастатковасці і абсалютнай незалежнасці. Божы закон для яго — нішто іншае, як абмежаванне свабоды. Ён імкнецца жыць не паводле Божага закону, а паводле закону, які сам сабе прыдумаў, які пры гэтым вельмі часта супярэчыць Божай волі.

І што мы ў выніку маем? Сям’я як галоўная клетка грамадства перажывае нябачны да гэтага крызіс. Жыццё — як самы вялікі Божы дар — такім ужо не лічыцца. А гэта вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуцыі і, як вынік, да напружанасці паміж рознымі цывілізацыямі і культурамі. Генетычныя эксперыменты і гендэрна-транссексуальныя тэндэнцыі пагражаюць годнасці чалавечай асобы, створанай паводле вобразу і падабенства Божага (пар. Быц 1, 26). Усё больш і больш распаўсюджваецца амаральнасць і разбэшчанасць, алкагалізм і наркаманія, расце сацыяльная несправядлівасць, злачыннасць і г.д.

9. Гэтыя і іншыя анамаліі сучаснасці з’яўляюцца нічым іншым, як вынікам адступлення ад маральных нормаў і ўпадку рэлігійнасці сучаснага чалавека. Усё гэта вядзе да дэмаралізацыі і дэструкцыі чалавецтва, асабліва маладых людзей.

У той жа час гісторыя сведчыць, што ніякая грамадская супольнасць не можа доўга трываць без захавання маральнага кодэксу. Таму прынцыповае пытанне сучаснасці ў тым, ці можа чалавек быць добрым без Бога?

Ёсць нямала людзей, якія называюць сябе веруючымі, а ў той жа час жывуць не захоўваючы Божага закону. Ёсць і такія, якія здаюцца добрымі і без Бога. Аднак Бог неабходны, каб захаваць маральнасць, бо калі няма Бога, то няма ні дабра, ні зла. Дабро і зло без Бога — гэта выключна суб’ектыўныя рэчы. Усім вядома, што прычыненая чалавеку крыўда — гэта зло. Аднак ёсць людзі, якія так не лічаць. У такой сітуацыі без маральнай праўды, якая ўзвышаецца над гэтымі двума поглядамі, немагчыма сцвердзіць, што наш апанент памыляецца. У такім выпадку мы можам толькі сказаць: «Асабіста я думаю, што гэта добра ці нядобра».

Вера ў Бога і захаванне маральнага закону выражае пачуццё таго, што існуюць межы, якіх мы не можам пераступіць. Незалежна ад таго, якое становішча ў грамадстве мы займаем і якая ў ім наша роля: у гаспадарцы, у палітыцы, у Касцёле — вера кажа нам, што ёсць нехта перад намі і над намі. Гэта Бог і Яго закон, які нам па прыкладу Марыі трэба з пакораю прыняць.

Без Бога і веры ў Яго дабро і зло — гэта толькі справа густу або тое, чым іх сабе прадстаўляе грамадства. Калі няма Бога, то маральным з’яўляецца тое, што такім разумее адна ці іншая культура. Аднак на самой справе гэта далёка не так.

Перасцерагае нас ад гэтага папа Бэнэдыкт XVI, указваючы, што існуе культура, у якой не лічыцца праўда, а толькі сенсацыя, дух паклёпніцтва і знішчэння; гэта культура, якая не шукае дабра і маральнасці, якая з’яўляецца маскай і накіравана на тое, каб сеяць хаос і разбурэнне, прадстаўляючы хлусню ў выглядзе праўды (пар. http://wiadomosci.onet.pl/swiat/benedykt-xvi-klamstwo-jawi-sie-jako-prawda-i-infor,1,5157617,wiadomosc.html).

Яшчэ старажытныя грэкі пакідалі нованароджаных няпоўнаспраўных дзяцей на вяршыні гары, каб там яны паміралі. Жывымі яны пакідалі толькі здаровых дзяцей і тых, якія добра выглядалі, бо гэта з рацыянальнага пункту гледжання было апраўдана. У той жа час юдэйска-хрысціянская традыцыя вучыць, што кожны чалавек як Божае стварэнне мае сваю годнасць, і таму такія паводзіны старажытных грэкаў нельга назваць апраўданымі з маральнага пункту гледжання.

Адсюль выснова: чалавек у сваёй дзейнасці павінен кіравацца незалежным ад яго маральным правам і абсалютнай праўдай, што і дае нам Створца. Сучаснаму чалавеку з яго недахопам пакоры і імкненнем да абсалютнай свабоды нялёгка гэта прыняць. Аднак гэта адзіны шлях, які вядзе да шчаслівага жыцця на зямлі і ў вечнасці.

10. Паглядзім на Езуса. Ён, сапраўдны Бог, пакорна прымаючы волю свайго Нябеснага Айца, здзейсніў справу збаўлення чалавецтва. Калі Ён быў прыбіты да крыжа, то выглядаў стварэннем, найбольш вартым жалю на зямлі. Аднак у той жа час Яго пракляцце стала нашым благаслаўленнем.

Калі Езус паміраў, то ад апоўдня да трэцяй гадзіны цемра ахапіла зямлю. Аднак потым засвяціла сонца. Калі Ён памёр, матчынае сэрца Марыі адчувала сябе прабітым мячом. Але Яе Сын уваскрос, і ў Яе сэрцы заззяла сонца. Напэўна, у хвіліну Звеставання Марыя нават не магла ўявіць сабе, што здарыцца з Ёю на Кальварыі. Аднак Яна не пабаялася драконаў, бо добра ведала, што такое цмок-забойца, і даверылася Богу.

11. Праблема веры ў Бога ў наш час з’яўляецца вельмі актуальнай. Сучасны свет перажывае крызіс веры. Як благаслаўлёны Ян Павел II, так і Бэнэдыкт XVI заклікаюць да новай евангелізацыі з мэтай ажыўлення веры. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI абвесціць Год веры 11 кастрычніка гг., які будзе шырока адзначацца і ў Беларусі. Папа падкрэслівае вострую неабходнасць вывесці чалавека з духоўнай пустыні да Хрыста, бо ў сучасным свеце хрысціяне больш клапоцяцца грамадскімі, культурнымі і палітычнымі справамі, чым сваёй верай, якая з’яўляецца шляхам да збаўлення (пар. PF 2–3).

У падрыхтоўцы да Года веры нам неабходна глядзець на пакору Марыю і браць з Яе прыклад. Ад таго, якой будзе наша вера і маральнасць, будзе залежаць і нашае жыццё.

Таму, дарагія браты і сёстры, не будзем баяцца заўтрашняга дня. Пойдзем у яго з верай і надзеяй. Даверымся Богу, як даверылася Марыя, і тады ў нашым сэрцы сваёю ласкай народзіцца Хрыстус. Гэта нялёгка. Аднак мы павінны памятаць: калі Бог з намі, хто ж супраць нас. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Ян Павел II. Энцыкліка «Redemptoris Mater» (RM).
  2. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Deus caritas est» (DCE).
  3. Бэнэлыкт XVI. Motu Proprio «Porta Fidei» (PF).
  4. http://wiadomosci.onet.pl/swiat/benedykt-xvi-klamstwo-jawi-sie-jako-prawda-i-infor,1,5157617,wiadomosc.html.
Адноўлена 09.07.2012 14:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі