Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў. Апытванне а чацвёртай раніцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.07.2012 10:37

Шлях пілігрыма складаны і ахвярны. У сёлетнюю спякоту складана было прайсці нават адзін дзень, а да фізічных нязручнасцяў дадаюцца яшчэ і духоўныя перажыванні. Але калі пілігрым дасягае сваёй мэты, усё перажытае толькі акрыляе яго, узносіць у вышыню. І гэта можна было заўважыць нават у чатыры гадзіны раніцы 7 ліпеня ў палатачным гарадку, дзе праходзіла праграма для моладзі.

Што кліча пілігрымаў у Будслаў, што дадае ім столькі сілы — кажуць самі пілігрымы.

Надзея Івашка (Івянец, пілігрымка Баранавічы-Будслаў)

Пілігрымку можна параўнаць з батарэйкай, якая надоўга напаўняе нас энергіяй. Гэта магчымасць вырвацца са штодзённасці: працы, вучобы — і прысвяціць шмат часу роздуму над жыццём. Хоць ішлі мы дзевяць дзён, аднак гэтыя дні даюць зарад і сілы на ўвесь наступны год, бо мы ўсе ідзём з малітвамі да Маці Божай, з просьбамі. Наша моц у веры, а спеў і танец, нават а чацвёртай раніцы — гэта наша праслаўленне Бога. І Пан сам дае сілы скакаць, нягледзячы на мазалі. Бог дапамагае заўжды і ва ўсім. Калі ты верыш і давяраеш Яму — Бог дае сілы і ўсе неабходныя ласкі.

Павел Вільтоўскі (Мінск, пілігрымка Баранавічы-Будслаў)

Шмат прычын кліча ў Будслаў. Пілігрымка — гэта кампанія аднадумцаў, якія прымаюць цябе такім, які ты ёсць, гэта шлях насустрач Пану, гэта магчымасць сустрэцца з сябрамі, з якімі пазнаёміўся ў пілігрымцы і толькі там, раз на год сустракаешся. Пілігрымка — гэта вялікая сям’я, супольнасць. Пілігрымка, як не дзіўна, не забірае моц, а дадае яе.

Ірына Петрусевіч (Мінск, пілігрымка салезіянаў Смаргонь-Будслаў)

Кліча сюды Маці Божая, якая мае Езуса. У пілігрымцы ёсць магчымасць лепш пазнаць сябе. Можна сказаць, што гэта своеасаблівыя рэкалекцыі для развіцця душы. Пілігрымка — гэта зарад добрых эмоцый і добрых пачуццяў.

Павел Лемех (пілігрымка Мінск-Будслаў)


У гэтым годзе я ішоў, каб знайсці і аднавіць сваю веру. У Будслаў, у пілігрымку кліча жаданне знайсці Хрыста і сябе, а гэтаму спрыяе малітва, канферэнцыі і разважанні.

С. Марына (Крамяніца)

У Будславе я ўпершыню. Прыехала паглядзець на беларускую каталіцкую моладзь, якая яна, як выражае сваю веру, наколькі моцная гэта вера. І тут сапраўды можна гэта ўбачыць.

А. Роберт Балек (Масква, пілігрымка Мінск-Будслаў)

Прайсці пілігрымку –— значыць перажыць пэўныя пакуты, пэўную небяспеку, якую можна пераадолець толькі давяраючы Богу. Ты адчуваеш прысутнасць Бога, Яго клопат. Як ты перажывеш пілігрымку — залежыць толькі ад цябе. Самае важнае ў пілігрымцы — прайсці не фізічны шлях, а зрабіць крокі наперад у сваім духоўным жыцці, наблізіцца да Бога. Пілігрымаванне — гэта таксама магчымасць паглядзець на сваю любоў да бліжніх — наколькі яна сапраўдная і шчырая.

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.