Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Гуджэроцці ў Будславе: вера беларускіх католікаў захапляе (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.07.2012 13:24

7 ліпеня ў Будславе ўрачыстай Імшой завяршыўся фэст у гонар Маці Божай. На пляцы перад базылікай сабралася вялікая каталіцкая супольнасць. Сярод удзельнікаў свята – біскупы Беларусі, прадстаўнікі ўлады на чале з губернатарам Мінскай вобласці Барысам Батурам, прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Падчас літургіі пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас перадаў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу копію цудоўнай фігуры Дзіцятка Езус Пражскага. Копіі пражскай святыні можна сустрэць у многіх касцёлах свету. Цяпер яна будзе змешчана і ў адным з касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Мітрапаліт Кандрусевіч назваў гэты жэст “знакам салідарнасці чэшскага Касцёла з Касцёлам у Беларусі”.

Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У гаміліі нунцый заклікаў пілігрымаў маліцца за Папу, каб, нягледзячы на ўзрост, ён меў сілы працягваць паказваць шлях да Хрыста паўсюднаму Касцёлу.

Прадстаўнік Святога Айца выказаў сваё захапленне верай беларускага народа, якая натхняе і ўмацоўвае іншых у веры.

“Маці Божая Будслаўская, глянь на гэты народ. Ты ведаеш тое, чаго не ведаем мы. Ты бачыш будучыню – захавай дзяцей сваіх!” – узнёс нунцый малітву за беларускі народ.

На заканчэнне літургіі адбылося благаслаўленне святароў, кансэкраваных асобаў і сужэнстваў, якія ў гэтым годзе адзначалі свой 25-ці або 50-гадовы юбілей. “Памнож ласку Духа Святога, каб былі вернымі слугамі Хрыста”, -- маліліся за святароў. Аб вернасці свайму пакліканню і прынесеным манаскім абяцанням прасілі для законнікаў і законніц. Аб здароўі, спакоі і аб вечнай радасці пасля доўгіх гадоў шчаслівага сумеснага жыцця прасілі для сужэнцаў.

Падчас набажэнства маліліся і за арцыбіскупа Гуджэроцці, які ў гэтым годзе адзначае 30-годдзе святарства. У падарунак іерарх атрымаў копію абраза Маці Божай Будслаўскай.

Да сустрэчы ў наступным годзе на святкаванні 400-гадовага юбілею прысутнасці цудоўнага абраза Маці Божай у Будславе!

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.