Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў гадавіну смерці кардынала Свёнтка

22 ліпеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл

«Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы»

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра абмалёўвае тэму сённяшніх чытанняў, а таксама ўспамін Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка ў першую гадавіну яго смерці.

Адзін чалавек, які нарадзіўся ў горадзе і не быў знаёмы з вясковым жыццём, са здзіўленнем назіраў наступную сцэну, якая адбылася на адной з фермаў. Фермер меў шмат кароў, якія пасвіліся на полі непадалёк. Нечакана на гэтае поле прыйшлі каровы з іншай фермы і змяшаліся з яго каровамі. Калі фермер прыйшоў, каб завесці кароў у сваё стойла і іх падаіць, то ён толькі іх паклікаў. Яны пачулі ягоны голас і пакорна пайшлі ў стойла. Іншыя ж каровы засталіся на полі.

2. Для вясковага чалавека гэтая гісторыя з’яўляецца нармальнай, а для гаражаніна можа здавацца дзіўнай. Аднак менавіта яна вельмі добра раз’ясняе сэнс сённяшняга першага чытання, у якім прарок Ерамія распавядае аб пастыры, якога авечкі не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца.

Прарок Ерамія прамаўляў да вясковых людзей, і ён добра ведаў, што яны разумеюць, як жывёла добрага гаспадара ідзе за ім, і толькі нядобры гаспадар дазваляе сваім авечкам рассейвацца і нават загінуць. Яго пасланне лідарам Ізраэля было вельмі моцным, бо яны не выканалі свайго абавязку і загубілі народ. Таму Бог пашле свайго лідара, каб усё аднавіў нанова. Авечкі будуць яго любіць і пойдуць за ім.

Калі Бог паслаў свайго Сына як пастыра, Ён сабраў не толькі дзяцей Ізраэля, але і язычнікаў. Ён паглядзеў на ўвесь свет і сказаў: усе авечкі Мае, таму ўсе прыходзьце да Мяне. Але каб гэта ўсё ажыццявіць, Ён заплаціў вялікую цану — праліў сваю кроў.

3. Мы, будучы тымі авечкамі, якія заблукалі, адначасова павінны быць тымі, якія слухаюць голас Хрыста, каб пайсці за Ім і вярнуцца да Ягонага статку. Вярнуўшыся, мы павінны самі стаць Ягонымі вучнямі, пакліканымі наглядаць за авечкамі, якія яшчэ не пачулі голасу Хрыста.

Толькі тады мы будзем шчаслівымі і не будзем мець нястачы, як кажа рэфрэн рэспансарыйнага псальма.

4. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем кардынала Казіміра Свёнтка, які год таму адышоў у дом нябеснага Айца. Ён быў сапраўдным пастырам і заўсёды клапаціўся пра даручаны яму Божым Провідам статак.

Колькі разоў смерць заглядала яму ў вочы? Колькі разоў здавалася, што з Касцёлам пакончана раз і назаўсёды? Колькі разоў смутак запаўняў яго сэрца? Аднак кожны раз ён верыў з надзеяй нават насуперак надзеі, што Бог знойдзе выйсце з кожнай, нават безнадзейнай сітуацыі.

Божы статак з-за пераследу веры і Касцёла застаўся без пастыраў, быў рассеяны і аддадзены на пагібель. Ксёндз Свёнтэк, будучы ў вязніцы і потым у канцэнтрацыйным лагеры, збіраў яго. З узрушэннем ён распавядаў, калі атрымаў свабоду і вярнуўся ў Пінск, што ў катэдры застаў вялікую колькасць вернікаў, якія маліліся самі, бо не было ксяндза. У фуфайцы ён выйшаў да алтара і сказаў: «Імша будзе, я святар».

Якую радасць і надзею ён тады прынёс вернікам! Нёс яе да канца свайго жыцця. Найперш падчас жорсткага пераследу верна служачы ўсім і клапоцячыся пра стан Божага дому. Менавіта, яго стараннямі была адноўлена ў тыя цяжкія часы пінская катэдра.  

Не забудуся, калі падчас візіту кардынала Юзафа Глемпа ў 1988 г. у пінскай катэдры ксёндз Казімір Свёнтэк перадаў шаноўнаму госцю ад рукі перапісаны малітоўнік і папрасіў завезці яго папу Яну Паўлу II як знак пабожнасці і глыбокай веры нашага народа.

Калі прыйшоў час свабоды і ён ва ўзросце 77 гадоў быў прызначаны біскупам і першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, ён не мог у гэта паверыць. Калі быў прызначаны кардыналам, то сказаў: «У тое, што я жывы выйду з лагера, я верыў, але не мог нават дапусціць думкі, што стану кардыналам».

З іменем кардынала Казіміра Свёнтка звязана адраджэнне і станаўленне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго структур, у тым ліку Канферэнцыі Біскупаў, мінскай катэдры, правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, заснаванне пінскай духоўнай семінарыі, баранавіцкага Катэхетычнага каледжа імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, выдавецтва «Pro Christo» і многае іншае.

Трываючая больш за год вельмі цяжкая хвароба стала ягонай кальварыяй. Аднак, перажываючы яе, ён заўсёды заставаўся аптымістам і жыў надзеяй. Калі я яго наведаў пасля аперацыі на зламанай шыйцы сцягна, ён у мяне спытаўся, ці паеду я на беатыфікацыю кс. Ежы Папялушкі, якая набліжалася. Я адказаў, што гэта немагчыма, бо будзе працэсія Божага Цела. А ён мне сказаў: «А я збіраюся». Вось прыклад надзеі, нават насуперак надзеі.

4. Кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў на нашай зямлі бачны след Добрага Пастыра, які клапоціцца пра свой статак. Ён быў знакавай фігурай нашай Бацькаўшчыны. Яго жыццёвы прыклад, ахвярнае служэнне Богу і Касцёлу і надзея павінны падбадзёрваць нас, каб мы жылі паводле Евангелля, а калі заблукаем, каб слухалі Пастыра Езуса Хрыста, які ёсць у сваім Касцёле і які збірае нас, рассеяных, каб аднавіць і вярнуць на шлях святасці.

Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, удзячны кардыналу Казіміру Свёнтку і сёння моліцца аб Божай міласэрнасці для яго.

Прымі, Божа, свайго вернага слугу ў сваё Валадарства, падобна таму, як ён, быццам марафонец, падчас свайго доўгага жыцця мужна і ахвярна вёў людзей да Цябе, каб ён быў яшчэ адным нашым заступнікам у небе і благаславіў нас з дому Нябеснага Айца. Амэн.
 

Адноўлена 20.07.2012 12:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі