Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята Найсвяцейшага Імя Марыі

12 верасня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння галоўнае свята мінскай архікатэдры — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ці ведаем мы, якое хрысціянскае значэнне мае Імя Марыі? «Марыя» — на габрэйскай мове «Мірыям» — азначае «прыгожая». Хрысціянская традыцыя ў мастацкіх творах прадстаўляе Марыю як сапраўды вельмі прыгожую жанчыну. Аднак тут мова ідзе аб духоўнай прыгажосці. На самой справе Марыя — гэта прыгожа квітнеючая Божая кветка. Набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі вядома ад пачатку хрысціянства. Аднак яе Імя асаблівым чынам праслаўляецца ад XVII стагоддзя, ад перамогі караля Яна Сабескага над туркамі пад Венай. Менавіта ён перад рашучай бітвай сказаў: «Пойдзем у бой з даверам Богу і з дапамогай Найсвяцейшай Панны Марыі!» Такім чынам, давяраючы Богу і Марыі, ён абараніў хрысціянства ў Еўропе ў далёкім XVII стагоддзі. Папа Інакенцій XI ва ўспамін гэтай перамогі ўстанавіў у Паўсюдным Касцёле свята Імя Марыі. Гэтае свята павінна нам нагадваць, што ў нашых патрэбах мы найперш павінны звяртацца да Бога праз пасрэдніцтва Марыі, бо з тых, хто звяртаўся да яе з просьбай аб дапамозе, ніхто не застаўся не выслуханым, як кажа св. Бэрнард.

2. Усе мы добра ведаем, што найбольш папулярным і найчасцей ужываным словам у дзяцей з’яўляецца слова «мама». Дзеці ведаюць, што праз гэтае імя яны заўсёды атрымаюць дапамогу.

Мы ўсе з’яўляемся духоўнымі дзецьмі Марыі. Езус Хрыстус з дрэва крыжа праз асобу св. Яна, апостала, пакінуў нам яе як нашу духоўную маці. І таму мы, як яе дзеці, павінны прыбягаць да яе дапамогі.

Святы апостал Павел нагадвае пра тое, што ёсць толькі адзін пасрэднік паміж Богам і чалавекам — Езус Хрыстус. Так ёсць таму, што Ён адначасова з’яўляецца і Богам, і чалавекам — уцелаўлёным Богам. Ён адзіны сапраўдны чалавек і сапраўдны Бог. Менавіта таму Ён, калі можна так выказацца, мае адну нагу на Божай старане, а другую — на чалавечай. Пасрэднік — гэта той, хто дзейнічае паміж двума супрацьлеглымі бакамі з мэтай іх памірыць.

3. Усё гэта, аднак, не азначае, што нехта іншы не можа заступіцца за нас і быць нашым пасрэднікам, асабліва калі дзейнічае ад імя Хрыста. Вельмі добра пра гэта нагадвае евангельскі аповед пра сотніка, які прасіў Езуса вылечыць яго хворага слугу. Сотнік кажа Езусу: «Я не лічу самога сябе годным прыйсці да Цябе, але скажы толькі слова і выздаравее мой слуга». Мы бачым, што калі мы прамаўляем тыя ж самыя словы перад святой Камуніяй  — Пане, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова і выздаравее мая душа, — мы на самой справе павінны задумацца над тым, ці мы на самой справе годныя стаць перад Богам. Ці, можа, хтосьці іншы за нас гэта ўчыніць, асабліва той, каго мы просім і каму давяраем?

4. Менавіта аб гэтым нам нагадвае сённяшняе свята: што мы павінны прыбягаць да Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Імя гаворыць пра асобу і нагадвае, кім ёсць гэтая асоба. У той жа час у кожным імені ёсць нейкая моц, аб чым мы ведаем са штодзённага жыцця, калі хадайніцтва аднаго ўплывовага чалавека можа зрабіць вельмі шмат. На жаль, у штодзённым жыцці чалавек нярэдка гэта выкарыстоўвае ў нядобрых мэтах.

Імёны Езуса і Марыі — гэта тыя імёны, якіх не можа перанесці злы дух, бо гэта найбольш уплывовыя імёны ў свеце. Калі мы просім заступніцтва Марыі ў яе Сына, тады мы маем гарантыю, што наша духоўная маці сапраўды заступаецца за нас і з’яўляецца нашым пасрэднікам. Гэта азначае, што мы не застаёмся сам-насам з Богам, але ідзем да Яго дзякуючы пасрэдніцтву Марыі. Прызнаючы сябе саміх нягоднымі, мы просім яе заступніцтва. Яна, будучы маці Збаўцы, адначасова з’яўляецца нашай маці, і гэта дае нам вялікую надзею, бо нашы просьбы да Збаўцы ідуць праз Яго маці. Такім чынам яны набіраюць большую вагу і з’яўляюцца больш дасканалымі.   

Усё гэта нагадвае аб тым, як мы павінны разумець праўду аб адзіным пасрэдніку паміж Богам і чалавекам. Дзякуючы Марыі — маці Збаўцы і маці збаўленага чалавецтва — гэтае пасрэдніцтва становіцца больш надзейным і эфектыўным.

5. Іменем Марыі кароль Ян Сабескі перамог туркаў. Нашы продкі падчас ганенняў на веру прыбягалі да Марыі, яны ўзгадвал яе імя і верылі ў яе дапамогу. І мы дачакаліся новых часоў свабоды веравызнання.

Аднак д’ябал не спіць. Хто стане сучасным Янам Сабескім? Хто абароніць Еўропу ад націску секулярызму і лібералізму, калі зноў распачаліся ганенні на веру — дэмакратычным спосабам, праз прыняцце супярэчных Божаму праву законаў, калі зноў спілоўваюцца крыжы, як гэта здарылася зусім нядаўна 17 жніўня 2012 г. у Кіеве і таксама ў многіх гарадах Расіі, дзе ўжо спілавалі больш за 25 крыжоў? У Галандыі пайшлі яшчэ далей. У межах арт-фестывалю GOGBOT на свята Нараджэння Марыі 8 верасня гэтага года ўкраінскія феміністкі пад апладысменты гледачоў спілавалі ўстаноўленыя арганізатарамі тры крыжы. Гэтую акцыю яны назвалі сакрамэнтам крыжапілавання, сцвярджаючы, што крыжы — гэта стрэмкі на целе цывілізацыі, а бензапілы — скальпелі, якія збаўляюць хворых ад цярпенняў. Яны і далей выказваюць намер пілаваць крыжы, каб, паводле іх слоў, выканаць місію санітараў гісторыі (пар.http://news.mail.ru/inworld/ukraina /global/112/society/10181357/?frommail =1).

Таксама і ў нас здараюцца выпадкі спілоўвання крыжоў і вандалізму на могілках і іншых святых месцах.

6. Вось да чаго дайшоў сучасны чалавек у часы свабоды веравызнання! Куды далей? Хто дапаможа? Ці за такую свабоду цярпелі падчас ганенняў на веру і нават аддавалі жыццё нашы продкі?

Перапрашаючы Бога за новыя адступленні ад веры ў часы свабоды веравызнання, звернемся да імя Марыі: «Наша маці духоўная, ты ўжо не аднойчы ўратавала наш народ і Еўропу ад дэхрысціянізацыі. Глянь міласціва на нас, якія ўшаноўваюць тваё імя, і выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы ласку навяртання адышоўшым ад Бога. Абарані нашу краіну, Еўропу і ўвесь свет ад новых праяўленняў сатанізму і дэхрысціянізацыі, каб сучасны чалавек зразумеў, што дарога без Бога вядзе ў нікуды, і будаваў сваё жыццё на заўсёды актуальных прынцыпах Евангелля». Амэн.

Адноўлена 12.09.2012 21:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі