Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на заканчэнне 2012 і распачацце Новага 2013 года

Праслаўляць Бога

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Ужо зусім хутка нашы гадзіннікі пакажуць поўнач, з якой адыдзе да гісторыі год Панскі 2012 і распачнецца Новы 2013.

У антычным рымскім календары назва кожнага месяца мела сваё значэнне. Напрыклад, люты (Februarius) атрымаў сваю назву ад паганскага свята (februa). Некаторыя іншыя месяцы атрымалі назвы ад імён паганскіх багоў: сакавік (Marcius) — ад бога вайны Марса, май (Maius) — ад багіні Мая, чэрвень (Junius) — ад багіні Джуна, ліпень і жнівень (Julius i Augustus) — ад імператара Юлія і яго наследніка Аўгуста, верасень, кастрычнік, лістапад і снежань (Septembris, Octobris, Nobembris i Decembris) атрымалі назвы ад лацінскіх нумароў сем, восем, дзевяць і дзесяць.

І толькі месяц студзень у старажытным рымскім календары мае спецыфічную назву — Januarius. Лацінскае слова janua азначае дзверы ці акно, праз якія чалавек мог глядзець у два бакі — уперад і назад. Гісторыкі кажуць, што слова Januarius паходзіць ад імя паганскага бога Януса (Janus), які сцярог жыллё. Яго малявалі як бога, які глядзіць адначасова ўперад і назад.

Цяпер, калі мы знаходзімся на дарозе ў Новы год, то, натуральна, аглядваемся назад і заглядваем у будучыню.

Што ж мы бачым на шляху, які перажылі?

Напэўна, розныя катэгорыі людзей будуць па-рознаму ацэньваць год, які завяршаецца. Для эканамістаў гэта быў час, які не вырашыў праблем эканамічнага крызісу. У многіх краінах ён нават пагоршыўся.

З палітычнага пункту гледжання гэты год быў вельмі складаным, а ў многіх краінах Паўночнай Афрыкі прывёў да кардынальнай змены сацыяльна-палітычнай сітуацыі.

Навукоўцы, асабліва ў галіне ядзернай фізікі, ганарацца тым, што менавіта ў 2012 г. яны падыйшлі да адкрыцця славутага і няўлоўнага дагэтуль базону Гіггса — элементарнай часткі, якая адказвае на пытанне, як у выніку так званага вялікага выбуху з’явілася матэрыя.

Спартсмены ўспамінаюць лонданскую Алімпіяду, яе дасягненні і правалы, у тым ліку і нашай краіны, калі Беларусь заваявала вельмі мала медалёў.

А якім быў 2012 год з пункту гледжання жыцця як Паўсюднага Касцёла, так і Касцёла ў Беларусі і ўвогуле рэлігіі?

Галоўнай яго падзеяй быў прысвечаны новай евангелізацыі для перадачы веры Сінод Біскупаў, які адбыўся ў Ватыкане 7–28 кастрычніка. Біскупы з усяго свету выказалі свой непакой крызісам веры і засяродзілі ўвагу на пошуку шляхоў яе адраджэння ў секулярным свеце. Сінод быў узбагачаны распачаццем 11 кастрычніка Года веры, мэтай якога з’яўляецца абуджэнне веры і яе ўмацаванне.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі — гэта новыя святарскія пасвячэнні і новыя пакліканні. Гэта таксама апошні этап падрыхтоўкі да святкавання ў наступным годзе 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў, у якім асаблівае месца займае перэгрынацыя гэтага абраза па нашых парафіях. Гэта таксама выданне новых кніг, сярод якіх неабходна адзначыць першае выданне Святога Евангелля на сучаснай беларускай мове і выданне першага тома Літургіі гадзін. Гэта таксама праведзены ў Гродне I Кангрэс каталіцкіх медыя і вельмі значнае пашырэнне прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў СМІ, асабліва на тэлебачанні. Гэта будаўніцтва новых касцёлаў. Гэта таксама развіццё пілігрымкавага руху ў розныя санктуарыі, як у Беларусі, так і за мяжой. І многае іншае.
 
За ўсё гэта мы павінны сёння дзякаваць Богу і Яго праслаўляць. Усё гэта — не што іншае, як Ягоная ласка.

Успамінаючы сёння нашы дасягненні, мы добра ўсведамляем, што не заўсёды дадзеныя нам Богам магчымасці і дары былі выкарыстаны належным чынам. За гэта мы павінны перапрашаць Бога і рабіць адпаведныя высновы, каб у будучыні не паўтараць памылак і не наступаць на тыя ж самыя граблі. Зграшыць і памыліцца — гэта па-чалавечы, але трываць у граху і памылцы і не старацца выправіцца — гэта ўжо д’ябальская справа.

Дзякуючы Богу за Яго ласкі і дары і перапрашаючы за недахопы, мы павінны зазіраць у будучыню. Кожны Новы год — гэта новы перыяд нашага жыцця, з якім мы звязваем нашы надзеі.

З каго мы павінны браць прыклад, уваходзячы ў Новы год?

Першы дзень Новага года ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны Марыі Багародзіцы. Праз прызму праўды аб збаўленні гэта даволі лёгка зразумець. Новы час, як час ласкі і збаўлення, распачаўся ад таямніцы Звеставання, калі Марыя выказала сваю згоду з Божай воляй. Тады пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы, нараджэнне якога мы цяпер святкуем.

Прыклад Марыі заахвочвае нас у распачынаючымся Новым годзе кожны дзень выказваць нашу згоду з Божай воляй. Толькі тады ў нашым жыцці будзе прысутны Хрыстус, як Ён быў прысутны ў жыцці Марыі. Яго прысутнасць будзе змяняць нас, будзе абагаўляць нас, будзе весці дарогай шчасця.

Таксама першы дзень Новага года ў Касцёле адзначаецца як Сусветны дзень міру. Гэтым самым у першы дзень Новага года Касцёл заахвочвае нас будаваць мір. А мір у свеце будзе толькі тады, калі ён найперш будзе ў нашых сэрцах. Гэты мір прынёс у наш свет Езус, падчас нараджэння якога анёльскія хоры спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Тэма сёлятнега Дня міру — «Благаслаўлёныя міратворцы». Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сёлетнім Пасланні на Дзень міру канцэнтруецца на наступных аспектах: права на жыццё, на рэлігійную свабоду і на працу; неабходнасць новай мадэлі развіцця сусветнай гаспадаркі і роля сям’і. Таму, распачынаючы Новы год, як час новай надзеі, папросім Бога, каб у сучасным геданістычным свеце рэалізавалася права на жыццё кожнага чалавека — народжанага і ненароджанага. Папросім аб захаванні рэлігійнай свабоды, бо ў многіх краінах рэлігія, асабліва хрысціянства, пераследуецца вельмі моцна. Дастакова прыпомніць, што ў годзе, які завяршаецца, больш за 100 тысяч хрысціян загінулі за веру. Папросім, каб усе людзі мелі працу і каб была пераможана праблема беспрацоўя. Папросім, каб сучасная сусветная гаспадарка, якая ўсё больш глабалізуецца, кіравалася этычнымі нормамі і не паглыбляла няроўнасці паміж багатымі і беднымі. Папросім, каб сучасныя сем’і былі моцнымі Богам і хатнімі Касцёламі, дзе да міру і шчасця выхоўваецца новае пакаленне людзей.

Божа, Ты праз Уцелаўленне Твайго адзінароднага Сына праявіў сваю бязмежную любоў да чалавека, адары нас ласкай любіць Цябе і нашых бліжніх, як саміх сябе, каб Марыя спадарожнічала нам на дарогах 2013 года і каб гэты Новы год быў для нас часам адраджэння веры, ажыццяўлення надзеі і ўмацавання любові на хвалу Бога і для збаўлення людзей. Амэн.

Адноўлена 30.12.2012 18:53
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі