Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды распачацця канклаву
12 сакавіка 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Буду на векі праслаўляць ласкі Пана
(пар. Пс 89(88), 2)


1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэты рэфрэн сённяшняй святой Імшы ў інтэнцыі выбару новага Папы вельмі добра перадае пачуцці нашых сэрцаў. У апошнія часы Касцёл меў вельмі добрых і адданых Богу і людзям Пантыфікаў. Мы верым, што і далей Хрыстус не пакіне свой Касцёл, і ім будзе кіраваць адпаведны нашым часам Наступнік святога Пятра.

2. Каталіцкі Касцёл сёння перажывае незвычайны час. Гэтая святая Імша ў мінскай архікатэдры Імя Марыі цэлебруецца акурат у тую самую гадзіну, калі ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане распачынаюцца выбары новага Папы пасля таго, як 28 лютага гэтага года Бэнэдыкт XVI сышоў з пасады Біскупа Рыма. Упершыню амаль што пасля 600 гадоў выбіраецца новы Пантыфік пры жывым былым.

Як паўсюдны Касцёл, так і Касцёл у Беларусі бязмежна ўдзячны папу Бэнэдыкту XVI за мужнае кіраванне ім у складаных абставінах нашага часу, за пропаведзь евангельскага радыкалізму, як лекаў на хваробы секулярызму, за абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў, за развіццё міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялога, за заклік да ўсталявання міру на зямлі і г.д.

2. Папа адышоў, але Папа павінен быць, бо ён Наступнік святога апостала Пятра. У Цэзарэі Філіпавай Хрыстус даў апосталу Пятру права першынства ў Касцёле, якое называецца прыматам. «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Мц 16, 18-19), — сказаў яму Хрыстус. Езус таксама сказаў, што моліцца за Пятра, каб не знікла яго вера і каб ён умацоўваў іншых у ёй (пар. Лк 22, 32). А пасля свайго Уваскрасення Хрыстус наказаў яму пасвіць Ягоных авечак (пар. Ян 21, 17).

Пётр, як чалавек, памёр, і яго грабніца знаходзіцца ў падзямеллях Ватыканскай базылікі, прысвечанай яго імені. Але Пётр, які ад Хрыста атрымаў уладу прымату ў Касцёле і які з’яўляецца Яго Вікарыем, павінен жыць вечна, бо да канца свету неабходна духоўна апякаць людзей і ўмацоўваць іх веру.

У гэтую гадзіну незвычайнай адказнасці за Касцёл і яго лёс мы малітоўна яднаемся з кардыналамі-выбаршчыкамі і ўслуховаемся ў голас Бога, які сёння прамаўляе да нас словамі імшальных чытанняў.

3. Першае, узятае з кнігі прарока Ісаі, чытанне прадстаўляе візію Месіі, а менавіта абвяшчаць год ласкі Пана (пар. Іс 61,2), — гэта азначае абвяшчаць час Божай міласэрнасці. Менавіта яе патрабуе сучасны, пагружаны ў імкненні да самадастатковасці свет і таксама Касцёл, які знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел II казаў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца мяжой зла.

Пасланне Хрыста стала пасланнем усяму святарскаму чыну. Праз святарскае намашчэнне слугі алтара пасланы абвяшчаць Евангелле для перадачы веры, асвячаць людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і праз служэнне любові будаваць хрысціянскую супольнасць. Гэтым самым яны пасланы абвяшчаць год ласкі Пана. Асаблівая роля ў гэтым працэсе належыць Наступніку апостала Пятра, які з’яўляецца бачнай галавой Касцёла і пунктам еднасці.

Божая міласэрнасць не з’яўляецца філантропіяй і не баналізуе зла. Гэта прыкмета Бога, Яго асаблівасць. Хрыстус і далей нясе цяжар зла і яго нішчыць у полымі сваёй любові. Менавіта так трэба разумець словы першага чытання, што Бог пасылае Месію не толькі каб абвяшчаў год ласкі, але і дзень помсты (пар. Іс 61,2). Год ласкі і дзень помсты спатыкаюцца ў памерлым і ўваскрослым Хрысце, у пасхальнай таямніцы, святкаваць якую мы рыхтуемся. Бог у асобе Хрыста стаў ахвярай за нашы грахі і далей церпіць за нас.

У другім чытанні, узятым з Паслання святога апостала Паўла да Эфэсцаў, Апостал народаў нагадвае пра розныя паслугі ў Касцёле і заклікае да ўзрастання ў веры, каб мы не былі падобнымі да дзяцей, якіх хістаюць і захапляюць усялякія ветры навукі, каб падманам і хітрасцю завесці на бездарожжа фальшу (пар. Эф 4, 11-14).

Гэтая заўвага святога Паўла з’яўляецца вельмі актуальнай і ў наш час. Колькі фальшывых вучэнняў, філасофій, ідэалогій дэфармуе сучасны свет і негатыўна ўплывае на веру! Вучэнне Евангелля ігнаруецца і нават пагардліва называецца сярэднявеччам і адсталасцю. Маральны ж рэлятывізм, гэта азначае зменнасць маральных норм у залежнасці ад абставін і адмаўленне ад абсалютнай праўды, прымаецца за дасягненне сучаснасці.

У такіх абставінах нашым арыенцірам заўсёды павінен заставацца Хрыстус. Таму дарослая вера — гэта такая вера, якая ідзе супраць плыні і глыбока ўкаранёна ў Хрыста, каб мы маглі адрозніць праўду ад фальшу. А гэтага так патрабуе сучасны свет!

У Евангеллі Езус называе апосталаў сябрамі і кажа, што не яны Яго выбралі, але Ён іх выбраў і прызначыў, каб яны ішлі і прыносілі плён і каб іх плён трываў (пар. Ян 15, 15-16). У гэтых словах паказана дынаміка жыцця хрысціяніна і Касцёла.

4. Касцёл не можа стаяць на месцы. Ён заўсёды павінен ісці наперад, ісці, чытаць знакі часу і на іх адказваць. Старая лацінская прыказка кажа: «Qui non progredit — regredit» — «Хто не ідзе наперад, той адступае назад».

Гэту праўду добра зразумеў і ў сваіх дакументах прадставіў Другі Ватыканскі Сабор. Яе ажыццяўлялі ўсе паслясаборныя Пантыфікі, пачынаючы ад Паўла VI, праз Яна Паўла II і завяршаючы Бэнэдыктам XVI. Прычым апошнія шмат разоў нагадвалі пра тое, што вучэнне Сабору застаецца актуальным і яшчэ далёка не рэалізавана. Таму заданнем Касцёла ў наш час ёсць поўнае ажыццяўленне саборнага вучэння з мэтай сапраўднага аднаўлення Касцёла, каб ён мог паспяхова ажыццяўляць сваю місію ў новых абставінах.

5. Сёння, на канклаве, які распачынаецца, Касцёл уваходзіць у новы этап свайго падарожжа. Яму патрэбны адпаведны выклікам і патрабаванням часу Пантыфік, які мужна павядзе касцёльны карабель па ўзбураных хвалях сучаснага акіяну бездухоўнасці і прывядзе яго да духоўнага рэнесансу, каб усе вернікі ў Хрыста тварылі новы свет і новую цывілізацыю.

Падчас распачацця канклаву мы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія сабраліся ў мінскай архікатэдры, давяраючы Божаму Провіду і дзеянню Святога Духа, праз заступніцтва Марыі — Маці Касцёла — молім Цябе, Пане Езу: пасля такіх вялікіх Пантыфікаў, якімі былі благаслаўлёны Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI, пашлі свайму Касцёлу новага Пятра нашага часу паводле Твайго сэрца. Пашлі таго, які сапраўды будзе скалой, на якой Ты будзеш далей будаваць свой Касцёл. Пашлі пастыра, які павядзе нас у новае, напоўненае Тваім Евангеллем заўтра, каб мы навекі праслаўлялі Пана, аднаўлялі ў сабе надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), і жылі моцнай верай, як гарантам шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці. Амэн. 

Адноўлена 12.03.2013 21:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі