Кардынал Курт Кох: Касцёл у Беларусі хоча працаваць |
Інтэрв'ю |
15.11.2011 15:49 |
«Каталіцкі Касцёл у Беларусі жывы. Ён сведчыць сваю веру і ставіць перад сабою шмат выклікаў, хоча працаваць, быць актыўным», — адзначыў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю для Сatholic.by. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прыбыў у Мінск для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі па праваслаўна-каталіцкім дыялогу. — Ваша Эмінэнцыя, ад імя наведвальнікаў Сatholic.by шчыра вітаем Вас у Беларусі. Вы прыбылі, каб прыняць удзел у Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праваслаўна-каталіцкаму дыялогу. Хацелася б у нашай размове закрануць некаторыя аспекты экуменічнага і міжканфесійнага дыялога. Скажыце, калі ласка, на якіх пытаннях на сённяшні дзень сканцэнтраваны дыялог паміж хрысціянскімі Цэрквамі? Якія праблемы ў адносінах Цэркваў удалося вырашыць дагэтуль? — Гэта дастаткова шырокае пытанне, таму што існуе вялікая розніца ў адносінах да праваслаўных Цэркваў і да пратэстанцкіх Цэркваў. Мы ведаем, што ў адносінах да праваслаўных, што датычыць веры і царкоўнага ладу, мы вельмі блізкія, і таму пытанняў менш, аднак самае вялікае пытанне, якое абмяркоўваецца, — гэта прымат Біскупа Рыма. — Якія перспектывы міжхрысціянскага дыялога ў сучасным свеце? — Кожны дыялог мае свае пытанні, тэмы. Кожны дыялог таксама з’яўлецца непаўторным працэсам. Напрыклад, з пратэстанцкімі Цэрквамі існуе пытанне іх разумення, разумення іх царкоўнага ладу і г.д. У адносінах з Праваслаўнай Царквой больш спецыфічныя пытанні, як, напрыклад, мы казалі вышэй — першынство Папы. — Учора Вы сустракаліся з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. У размове Вы падкрэслілі, што атмасфера паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі досыць прыемная, адносіны добрыя. На Вашу думку, у якіх сферах католікі і праваслаўныя ў нашай краіне маглі б найбольш паспяхова супрацоўнічаць? — Так, я бачу станоўчыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў вашай краіне. Гэта цешыць. Адно з пацвярджэнняў гэтаму — дадзеная канферэнцыя, на якой католікі і праваслаўныя супольна абмяркоўваюць хрысціянскія каштоўнасці. Добра працягваць такую традыцыю. Мы можам разам даваць сведчанне веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Сёння вельмі шмат гаворыцца пра новую евангелізацыю. Я ўпэўнены, што гэта мы можам рабіць разам, бо толькі разам мы можам лепш і правільна сведчыць Хрыста і тое, што Ён нёс у свет. — Ваша Эксцэленцыя, Вы прыехалі на канферэнцыю па праваслаўна-каталіцкім дыялогу. Сёння яна ўжо завяршаецца. На Вашу думку, ці ўдалося знайсці адказы на выклікі сучаснага свету? Якія гэта адказы? — Дакладчыкамі быў узняты спектр усіх магчымых пытанняў. Перспектывы розныя і вельмі багатыя. Таму, думаю, гэта было вельмі карысна для ўсіх удзельнікаў. Безумоўна, складана даць канкрэтныя рэцэпты, канкрэтныя адказы. Самае важнае, каб далей разважалі пра гэта. Як было сказана, існуе шмат магчымасцяў: абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў, прыроды. Аднак усё гэта магчыма толькі тады, калі будзе вера, вера ў Трансцэндэнтнага. — Як Вы ацэньваеце вынікі візіту ў Беларусь? Якім Вам запомніцца Каталіцкі Касцёл у нашай краіне? — Каталіцкі Касцёл у Беларусі жывы. Ён сведчыць сваю веру і ставіць перад сабою шмат выклікаў, хоча працаваць, быць актыўным. Я вельмі рады гэта бачыць. Так, напрыклад, у мінскай архікатэдры я ўбачыў шмат вернікаў, шмат дзяцей, я адчуў іх веру. Гэта таксама дае мне вялікую надзею і ўпэўненасць у тым, што тут Каталіцкі Касцёл і яго жыццё ідзе ў добрым кірунку. Жадаю, каб Касцёл у вашай краіне мог квітнець і даваць сведчанне пра Хрыста. — Дзякую за размову. Размаўляў кс. Юрый Марціновіч |