Генеральны сакратар «Caritas Europa»: кожны хрысціянін пакліканы быць валанцёрам |
Інтэрв'ю |
27.01.2012 13:54 |
«Ёсць рэчы, якія нельга купіць за грошы. Такою з’яўляецца любоў, якую ты аддаеш і атрымліваеш, служачы іншым», — сцвердзіў генеральны сакратар «Caritas Europa» Хорхе Нуньё Маер, акрэсліваючы сэнс валанцёрскага служэння ў інтэрв’ю для Catholic.by. — На Вашую думку, кім з’яўляецца валанцёр і хто ім можа стаць? — Кожны хрысціянін пакліканы быць валанцёрам. Мы, хрысціяне, жывём у грамадстве і павінны несці іншым Добрую Вестку, у тым ліку праз валанцёрскую дзейнасць. Нават калі разглядаць гэтую тэму не з пункту гледжання «Карытас» як дабрачыннай арганізацыі Касцёла, то ў любым мястэчку знойдуцца людзі, якія жадаюць быць дабравольцамі ў чыненні дабра. — Людзі з адкрытымі сэрцамі да патрэбаў іншых, безумоўна, ёсць. Але як падштурхнуць іх да дзейнасці? — На маю думку, гэта цэлы адукацыйны працэс, які пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве і адбываецца ў сям’і. Дзіця ўжо з малых гадоў можа вучыцца чыніць дабро для сваіх блізкіх. Гэта могуць быць самыя простыя рэчы. Натуральна, што ўсведамленне таго, наколькі важна чыніць дабро іншым, пачынаецца ў раннім дзяцінстве. Галоўнае — даць зразумець дабравольцам, што праз валанцёрства адбываецца пазнанне іншых людзей, а служэнне ім спрыяе адкрыццю здольнасцяў працы з людзьмі. Быць валанцёрам — гэта значыць не толькі даваць, але і атрымліваць. Атрымліваць не грошы, а задавальненне ад той усмешкі, якою можа адарыць пажылы чалавек ці маленькае дзіця, задавальненне ад таго, што робіш для іншых. Вельмі важна, каб перад распачаццем валанцёрскай дзейнасці чалавек азнаёміўся з існуючымі праблемамі ў грамадстве, пазнаў псіхалогію хворых і каштоўнасці, якімі яны жывуць. Ёсць рэчы, якія нельга купіць за грошы. Такою з’яўляецца любоў, якую ты аддаеш і атрымліваеш, служачы іншым. Валанцёрства адыгрывае важную ролю ў будаванні адносінаў паміж людзьмі. — У якіх сферах найбольш запатрабавана дапамога валанцёраў сёння? — Валанцёрства — гэта старадаўняя метадалогія Каталіцкага Касцёла, якая мае тры прынцыпы: убачыць — падумаць — зрабіць. Не толькі кіраўніцтва павінна ўказваць валанцёрам на кірункі іх дзейнасці. Валанцёры самі павінны ўмець аналізаваць сітуацыю і разумець, што неабходна для канкрэтнай вёскі. Другім важным аспектам з’яўляецца разуменне сваёй працы: з кім працаваць і як працаваць. Ведаючы валанцёрскія прынцыпы, дабравольцы будуць разумець, што яны не проста інструменты, а што яны запатрабаваны і важныя ў грамадстве. — У Беларусі валанцёрства знаходзіцца на пачатковым этапе. На Ваш погляд, які сур’ёзны крок мы павінны зрабіць для развіцця гэтага кірунку? — У маіх вачах «Карытас» у Беларусі — вельмі актыўная арганізацыя. Важна, што ў ёй задзейнічаны таксама валанцёры, якія жадаюць дапамагаць патрабуючым. Гэта ўжо, на маю думку, вельмі важны крок у развіцці. Для таго ж, каб валанцёрская дзейнасць развівалася, варта выконваць тры крокі. Кожны з іх вельмі значны. Першы — азнаямленне людзей з існуючымі праблемамі ў грамадстве. Гэта дапаможа зразумець важнасць валанцёрскай дзейнасці. Варта інфармаваць пра гэтае служэнне як пры парафіях, так і ў пазакасцёльных колах. Другі крок — гэта навучанне валанцёраў. Трэці — іх падтрымка. Валанцёры не павінны заставацца сам-насам. Важна, каб яны пастаянна адчувалі падтрымку. Валанцёрства адыгрывае важную ролю ў грамадстве, таму што спрыяе яднанню людзей, дапамагае ім быць разам. У кантэксце вашай краіны, дзе існуе прамлема міграцыі моладзі, валанцёрства можа таксама выхоўваць любоў да свайго народа і Радзімы, у якой хочацца застацца. Гутарыла Валянціна Крутая
«Caritas Europa» (CE) з’яўляецца адной з сямі рэгіянальных арганізацый, якія ўваходзяць у склад «Caritas Internationalis» (CI). «Caritas Internationalis» у сваю чаргу аб’ядноўвае 162 арганізацыі. У склад «Caritas Europa» ўваходзяць 48 краін-удзельніц, якія працуюць на тэрыторыі 44 еўрапейскіх дзяржаў. «Caritas Europa» быў створаны і зарэгістраваны як самастойная арганізацыя ў 1977 г. Асноўныя кірункі ў працы:
|