Рэферат арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас сімпозіума на заканчэнне Года святарства |
Мінск, 10 чэрвеня 2010 г. Прырода святарскага паклікання і служэння Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, асобы кансэкраваныя, дарагія вернікі! 1. Заўтра афіцыйна завяршаецца Год святарства. На яго распачацце мы правялі першую ўсебеларускую сустрэчу святароў, якая адбылася ў дзень успаміну св. Яна Віянэя, апекуна святароў, 4 жніўня 2009 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены. Гэта было першае супольнае перажыванне святарства, бо ўвесь прэзбітэрат Каталіцкага Касцёла ў Беларусі маліўся разам. У Год святарства мы дзякавалі Богу за святароў, якія ў цяжкія гады пераследу «падвойваліся» і «патройваліся», каб духоўна карміць як мага больш вернікаў. Многім з іх давялося сваім жыццём заплаціць за вернасць пакліканню. Іншыя ж сталі жывымі мучанікамі. Мы ўзносілі падзяку Першасвятару Езусу Хрысту за пакліканне да святарства, за служэнне святароў і маліліся аб новых пакліканнях. Тэма святарства была галоўнай падчас дзён духоўных сустрэч. Да яе мы звярталіся ў пасланнях і гаміліях. Сёння, калі ўжо завяршаецца Год святарства, мы яшчэ раз хочам падзякаваць Богу як за сакрамэнт святарства, так і за дар святарства. Мы жадаем перапрасіць Яго за нашы грахі і занядбанні і прасіць благаслаўлення на будучыню. Усім сэрцам прымаючы словы апекуна святароў св. Яна Віянэя аб тым, што без прэзбітэра не можа здзейсніцца справа збаўлення чалавека, мы сёння просім Езуса Хрыста аб новых і святых работніках Ягонага жніва. З клопатам падыходзячы да гэтай справы, прапаную звярнуць нашу ўвагу на прыроду святарскага паклікання і служэння ў святле сучаснага навучання Касцёла. 2. Каталіцкі Касцёл у апошнія часы атрымаў многа дактрынальных дакументаў на тэму святарства. Гэта найперш дэкрэты Другога Ватыканскага Сабору аб святарскай фармацыі «Optatam totius» і аб жыцці і служэнні прэзбітэраў «Presbiterorum ordinis», а таксама Апостальская Адгартацыя Слугі Божага Яна Паўла II «Pastores dabo vobis». У іх прадстаўлены сучасны погляд як на пакліканне, семінарскую і сталую фармацыю, так і на місію святара. Нам, слугам алтара, трэба ў іх заглядаць як найчасцей і паглыбляць прадстаўленае там навучанне з мэтай яго актуалізацыі перад выклікамі нашага часу. Вопыт штодзённай працы паказвае, што большасць душпастыраў сапраўды выконвае сваё служэнне з прысвячэннем і вернасцю святарскаму пакліканню. У той жа час, аднак, назіраецца неабходнасць паглыблення святарскай адказнасці да выканання сваіх абавязкаў, да прыкладу жыцця і сведчання. У гэтым разважанні прапаную акцэнтаваць увагу на падмурку святарскага паклікання, на яго глыбокай прыродзе, карані якой зыходзяць ад Хрыста Першасвятара, і якая была ўзбагачана 2000-гадовай Традыцыяй Касцёла і святарскага служэння, асабліва ў кантэксце служэння Богу і людзям. 3. Папа Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі «Pastores dabo vobis» нагадвае пра тое, што святарскае пакліканне выводзіцца з дыялога паміж Езусам і Пятром. Падчас фармацыі, як семінарыйнай, так і сталай, трэба вучыцца даваць асабісты адказ на пытанне Хрыста, скіраванае да Пятра: «Ці любіш Мяне?». Адказам павінен быць поўны дар свайго жыцця (пар. PDV 42). Гэтая тэалагічна-духоўная думка, прадстаўленая папам Янам Паўлам II, вядзе да вельмі важных высноваў. Найперш справа датычыць тэрміна «пакліканне». У сучасным свеце ён, на жаль, часцей разумеецца ў значэнні выбару нейкай прафесіі, чым як сапраўдны заклік Хрыста. Вядомы швейцарскі кардынал Георг Кацьер, які доўгі час быў папскім тэолагам, казаў: калі ўсё з’яўляецца ласкай, то яе зусім няма. Інакш кажучы, калі ўсё з’яўляецца пакліканнем, то яго таксама няма. Таму ўяўленне аб святарскім пакліканні без адпаведнага яму духоўнага напрамку вядзе да небяспекі яго «гарызантальнага» вымярэння і штучнага абмежавання як простага чалавечага выбару. Так, напрыклад, часта можна пачуць, што той ці іншы ўрач з’яўляецца ўрачом паводле паклікання. У пакліканні да святарства трэба браць пад увагу яго «вертыкальнае» вымярэнне, а менавіта: «Бог кліча — чалавек адказвае». Таму трэба адрозніваць «натуральнае пакліканне», напрыклад, да нейкай прафесіі, ад «звышнатуральнага», якое і з’яўляецца аўтэнтычным пакліканнем да святарства ці кансэкраванага жыцця. Усё гэта нагадвае пра тое, што пакліканне да святарства не з’яўляецца толькі выбарам чалавека. Гэта Божы заклік, звышнатуральны ўваход Бога ў чалавечую экзістэнцыю. Бог заклікае пакліканага да святарства наследаваць Яго радыкальна і абсалютна, адракаючыся нават ад таго, што добра і дазволена людзям, як, напрыклад, сям’я, каб весці свет да «зямлі абяцанай». 4. Калі пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця з’яўляецца звышнатуральнай падзеяй, то і яго распазнанне патрабуе звышнатуральных метадаў. Пакліканне да святарства — гэта звышнатуральнае дзеянне Божай ласкі, свабодная інтэрвенцыя Хрыста, які паклікаў тых, каго хацеў, і паслаў іх. На гэту звышнатуральную падзею чалавек адказвае, кіруючыся свабодным выбарам (пар. PDV 36). Таму можам сцвярджаць, што падмуркам святарскага паклікання з’яўляецца Божы выбар і свабодны адказ чалавека. Гэта заклік да служэння народу Божаму, з чым звязана прыналежнасць і прыпадабненне да Хрыста і дзеянне ад Яго імя. 5. У пакліканні павінна праяўляцца ўзаемная любоў паміж Хрыстом і пакліканым. Без гэтага досведу, які змяняе жыццё чалавека, нельга казаць пра аўтэнтычнае пакліканне. Гэтая любоў, якая мае Боскае паходжанне, так моцна пранікае ў глыб чалавечага сэрца, у яго розум, свабоду, волю і дзеянне, што ён дае станоўчы адказ на заклік Пана. Такая любоў да Хрыста павінна пастаянна прысутнічаць у жыцці і семінарыста, і святара, і праяўляцца найперш праз любоў да Эўхарыстыі і малітву. Ці заўсёды мы ўсведамляем сабе, як многа спраў можа вырашыцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам?! Калі пад прамянямі астранамічнага сонца чалавек становіцца загарэлым, то якога ж узросту ён можа дасягнуць у пакліканні, духоўным дасканаленні і выкананні святарскіх абавязкаў пад праменямі Эўхарыстычнага сонца! Пакліканне нараджаецца, развіваецца і прыносіць плён дзякуючы цесным адносінам з Хрыстом. У жыцці пакліканага павінен прысутнічаць сакрамэнт пакаяння, бо менавіта праз яго і ў ім праяўляецца любоў да Хрыста Міласэрнага, які чакае, каб вызваліць ад грахоўных залежнасцяў і ўзмоцніць духоўна. Святар павінен клапаціцца і аб справах дабрачыннасці, памятаючы аб дапамозе бедным, праз якую ён можа несці свет Евангелля гэтым людзям і сучаснаму свету, які імкнецца да самадастатковасці і забывае аб патрабуючых. Гэта асабліва важна ў святле энцыклікі папы Бэнэдыкта XVI «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў»). Абяцанні паслухмянасці і цэлібату не павінны перашкаджаць святару ў выкананні яго святарскіх абавязкаў, але, наадварот, дапамагаць заўсёды быць у распараджэнні кожнага і цалкам адданым справе збаўлення чалавека. Кожная асоба імкнецца ўдасканальвацца ў тым ці іншым кірунку, для чаго, напрыклад, існуюць установы павышэння кваліфікацыі. Падобна павінна быць у жыцці і служэнні святара, а менавіта: сталая чалавечая, духоўная, інтэлектуальная і пастырская фармацыя. Сучасны свет з яго вельмі нябяспечнымі выклікамі патрабуе добра падрыхтаваных святароў, і мы павінны быць такімі. Cучасны свет патрабуе новых святароў на меру яго выклікаў. 6. Толькі праз практыку малітвы, адарацыю Найсвяцейшага сакрамэнту, любоў да Эўхарыстыі, споведзь, захаванне святарскіх абяцанняў, дасканаленне ў фармацыі і дабрачыннасць пакліканы да святарства можа зразумець, што сапраўды азначае быць святаром Новага Запавету і дзейнічаць In persona Christi. Святар, які зведаў рэальную прысутнасць Хрыста ў сваім жыцці, будзе Божым чалавекам, а не зацыкленым выключна на сабе, і таму свабодным. 7. Усё прадстаўленае вышэй з’яўляецца ўмовамі фармацыі да святога святарскага стану, аб якіх трэба памятаць у нашым секулярызаваным свеце, тэндэнцыям якога таксама падвержаны і святары. На жаль, нярэдка можа ўзнікнуць пытанне: чым сучасныя святары адрозніваюцца ад сваіх свецкіх суайчыннікаў? Сёння існуе агульны клімат, які падобна туману ўсё пакрывае і перашкаджае адрозніваць дабро ад зла, праўду ад фальшы, цноту ад заганы. На жаль, і ў нашым святарскім асяроддзі ўсё тое, што сучаснае, лічыцца добрым і паспяховым. Няважна, праўдзіва ці фальшыва, важна, што мадэрн, каб быць папулярным і лёгкім коштам заваяваць сабе больш прыхільнікаў. Мы забываем пры гэтым, што людзі вельмі хутка разумеюць, ці святар сапраўды з’яўляецца спецыялістам у справе спаткання чалавека з Богам, як кажа папа Бэнэдыкт XVI, ці толькі артыстам каля алтара. Як Слуга Божы Ян Павел II, так і папа Бэнэдыкт XVI перасцерагаюць ад спакусы сучаснай святарскай хваробы, якою з’яўляецца непамяркоўная актыўнасць, калі забываеш або не выконваеш належным чынам непасрэдныя святарскія функцыі. 8. У святле таго, што было прадстаўлена вышэй, нам трэба клапаціцца аб тым, як павінна быць прадстаўлена, прынята і рэалізавана сутнасць нашага святарскага паклікання і служэння. Спецыфічнасць святарскага паклікання, важная для жыцця і ідэнтычнасці Касцёла, патрабуе шляху святасці ў выкананні гэтага служэння. Яно павінна мець свой святарскі стыль: дзейнічаць як Добры Пастыр, а не адміністратар. Святар павінен быць такім, які можа прывесці заблукаўшых авечак у статак Касцёла. Такім пастыр не становіцца пасля нейкай імправізаванай акцыі, але нараджаецца ім са свядомасці быцця alter Christus, які ідзе па дарогах свету з місіяй збаўлення чалавека. Не паддавацца модзе і прыемнасцям гэтага свету, не наследаваць грэх асабісты і сацыяльны, клапаціцца аб авечках, каб усе пазналі Хрыста, адзінага і сапраўднага Збаўцу — вось заданне кожнага святара. Год святарства, заканчэнне якога адбудзецца заўтра, заклікае нас да рахунку нашага святарскага сумлення і яго фармацыі. Касцёл хоча бачыць у нас тых, якія сапраўды з’яўляюцца святарамі паводле Ягонага Сэрца, да канца адданымі справе збаўлення чалавека. Няхай Марыя, Маці святароў, і наш апякун св. Марыя Віянэй дапамогуць нам на шляху рэалізацыі дару святарства, каб мы спадзяваліся не толькі на свае сілы, але найперш на Бога. Няхай Марыя выпрасіць у свайго Сына ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства, каб на нашай зямлі сапраўды рэалізавалася справа збаўлення, здабытага праз смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Дзякую за ўвагу. |
Адноўлена 10.06.2010 16:27 |