Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заява арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ў сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях

У апошнія часы ва ўсім свеце многа ўвагі надаецца праблеме кланавання чалавечых эмбрыёнаў з мэтай «вытворчасці» чалавечых асобаў ці так званым рэпрадуктыўным тэхналогіям. Не адстае ў гэтым і Беларусь. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 27 красавіка 2011 г. у першым чытанні прыняла законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні.

Каталіцкі Касцёл, раздзяляючы занепакоенасць праблемай бясплоднасці і заахвочваючы да пошуку новых метадаў яе лячэння, у той жа час катэгарычна выступае супраць выкарыстання тэхналогій, якія супярэчаць хрысціянскаму паняццю годнасці сям’і, бацькоўства, дзетанараджэння і чалавечага эмбрыёна, а таксама значэння чалавечай сексуальнасці.

Тэндэнцыя аддзялення паняцця жыцця ад паняцця сям’і як натуральнага асяроддзя, дзе зараджаецца і развіваецца жыццё, з’яўляецца адным з найбольш згубных наступстваў культуры смерці. Чалавечае жыццё ўзнікае ў выніку рэалізуемага падчас акту сужэнскай любові ўзаемнага аддавання мужчыны і жанчыны. Сужэнцы пры гэтым не з’яўляюцца гаспадарамі, а толькі слугамі ў справе любові Стварыцеля. Таму зачаты чалавек — гэта плод любові бацькоў і ён не можа быць прадметам жаданняў або прадуктам зачацця ў выніку медыцынскага ці біялагічнага ўмяшання.

Таму кланаванне чалавечых арганізмаў і выкарыстанне рэпрадуктыўных тэхналогій нясе ў сабе сур’ёзныя cупярэчнасці маральнага і антрапалагічнага характару, а таксама вядзе да дэвальвацыі каштоўнасці як чалавечага жыцця і прадаўжэння чалавечага роду, так і сям’і — асноўнай клеткі кожнага грамадства, і яе фундаментальнага значэння для ўсяго чалавецтва.

Сур’ёзную заклапочанасць выклікае і той факт, што законапраект рыхтаваўся без кансультацый з рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якія маюць вельмі многа напрацовак у гэтай галіне і пазіцыі якіх вельмі блізкія, а таксама без адпаведнага грамадскага абмеркавання.

У сувязі з гэтым, заклікаю дзяржаўныя ўлады, усе маральна здаровыя сілы грамадства, навукоўцаў, рэлігійныя арганізацыі звярнуць увагу на гэтую праблему, каб не дапусціць парушэння галоўнага права чалавека на жыццё — самага вялікага Божага дару, і абразы яго годнасці.

Перафразоўваючы словы вельмі паважанага ў Беларусі папы Яна Паўла II, які 1 мая 2011 г. быў далучаны да ліку благаслаўлёных, жадаю сваёй Бацькаўшчыне: Беларусь, калі хочаш быць ВЯЛІКАЙ, захоўвай жыццё ад самога зачацця праз акт сужэнскай любові аж да натуральнай смерці.  

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 3 мая 2011 г.

Адноўлена 03.05.2011 12:53
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску