4–6 мая 2012 г., магілёўскі катэдральны касцёл
Ваша Эмінэнцыя, Экцэленцыя, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры!
1. Ад усяго сэрца шчыра вітаю ўсіх вас падчас адкрыцця Дзён Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса ў Магілёве. Яго жыццё і служэнне як Апостальскага Адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі цесна звязана з горадам над Дняпром і гэтай славутай катэдрай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.
Асабліва вітаю Яго Эмінэнцыю кардынала Яніса Пуятса — Мітрапаліта Рыжскага на пенсіі і дэлегацыю Каталіцкага Касцёла Латвіі. Латвійскі Касцёл падарыў нам такога выдатнага пастыра і сведку веры, якім быў біскуп Баляслаў Слосканс. Прысутнасць дэлегацыі з радзімы гэтага святога пастыра і жывога мучаніка — гэта знак салідарнасці з Касцёлам у Беларусі, які таксама моліцца аб яго хутчэйшай беатыфікацыі. Мы ўдзячны дэлегацыі латвійскага Касцёла за ўдзел у гэтых урачыстасцях.
Шчыра вітаю Апостальскага нунцыя ў Беларусі Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Вы ўпершыню ў Магілёве. З гэтым горадам звязана гісторыя Каталіцкага Касцёла на Усходзе. Менавіта Магілёўская архідыяцэзія ў свой час была самай вялікай па тэрыторыі дыяцэзіяй у свеце і працягвалася ад берагоў Балтыкі па Далёкі Усход.
Дзякую арганізатарам гэтага форуму, перадусім ксяндзу дэкану Раману Факсінскаму і яго памочнікам.
2. З перспектывы мінулых часоў біскуп Баляслаў Слосканс сёння прадстае перад намі як выдатны пастыр, жывы мучанік і сведка веры. У цяжкія часы ганенняў на Касцёл у Савецкім Саюзе ён не пакінуў сваіх вернікаў і не выехаў у Латвію, але застаўся з імі, каб іх духоўна акармляць. За вернасць пакліканню служыць людзям у кожных абставінах ён быў два разы арыштаваны, сасланы на сумна вядомыя Салаўкі і ва Усходнюю Сібір. Увогуле яму прыйшлося пакутаваць у 17 вязніцах. Падчас зняволення ён, як мог, духоўна дапамагаў вернікам — калегам па няшчасцю. У 1933 г. быў высланы з Савецкага Саюза ў Латвію, адкуль лёс яго накіраваў у Заходнюю Еўропу.
Будучы латышом па нацыянальнасці, большую частку свайго святарскага і біскупскага служэння Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс правёў у Расіі і Беларусі. Нават калі яму прыйшлося жыць у Заходняй Еўропе, таксама і там ён служыў беларускім і расійскім католікам як лацінскага, так і візантыйскага абраду ў якасці Апостальскага Візітатара. Ён таксама падтрымліваў расійскіх і беларускіх католікаў у дыяспары, дапамагаў беларускім рэлігійным перыядычным выданням «Зніч» у Рыме і «Божым шляхам» у Парыжы і Лондане, прымаў удзел у працы II З’езду расійскіх католікаў, які адбыўся 27–30 ліпеня 1956 г. у Бруселі, і з’езду беларускага духавенства візантыйскага абраду ў Рыме 1–6 лютага 1960 г.
Такім чынам, у постаці біскупа Баляслава Слосканса мы бачым пастыра, які аддана служыў людзям розных нацыянальнасцяў, моваў і культур. Сваім служэннем ён як быццам паўтарыў словы святога апостала Паўла, які казаў: «Няма розніцы паміж юдэем і элінам, бо адзін Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча» (пар. Рым 10, 12).
Таму Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс таксама з’яўляецца часткай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. А мы павінны ведаць сваю гісторыю, бо яна magistra vitae — настаўніца жыцця.
3. Сёння мы ўспамінаем яго як нязломнага пастыра паўсюднага Касцёла, прыклад якога павінен дапамагаць нам заўсёды трываць у веры і не адмаўляцца ад яе. Дзякуй Богу, у наш час няма пераследу веры і мы цешымся свабодай веравызнання. Аднак злы дух не спіць. Калі ў часы пераследу веры паўсюдна праяўлялася адсутнасць рэлігійнай талерантнасці, то сёння мы бачым экспансію нерэлігійнай талерантнасці. Чалавецтва ўсё больш і больш пагружаецца ў цемру і не можа адрозніць дабра ад зла. Ідзе прапаганда антыкаштоўнасцяў агрэсіўнага лібералізму і такіх антыхрысціянскіх з’яваў, як прызнанне гомасексуальных саюзаў, нястрымнае спажывецтва, прапаганда ўседазволенасці і чужаложства, забіццё ненароджанага жыцця, эўтаназія, штучнае апладненне, пагражаючыя чалавечай годнасці генетычныя эксперыменты і г. д. У постхрысціянскай Еўропе забараняюцца хрысціянскія сімвалы. Хрысціянства становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй.
У такой сітуацыі ў новых абставінах маральнага рэлятывізму і жыцця так, як быццам Бога няма, Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс паўстае перад намі як мужны вызнаўца, абаронца і сведка веры, а таксама свабоды веравызнання. Прыклад яго веры і сведчання павінен натхняць нас у абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і новым абвяшчэнні Евангелля.
4. Выказваю ўпэўненасць, што Дні біскупа Баляслава Слосканса прыблізяць да сучаснага чалавека яго постаць, паспрыяюць узмацненню веры і хрысціянскага сведчання, а таксама паскораць працэс беатыфікацыі гэтага іерарха, каб мы мелі новага нябеснага заступніка.
З гэтымі пажаданнямі на ўсіх удзельнікаў гэтага форуму прызываю Божае благаслаўленне.
Дзякую за ўвагу.
|