Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Сір 24, 1–2. 8–12

Мудрасць Божая жыве ў выбраным народзе

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пахвала мудрасці — у ёй самой,
і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа.
На сходзе Найвышэйшага яна адкрые вусны свае
і перад Ягонай магутнасцю будзе ўсхваляць сябе:
Тады загадаў мне Стварыцель усяго,
той, хто стварыў мяне, вызначыў месца для майго шатра
і сказаў: У Якубе пасяліся
і ў спадчыну прымі Ізраэль.
Спрадвеку, з самага пачатку Ён стварыў мяне,
і ніколі я не перастану існаваць.
У святым шатры перад Ім я служыла
і так умацавалася на Сіёне.
Ён таксама даў мне адпачынак ва ўмілаваным горадзе,
у Ерузалеме ўлада мая.
Укаранілася я ў праслаўленым народзе,
ва ўласнасці Пана, у спадчыне Ягонай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 147, 12–13. 14–15. 19–20 (Р.: Ян 1, 14)

Рэфрэн: Слова сталася целам і пасялілася між намі.
Або: Аллелюя.

12. Хвалі, Ерузалем, Пана, *
праслаўляй, Сіён, твайго Бога.
13. Бо Ён умацоўвае засовы брамаў тваіх, *
благаслаўляе сярод цябе сыноў тваіх.

Рэфрэн:

14. Ён усталёўвае мір на тваіх межах, *
і насычае цябе адборнаю пшаніцай.
15. Ён пасылае слова сваё на зямлю, *
вельмі хутка ляціць Яго слова.

Рэфрэн:

19. Ён абвясціў слова сваё Якубу, *
пастановы свае і прысуды Ізраэлю.
20. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, *
яны не ведаюць прысудаў Ягоных.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 1, 3–6. 15–18

Бог прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста

Чытанне Паслання  святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага, Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага і якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай сярод святых.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. 1 Цім 3, 16
Хвала Табе, Хрыстэ, якога абвясцілі народам.
Хвала Табе, Хрыстэ, у якога паверыў свет.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 1, 1–18

Слова сталася целам і пасялілася між намі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадвеку.
Усё праз Яго сталася,
і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыццё,
і жыццё было святлом людзей.
А святло свеціць у цемры,
і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога;
імя ягонае было Ян.
Ён прыйшоў дзеля сведчання,
каб засведчыць пра Святло,
каб усе паверылі праз яго.
Не быў ён святлом, але быў пасланы,
каб сведчыць пра Святло.
Было Святло праўдзівае,
якое асвятляе кожнага чалавека,
які прыходзіць на свет.
У свеце было,
і свет праз Яго стаўся,
і свет не пазнаў Яго.
Прыйшло да свайго,
і свае Яго не прынялі.
А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
тым, хто верыць у імя Ягонае,
хто ні ад крыві,
ні ад жадання цела,
ні ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам
і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную,
славу, якую мае ад Айца Адзінародны,
поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.