Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
9 студзеня — будзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 4, 11–18

Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адно аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Мы пазнаём, што жывём у Ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус – Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагу ў дзень суда, бо  які Ён, такія і мы ў гэтым свеце. У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 72 (71), 1–2. 10–11. 12–13 (Р.: пар. 11)

Рэфрэн: Усе народы свету будуць служыць Пану.

1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

10. Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, *
Каралі Аравіі і Сабы складуць даніну.
11. І паклоняцца Яму ўсе каралі, *
усе народы будуць служыць Яму.

Рэфрэн:

12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім *
і душы бедных уратуе.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. 1 Цім 3, 16
Хвала Табе, Хрыстэ, якога абвясцілі народам,
хвала Табе, Хрыстэ, якому свет паверыў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 6, 45–52

Бачылі, як Ён ідзе па моры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі насыцілася пяць тысяч мужчын, Езус адразу ж прымусіў Сваіх вучняў увайсці ў лодку і плысці перад Ім на другі бок да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.

І адпусціўшы іх, Ён пайшоў на гару памаліцца.

Калі настаў вечар, лодка была на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе. І, убачыўшы іх знясіленых веславаннем, бо вецер дзьмуў ім насустрач, каля чацвёртай варты ночы прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма іх.

Яны ж, бачылі, як Ён ідзе па моры, і падумалі, што гэта прывід, і закрычалі. Бо ўсе бачылі Яго і спалохаліся. Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: Будзьце мужнымі, гэта Я, не бойцеся! І ўвашоў да іх у лодку, і вецер сціх.

Яны вельмі здзіўляліся ў душы, бо не зразумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іх было скамянелае.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:08
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.