Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
8 студзеня — будзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 4, 7–10

Бог ёсць любоў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 72 (71), 1–2. 3–4аb. 7–8 (Р.: пар. 11)

Рэфрэн: Усе народы свету будуць служыць Пану.

3. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
4. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

3. Няхай горы прынясуць спакой народу, *
і ўзгоркі справядлівасць.
4. Няхай рассудзіць прыніжаных народа, *
выратуе сыноў беднага.

Рэфрэн:

7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад Ракі аж да краю зямлі.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Лк 4, 18
Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 6, 34–44

Размнажаючы хлеб, Езус аб’явіў Сябе, як прарока

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многаму.

І як мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі і купілі сабе чаго з’есці.

Ён жа сказаў ім у адказ: Вы дайце ім есці.

І сказалі Яму: Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?

Ён жа спытаўся ў іх: Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце. Яны, даведаўшыся, сказалі: Пяць і дзве рыбы. Тады загадаў ім пасадзіць усіх невялікімі групамі на зялёнай траве. І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.

Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, узглянуўшы на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбы падзяліў на ўсіх. І елі ўсе, і насыціліся. І набралі кавалкаў і рэшты ад рыбы дванаццаць поўных кашоў. І тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.