Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Панядзелак — ІІ Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 4, 23–31

Калі памаліліся, усе напоўніліся Духам Святым і адважна абвяшчалі Божае слова

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі адпусцілі Пятра і Яна, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны. Калі іх выслухалі, узнялі разам голас да Бога і сказалі:

Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх. Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаму бунтуюцца язычнікі і народы задумалі марнае? Паўсталі каралі зямныя і валадары сабраліся разам супраць Пана і супраць Памазанніка Яго.

Бо, сапраўды, сабраліся ў гэтым горадзе супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля, каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла.

І цяпер, Пане, паглядзі на пагрозы іхнія і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё. Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса.

І калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 2, 1–3. 4–6. 7–9 (Р.: пар. 12d)

Рэфрэн: Шчаслівыя ўсе, хто паверыў Пану.
Або: Аллелюя.

1. Чаму бунтуюцца язычнікі, *
і народы задумалі марнае?
2. Паўстаюць каралі зямлі, і сыходзяцца разам князі +
супраць Пана і Памазанніка Яго. *
3. Парвём іхнія кайданы і скінем з сябе іхняе ярмо.

Рэфрэн:

4. Той, хто жыве ў нябёсах, пасмяецца, *
Пан будзе насміхацца з іх.
5. Тады скажа ім у гневе сваім і спалохае іх сваёй лютасцю: *
6. Я намасціў караля Майго на Сіёне, на святой гары Маёй.

Рэфрэн:

7. Абвяшчу пастанову Пана: *
Ён Мне сказаў: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў.
8. Прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, +
і межы зямлі ва ўладанне Тваё. *
9. Ударыш іх жалезным кіем; разаб’еш іх як посуд ганчара.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Клс 3, 1
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях,
дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 3, 1–8

Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Быў сярод фарысеяў чалавек па імені Нікадэм, адзін з правадыроў юдэйскіх. Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як настаўнік. Бо ніхто не можа чыніць такіх цудаў, як Ты чыніш, калі не будзе з ім Бога.

Езус адказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства.

Нікадэм кажа Яму: Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?

Езус адказаў: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Тое, што нарадзілася з цела, ёсць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсць духам. Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: Трэба нарадзіцца нанова. Дух вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся ад Духа.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.04.2010 13:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.