Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — VII Велікодны тыдзень

 

РАНІШНЯЯ ІМША

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дз 28, 16–20. 30–31

Застаўся ў Рыме, прапаведуючы Божае Валадарства

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых знакамітых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: Браты, я не зрабіў нічога супраць народа ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня перадалі ў рукі рымлянаў. Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.

Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ. Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы.

Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста, без перашкоды і з усёй адвагай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 11 (10), 4. 5 і 7 (Р.: пар. 7b)

Рэфрэн: Праведнікі ўбачаць Тваё аблічча, Пане.
Або: Аллелюя.

4. Пан у святой сваёй святыні, *
Трон Пана на нябёсах.
Вочы Ягоныя бачаць, *
павекі Яго назіраюць за сынамі чалавечымі.

Рэфрэн:

5. Пан выпрабоўвае справядлівага і бязбожнага, *
ненавідзіць душа Яго тых, хто любіць насілле.
7. Бо Пан справядлівы і любіць праўду, *
праведнікі ўбачаць Ягонае аблічча.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 16, 7. 13
Пашлю вам Духа праўды,
Ён навучыць вас усёй праўдзе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 21, 20–25

Той вучань напісаў гэта, і сведчанне ягонае  праўдзівае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях, і сказаў: Пане, хто той, які Цябе выдасць?

Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: Пане, а ён што?

Езус кажа яму: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною.

І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?

Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.

Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.04.2010 13:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.