Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — VII Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 22, 30; 23, 6–11

Ты павінен сведчыць і ў Рыме

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Тысячнік, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсёй Вялікай радзе. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.

Павел, ведаючы, што адна частка складалася з садукеяў, а другая — з фарысеяў, усклікнуў у Высокай радзе: Браты, я фарысей і сын фарысея, мяне судзяць за надзею на ўваскрашэнне мёртвых.

Калі ён сказаў гэта, распачалася спрэчка паміж фарысеямі і садукеямі, і падзяліўся сход. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое. Узняўся вялікі крык. І ўсталі некаторыя кніжнікі з боку фарысеяў, і пратэставалі, кажучы: Нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку. А раптам з ім размаўляў дух ці анёл?

Калі спрэчка абвастрылася, тысячнік спалохаўся, што разарвуць Паўла, і загадаў жаўнерам спусціцца, забраць яго ад іх і завесці ў крэпасць. А ў наступную ноч Пан з’явіўся яму і сказаў: Будзь адважны, бо, як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так ты павінен сведчыць і ў Рыме.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 16 (15), 1–2а і 5. 7–8. 9–10. 11 (Р.: 1)

Рэфрэн: Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся.
Альбо: Аллелюя.

3. Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся, *
4. Сказаў я Пану: Ты — мой Пан.
5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.

Рэфрэн:

7. Благаслаўляю Пана, які даў мне параду, *
бо нават начамі вучыць мяне маё нутро.
8. Пан заўсёды перад маімі вачыма, *
бо Ён праваруч мяне, я не пахіснуся.

Рэфрэн:

9. Таму радуецца маё сэрца і весяліцца душа, *
і цела маё будзе спачываць бяспечна,
10. бо не пакінеш душы маёй у адхлані *
і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.

Рэфрэн:

11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 17, 21
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе,
каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 17, 20–26

Каб былі з’яднаныя ў адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.04.2010 12:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.