Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — ІІ Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 5, 27–33

І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі слугі прывялі Апосталаў на месца пасяджэнняў, першасвятар спытаўся ў іх: Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві гэтага Чалавека.

Пётр і Апосталы адказалі: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.

Калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 34 (33), 2 і 9. 1–18. 19–20   (Р.: 7а)

Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.
Або: Аллелюя.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:

17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *
каб памяць пра іх сцерці з зямлі.
18. Яны клічуць, і Пан чуе, *
і ад усіх бедаў іх выбаўляе.

Рэфрэн:

19. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, *
і зламаных духам Ён збаўляе.
20. Шмат няшчасцяў у праведнага, *
але ад усіх яго ратуе Пан.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 20, 29
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне, — кажа Пан.
Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 3, 31–36

Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсць над усімі. Хто з зямлі, той — зямны, і гаворыць па-зямному. Хто прыходзіць з неба, той і ёсць над усімі, і што бачыў і чуў, пра тое сведчыць, але сведчання Ягонага ніхто не прымае. Той, хто прыняў Ягонае сведчанне, пацвердзіў, што Бог праўдзівы.

Бо той, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо без меры дае Бог Яму Духа. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя. Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае. Хто ж не верыць у Сына, не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.04.2010 15:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.