ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 11, 1–18
Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, даведаліся, што і язычнікі прынялі слова Божае. Калі Пётр увайшоў у Ерузалем, абрэзаныя дакаралі яго, кажучы: Да неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі. Пётр пачаў ім тлумачыць па парадку, кажучы:
Я быў у горадзе Яффе і маліўся. І ў захапленні ўбачыў аб’яўленне: нейкае начынне сыходзіла, нібы вялікае палатно, што чатырма канцамі спускалася з неба. І наблізілася аж да мяне. Я ўважліва прыгледзеўся да яго і ўбачыў чацвераногіх зямных, звяроў, паўзуноў і птушак нябесных.
І пачуў голас, які казаў мне: Пётр, устань, забівай і еш! Але я сказаў: Не, Пане, бо ніколі нішто апаганенае ці нячыстае не ўваходзіла ў вусны мае. Голас з неба другі раз адказаў мне: Што Бог ачысціў, таго не называй нячыстым. Гэта было тройчы, і зноў усё ўзнялося ў неба.
І вось, у тую самую хвіліну тры чалавекі, пасланыя да мяне з Цэзарэі, з’явіліся каля дому, у якім мы былі. Дух сказаў мне ісці разам з імі без ваганняў. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў. І ўвайшлі мы ў дом таго чалавека. Ён нам расказаў, што ўбачыў у сваім доме анёла, які сказаў яму: Пашлі ў Яффу і пакліч Сымона, якога завуць Пётр. Ён абвесціць табе словы, якімі збавішся ты і ўвесь твой дом.
А калі я пачаў прамаўляць, сышоў на іх Дух Святы, як і на нас спачатку. Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым. Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана, Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?
Калі пачулі гэта, супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця.
Гэта слова Божае. аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 42 (41), 2–3; Пс 43 (42), 3. 4 (Р.: пар. Пс 42 (41), 3а) Рэфрэн: Душа мая прагне Цябе, Бога жывога. Або: Аллелюя.
2. Як лань прагне вады з патоку, * так душа мая прагне Цябе, Божа. 3. Душа мая прагне Бога, Бога жывога, * калі я пайду і з'яўлюся перад Божым абліччам?
Рэфрэн:
3.Пашлі святло Тваё і Тваю праўду, * няхай яны мяне вядуць, яны прывядуць мяне на Тваю святую гару * і да Твайго жылля.
Рэфрэн:
4. Я прыйду да Божага алтара, * да Бога радасці і вяселля майго, і буду славіць Цябе на арфе, * Божа, мой Божа.
Рэфрэн: а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 10, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я — добры пастыр, — кажа Пан, — і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя. аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 10, 11–18
Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак + Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час: Езус сказаў: Я —
добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не
пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк,
кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і
не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і
ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І
жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага
двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і
будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць
Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае
яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу
зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
|