Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VI Велікодная нядзеля, Год В
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48

Дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў насустрач і, упаўшы да ног,  пакланіўся яму. Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я таксама чалавек.

Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: Сапраўды, разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.

Калі Пётр казаў яшчэ гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. Бо чулі, як тыя размаўлялі на розных мовах і славілі Бога.

Тады сказаў Пётр: Ці можа хто забараніць хрысціцца тым, хто,  атрымаў Святога Духа, як і мы? І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста.

Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4  (Р.: пар. 2b)

Рэфрэн: Перад вачыма народаў аб’явіў Пан збаўленне сваё.
Або: Аллелюя.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Ян 4, 7–10

Бог ёсць любоў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 14, 23
Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 15, 9–17

Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.04.2010 17:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.