Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях Пана нашага Езуса Хрыста (разважанні паводле кс. Рамано Гуардзіні)


Уступ.

Пане, Ты сказаў: «Хто хоча быць Маім вучнем, няхай возьме свой крыж штодзённы і ідзе за Мною». Хачу зараз пайсці Тваімі слядамі і ў думках крочыць шляхам Тваёй Мукі. Таму дазволь, каб жывым вобразам паўстала перад маёй душой усё тое, што Ты выцярпеў дзеля мяне. Адкрый мае вочы і дакраніся да сэрца, каб убачыў і глыбока ўсвядоміў, як моцна Ты мяне палюбіў, каб я ўсёй душой звярнуўся да Цябе, мой Збаўца, каб пакінуў грэх, які прычыніў Табе горкія мукі. Шчыра шкадую за грахі мае, Пане. Хачу распачаць жыццё спачатку; з усёй рашучасцю прагну сёння адправіцца ў шлях і ісці за Табой. Дапамажы мне таксама побач з Табою несці свой крыж. Твой поўны болю шлях — гэта школа цярпення, вытрымкі і пераадольвання сябе. Адкрый мне мізэрнаць маёй слабасці. Дай глыбока зразумець мудрасць гэтага шляху болі, пакажы, штó менавіта я, і менавіта цяпер павінен рабіць. А потым узмоцні гэтае разуменне і зрабі яго плённым, каб паводле яго паступаў у жыцці. Амэн.


Стацыя І. Езус асуджаны на смерць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Езус стаіць перад судом. Яго асуджаюць ілгуны. Суддзя — чалавек без характару. Судовы працэс — здзек над законам. Суд гэты абвяшчае Пана вінаватым у цяжкім злачынстве. Кара і ганебная, і страшная адначасова. Езус жа ведае, якімі чыстымі былі заўсёды Яго намеры: як палюбіў Ён народ і ідзе на смерць дзеля яго збаўлення. Страшная несправядлівасць і легкадумнасць гэтага асуджэння, напэўна, да глыбіні ўскалыхнула сэрца Пана.  

Як жа бунтавалася б маё пачуццё справядлівасці, калі б на мяне нехта захацеў ускласці несправядлівую кару! Як жа абараняюся я ад няшчасця, калі здаецца, што яго не заслугоўваю. Але ж ведаю, наколькі і ў чым я вінаваты. Якім жа болем магла працяць Пана гэтая пародыя суда! Але Ён маўчыць. Прымае асуджэнне з адданнем, бо ў гэтым — воля Айца, бо тут справа нашага збаўлення.

Пане, Ты пайшоў першы і паказаў мне дарогу. Навучы ісці за Табою, калі і да мяне прыйдзе падобная гадзіна. Калі буду вымушаны слухаць загады альбо папрокі, сказаныя вострым тонам, адкрый мне, колькі ў іх справядлівасці, і дазволь забыць тое, што несправядліва. Калі нейкі абавязак будзе здавацца мне нязносным, хачу бачыць у ім волю Айца і быць Яму паслухмяным. Калі прыйдуць цярпенні, можа, незаслужаныя, навучы маё сэрца паддацца волі Айца так, як зрабіў гэта Ты. Калі нарэшце спаткае мяне відавочная несправядлівасць, няхай Твая ласка дапаможа мне замоўкнуць поўнасцю і апраўданне сваё пакінуць Айцу.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ІІ.
Езус бярэ крыж

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Прысуд вынесены. Езус прыняў яго моўчкі. Адразу прыносяць крыж. Асуджаны сам павінен несці яго на месца спаўнення прысуду. Пан бярэ на сябе інструмент мучэння. Не дазваляе, каб бяздумна Яму ўсклалі яго на плечы. Ён сам рашуча абдымае яго. І гэта не нейкая імглістая экзальтацыя. Тое, што зараз адбудзецца, ясна і выразна, ва ўсёй сваёй грознасці, стаіць перад душой Езуса. У Яго няма ніякіх ілюзій. Але тое, што Ім кіруе, — гэта не шалёная роспач. Унутрана Пан цалкам свабодны, пазбаўлены жахлівага страху. У крыжы Ён бачыць даручэнне Айца і нашае збаўленне, і прагне яго ўсімі сіламі свайго сэрца. Таму Яго душа незатуманеная і свабодная. Выходзіць насустрач крыжу і свядома абдымае яго.

О Пане, у гадзіну спакою і бесклапотнасці не складана сказаць: «Я гатовы на ўсё, чаго хоча Бог». Аднак жа зусім інакш быць сапраўды гатовым, калі з’явіцца крыж. Тады сэрца слабее і баіцца, а чалавек забывае пра сваю гатоўнасць да дабра. Пане, дапамажы мне вытрываць, калі прыйдзе гэтая хвіліна. Калі б яна не настала, прагну быць гатовым. Учыні мяне моцным і велікадушным, каб не крычаў і не ўздрыгаўся перад тым, што павінна стацца. Хачу глядзець з адвагай і распазнаць у гэтым закліку Айца. Дай мне такі давер, каб і гэтае цярпенне паспрыяла дабру, узмоцні мяне, каб усё прыняў з пакорай. Толькі так можна пераадолець шмат горычы.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ІІІ.
Езус падае першы раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Езус усю ноч быў пазбаўлены сну. А з учарашняга дня нічога не еў. Яго цягалі ад адной улады да другой. Яго паслабіла боль і страта крыві. Быў катаваны праз людскую подласць. Пан страшна вычарпаны. Крыж для Яго занадта цяжкі; ноша перарастае Яго сілы. Пэўны адрэзак шляху Езус з дрыжачымі каленямі цягне на сабе крыж, пакуль не спатыкнуўся аб камень (а можа, Яго нехта піхнуў у натоўпе) і не ўпаў. Якімі бязлітаснымі могуць быць людзі ў такія хвіліны! На Езуса, які ляжыць на зямлі, як град сыплюцца праклёны, здзекі і ўдары. Пераадолеўшы сябе, Езус устае з зямлі, з цяжкасцю кладзе крыж на зраненае плячо і ідзе далей.

Пане, крыж занадта цяжкі для Цябе, аднак Ты нясеш яго, бо гэтага жадае Айцец — дзеля нас. Цяжар пераўзыходзіць Твае сілы, аднак Ты не адкідаеш яго. Падаеш, але падымаешся зноў і нясеш далей. Дай мне ласку разумення, што кожнае сапраўднае цярпенне раней ці пазней стане для нашых плеч нязносна цяжкім. Аднак жа мы створаны не для цярпення, а для шчасця. Кожны крыж калісьці падасца нам не па сілах. У выніку з’явяцца знямоглыя, поўныя трывогі словы: «больш не магу!» Пане, сілаю Тваёй цярплівасці і любові дапамажы мне ў такую гадзіну не ўпасці духам. Ты ведаеш, як моцна можа прыціснуць крыж! Таму не асуджаеш нас, калі слабнем, і дапамагаеш ізноў устаць. Аднаві мяне ў цярплівасці, напоўні маю душу сваёю сілай. Тады ўстане яна зноў, возьме свой цяжар і пойдзе далей.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя IV.
Езус сустракае сваю Маці

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Напэўна, чакала на адным са скрыжаванняў вуліц і цяпер выходзіць на Ягоны шлях. Маці і Сын. Не кажуць нічога. Поўныя суму. Адны ў свеце, нягледзячы на дзікі натоўп вакол, — вочы ў вочы, сэрца да сэрца. Колькі любові і болю перадаюць адно другому іх позіркі і душы! Яе душа поўная сілы, далікатнасці і глыбіні — толькі любоў. Яна, абраная сярод усіх, найбліжэйшая Богу, не мела ніякай палёгкі. Да самай глыбіні пранізваў яе боль. Гэта была доўгая, хоць вонкава і кароткая, хвіліна. І вось позірк Пана кажа: «Маці, гэта павінна стацца, гэтага хоча Айцец». «Так, Дзіця, гэтага хоча Айцец і хочаш Ты. Таму няхай так станецца!»

Пане, найдаражэйшы Пане, гэта я вінаваты ў Тваёй горычы! Дзеля мяне Ты адыйшоў ад Маці! Няхай гэтая ахвяра, Пане, не будзе мною змарнавана. Абудзі ўва мне гатоўнасць на яе, калі Бог пакліча мяне, а сэрца будзе зняволена людзьмі. Навучы мяне пераадольваць чалавечы страх, калі ён будзе перашкодай у вызнаванні Цябе. Навучы мяне свабодзе ад людскіх меркаванняў, калі яны захочуць знеахвоціць мяне перад выкананнем абавязку. Навучы мяне быць мацнейшым за чалавечую любоў, нават калі б была надзвычай вялікай і чыстай. Аберагай, калі апынуся пад пагрозай непаслухмянасці Табе. Але навучы рабіць гэта так, як рабіў Ты: у любові. Не жорстка, не бязлітасна, а лагодна і далікатна. Я ўпэўнены, што, калі дзеля Цябе трэба будзе прычыніць боль любові, яна памножыцца ў Табе. А хто страціць дзеля Цябе, атрымае ў тысячы разоў больш.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя V.
Сымон Кірэнэец дапамагае Езусу несці крыж

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

На кароткае імгненне ахінула Пана любоў Маці. Але і гэта павінна скончыцца. З яшчэ большай горыччу адчувае зараз суровасць атачэння, удвая мацней націскае крыж. Пакінуты. Тыя, хто Яго любіць, бяссільныя; тыя, хто маглі б дапамагчы, не хочуць гэтага рабіць! Калі жаўнеры бачаць, што сілы ўжо не хочуць слухацца Яго, затрымліваюць селяніна па імені Сымон; ён павінен дапамагчы несці крыж. Але не хоча. Сам стомлены, галодны і хоча ісці дамоў, хоча ісці спаць. Чаго гэта ён павінен яшчэ больш стамляцца дзеля нейкага там бунтара? Упіраецца. Змушаюць. Раззлаваны, з абурэннем бярэцца за крыж. Што ж гэта за дапамога? Езус па-ранейшаму цалкам самотны, поўнасцю адзін у гэтым страшэнным становішчы. Толькі Айцец пры Ім.

Пане, колькі людзей атрымалі ад Цябе дапамогу, а цяпер усе пакінулі Цябе. А Ты трываеш далей — дзеля мяне, каб быць для мяне Дарогай і Сілай. Таму, калі я сам калісьці апынуся сярод цярпення, прагну ўспомніць пра Сымона з Кірынэі. Як жа часта чалавек адчувае сябе самотным у хвіліну выпрабавання. Адзін на адзін са сваім болем. І ніадкуль няма дапамогі; адзін у цярпенні духа, а іншыя гэтага не разумеюць. І калі прыйдзе да іх са сваёй бядою, іх абліччы выразна прамаўляюць, які ён недарэчны.

Пане, будзь са мной у такія хвіліны. Дапамажы адолець самотнасць і не ўпасці духам. Не трэба мне адразу ж бегчы па дапамогу іншых. Я павінен вучыцца трываць толькі з Табой адным. Калі ж я зразумею, што кожны ў сваёй бядзе самотны, што ніводзін чалавек не можа дапамагчы іншаму, што я сам павінен з усім справіцца, тады дай мне адчуць, што Ты са мной. Дазволь мне ўсвядоміць, што Ты верны і не пакінеш мяне ніколі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VI.
Вераніка выцірае твар Езуса

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Езус пакінуты ўсімі. Вакол толькі бяздушнасць, варожы настрой, бязлітаснасць. Знясілены прагай і болем, аслаблены да апошніх межаў цела і духа. Крыж цягне да зямлі страшэнным цяжарам. Езус адчувае, што ўжо млее, перад вачыма ўсё хістаецца. Хтосьці іншы крочыў бы далей у поўнай роспачы, ні на што ўжо не звяртаючы ўвагу. На падыходзячую з хусткай Вераніку не быў бы ў стане нават зірнуць. Хістаючыся, мінуў бы яе… сляпы і глухі. Езус цяжка стогне пад крыжам, аднак сэрца Яго настолькі далікатнае і ўражлівае, што нават цяпер дацэньвае жэст Веранікі і па-божаму ёй адудзячыць. На хустцы Веранікі, якою яна выцерла твар Езуса, Ён пакідае адбітак свайго Божага аблічча.  

Пане, якое ж моцнае Тваё сэрца і адначасова далікатнае! Толькі Ты свабодны сярод людзей — нявольнікаў жыцця і цярпення! Учыні таксама мяне свабодным! Калі буду стаяць, заглыблены ва ўласнае цярпенне, сляпы і абыякавы да людзей вакол сябе, захавай яснасць майго вока і свабоду сэрца ад эгаізму, які моцна раніць менавіта церпячага. Дапамажы мне не думаць усцяж толькі пра сябе. Не маю права нічога патрабаваць ці быць цяжарам для іншых, парушаць радасць іншага тым, што мне цяжка. Навучы мяне заўважаць кожную дробную паслугу любові, навучы мяне дацэньваць яе і быць удзячным. Так, трэба навучыцца быць карысным для іншых, бо чалавек хутчэй перамагае свае цярпенні тады, калі, нягледзячы на пакуты, дапамагае іншым. Навучы мяне думаць пра іх і разумець іх. Пакажы, як здабыць іх давер, як сказаць ім добрае слова, суцешыць, падтрымаць і дапамагчы.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VІI.
Езус падае другі раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Сымон, можа, адразу і не зразумеў, навошта ўсё гэта. Раззлаваны пайшоў далей сваёй дарогай. Езус зноў адзін сярод бязлітаснага натоўпу. Напэўна, адыйшоў ад сваёй Маці; вучні паўцякалі. Ніхто не дапамагае Яму ў Яго бядзе. А крыж так моцна прыціскае; але яшчэ больш Яго прыціскае ўся гэтая няўдзячнасць навокал. З найчысцейшай любоўю абвяшчаў ім Божае Валадарства. Можа, не адзін з тых, каго Ён некалі аздаравіў ці накарміў, знаходзіцца зараз тут. А цяпер праклінаюць і штурхаюць, быццам бы Ён быў іх зацятым ворагам. Вось сапраўдныя прычыны, чаму Езус другі раз падае на зямлю. І Ён іх збавіў менавіта праз тое, што яны Яму прычыняюць! З цяжкасцю ўстае другі раз і ідзе далей.

Пане, дай зразумець, якая гэта вялікая справа — цярпець за іншых! Увесь Твой боль скрывае ў сабе таямнічую радасць, бо Ты ведаеш, што з гэтага болю зыходзіць благаслаўленне і збаўленне для нас. Ці ж і я не змагу цярпець такім чынам? Ці ж не магу зносіць таго, што мяне забівае, дзеля іншых? Мае клопаты, мая праца, мой боль; ці ж не магу ў еднасці з Тваімі збаўчымі цярпеннямі занесці ў ахвяру Нябеснаму Айцу? За ўсіх, каго люблю… За ўсе несправядлівасці ў вялікім свеце… За ўсё, што вялікае, чыстае, святое, але знаходзіцца ў небяспецы… Напоўні глыбокай надзеяй маё цярпенне — што ў ім ёсць сэнс, што яно стане благаслаўленнем для іншых! Што яно ўдзельнічае ў моцы цярпенняў Збаўцы. Заклікае Божую ласку да іншых і дапамагае там, дзе нішто ўжо дапамагчы не можа. Пане, малю Цябе ўсім сэрцам, дай мне гэтае разуменне і веру! Вазьмі і мяне ў таямніцу Твайго цярпення. Дай моц, каб маё штодзённае паміранне мела сэнс у Табе.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VІІI.
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

І гэтая стацыя аб’яўляе велікадушнасць Езуса… Падумай, як Ён адчувае сябе ў гэтую хвіліну… Галава скалечана цернем, цела парвана глыбокімі ранамі, абліваецца пякучым потам… Амаль што падае пад цяжарам крыжа… Вакол толькі нянавісць і здзекі, а наперадзе —страшны канец… Калі б я быў у такім жахлівым становішчы, і прыйшлі б людзі з вялікім лямантам і крывадушнымі словамі спачування (падобна звычаю лямантаваць над памерлым), ці ж не выбухнуў бы я шалёным гневам? Душа Езуса, аднак, не паддаецца гневу, Ён не страчвае панавання над сабой. І хоць усё ў Ім дрыжыць ад болю, Ён спакойна, мужна размаўляе з жанчынамі і выконвае сваё пасланніцтва: навучае і ўказвае на тое, што сапраўды цяпер важна.

У кожнага бываюць хвіліны, калі прыгнятаюць цярпенні і ўсё дрыжыць пад іх цяжарам. Нервы не слухаюцца і вельмі складана іх ўтаймаваць, каб не выбухнулі. Мучэнне ўдвая большае, калі акружэнне катуе яшчэ і бяздушнымі, абыякавымі паводзінамі. Калі са мной калісьці гэта здарыцца, дапамажы мне, Пане, захоўваць спакой. Сілаю Тваёй цярплівасці хачу ўзмоцніцца! Хачу заставацца зычлівым да іншых, нават калі будуць дурныя і нячулыя. Хачу далей з любоўю служыць сваёй працай, далей выконваць сваё пакліканне нават тады, калі мне дрэнна і балюча.  

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!


Стацыя IХ.
Езус падае трэці раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Адразу пасля другога падзення Езус не вытрымлівае цяжару і падае трэці раз. Што можна сказаць, гледзячы на такія мучэнні? Любыя словы будуць тут пустыя. Паспрабуй увайсці ў тое, што Ён адчувае… Ён смяротна змучаны, і як гэта падаць пад такім цяжарам і ў такім асяроддзі! Сілы Езуса на мяжы. Аднак нягледзячы на гэта, Ён ізноў падымаецца і нясе крыж да мэты. Там, аднак, Яго чакае не ратунак, а страшная смерць.
Езу, Ты ўва мне, а я ў Табе. Толькі з Табой магу знайсці яшчэ сілы, каб вытрываць у цярпенні, нават тады, калі здаецца, што больш ужо не магу. Толькі з Табой магу выканаць абавязак, нават самы нязносны.

Дапамажы, каб у выпрабаванні не згубіў сэрца. А калі знясілены ўпаду, дапамажы зноў устаць. Тры разы Ты падаў і тры разы ўставаў. Дай зразумець, Пане, што не жадаеш таго, каб мы ніколі не былі слабымі, але хочаш, каб мы заўсёды ўставалі. Дай мне зразумець, што ўсё нашае зямное жыццё — гэта пастаяннае ўставанне, няспыннае пачынанне ад пачатку.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя Х.
З Езуса здзіраюць адзенне

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Усё забралі ў Яго: Яго свабоду, Яго сяброў, Яго дзейнасць. Зараз забіраюць і адзенне, якое прыкрывала Яго цела. Аголены, выстаўлены на асмяянне. Кожны можа глядзець на Яго і здзекавацца. Усе, хто калісьці лічыў Яго вялікім Прарокам, праслаўляў як Месію, усе сябры, людзі невядомыя, увесь народ — бачаць Яго выстаўленым на прыніжэнне. Моцная душа Езуса, глыбокая, бязмежна высакародная і далікатная; Яго надзвычай тонкае і адчувальнае пачуццё ўласнай годнасці цяпер паліць Яго жарам полымя ганьбы. Аднак Ён нязломна трывае ў волі Божай і ўсё зносіць.  

Нагадай мне, Пане, гэту горкую гадзіну, калі падобнае стане і маім удзелам. Калі давядзецца зносіць паклёпы, калі забрудзяць маё добрае імя. Калі мяне не будуць разумець нават блізкія і захочуць беспардонна зазірнуць у мае думкі. Ты выцерпеў дзеля мяне невымоўную ганьбу. Праз Тваю ахвяру ўчыні мяне моцным у такую хвіліну. Бог ведае праўду, і гэта будзе маёй апорай. Мой гонар у Яго апецы, і Ён апраўдае мяне ў адпаведны час. Не дапусці, каб я быў нецярплівым, каб адплочваў злом за зло, паклёпам за паклёп тым, хто парушыў мой гонар. Дапамажы мне застацца праведным і ў спакоі давяраць Табе.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ХІ.
Укрыжаванне Езуса

С.:
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Тое, што зараз адбываецца, настолькі страшна, што хацелася б уцячы, схавацца, каб не бачыць, як прыбіваюць Яго да крыжа і ўздымаюць на ім… «Пане мой, Збаўца!» Але я не маю права ўцячы, я павінен застацца тут. Ён церпіць дзеля мяне. Па дарозе Езус мог яшчэ прынамсі ісці, рухацца, рабіць высілкі. Цяпер усё спынілася. Не можа нічога, як толькі вісець і трываць у цярпенні. Боль у прабітым целе, у галаве, ва ўсіх глыбокіх ранах становіцца больш пякучым, усё больш мучыць смага, усё цяжэйшая трывога і нязносны цяжар сэрца. І нічым не можа сабе дапамагчы, не можа рухацца, не можа нічога рабіць. Толькі цярпець і адчуваць, як набліжаецца смерць. А гэтыя людзі вакол? Дэманічная нянавісць і здзекі ворагаў! Шалёная жорсткаць натоўпу! О Пане, прабач мяне, грэшнага! Гэта я вінаваты ва ўсіх Тваіх муках! Не дапусці, каб Твая мука была для мяне страчана. Учыні, каб яе Божая сіла і цярплівасць ажылі ўва мне.

Для кожнага калісьці прыходзіць гадзіна, калі нічога ўжо больш не можаш зрабіць; калі не можаш ачысціць сваё добрае імя, не можаш злагодзіць свой боль. Не можаш знайсці выйсця са сваёй бяды. Перш за ўсё так здараецца, калі прыходзіць цяжкая хвароба, калі ведаеш, што ўрач ужо бяссільны. Гэта і ёсць час, калі чалавек прыбіты да ложка цярпення і не можа сабе дапамагчы. Можа толькі адно: сэрца і волю засяродзіць на Богу. Моцна прытуліцца да волі Айца! Ціха трываць і цалкам аддаць Яму ўсё — добры ці дрэнны канец. Калі надыходзіць такая гадзіна, тады са мной Ты, Пане. Я ведаю гэта. Тады моц Твайго крыжа ўва мне і ўзмацняе мяне.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ХІІ.
Езус памірае на крыжы

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Яшчэ тры гадзіны пакутуе Езус. Узяў на сябе нашую віну і сам хоча з ёю стаць перад Трыбуналам Божай Справядлівасці. У поўнай адзіноце сам здзяйсняе гэтую справу перад Богам. Што адбылося ў той момант у душы Езуса, гэтага не ведае ніводзін чалавек.

З Яго вырываецца крык: Божа мой! Божа мой! Чаму ж Ты мяне пакінуў? Ніхто не зразумее таямніцы, як Сын Божы можа быць пакінуты. Адно толькі можам сказаць: дагэтуль сэрца Яго адчувала блізкасць Бога, Яго суцяшэнне і апору, цяпер Яго страчвае нават гэта. Цалкам самотны, пакінуты ўсімі, адзін стаіць з нашай віною перад Божай Справядлівасцю. Адно толькі трымае Яго — вернасць пасланніцтву ад Айца і любоў да нас. У гэтай любові Ён вынішчаецца ажно пакуль не споўніцца ўсё. Споўнілася.

Праслаўляю бясконцую Божую справядлівасць, перад якой стаю грэшны. І Цябе, майго Збаўцу, які замяніў мяне перад Божым Трыбуналам. Пане, Ты мяне выбавіў. За гэта складаю Табе ўдзячнасць з глыбіні сэрца. Ты паказаў мне, як зносіць уласныя цярпенні і як мне іх пераадолець любоўю. Знесці іх магу толькі тады, калі прыму іх з рукі Айца, як Ты… І перамагчы іх магу толькі тады, калі ўчыню іх благаслаўленнем для іншых, як зрабіў гэта Ты. Калі вытрываю іх і ахвярую Айцу за тых, каго люблю, за ўсіх, каму хачу дапамагчы, тады маё цярпенне будзе ўдзельнічаць ва ўсемагутнасці Твайго цярпення і закліча да нас ласку Айца. А калі здарыцца са мной так, што не змагу ўжо больш нічога зрабіць і адчую сябе непатрэбным на гэтым свеце, тады сапраўды змагу ўчыніць справу найвышэйшую: у еднасці з Табой аддаць за іншых мае цярпенні, маё бяссілле. Толькі з Табой можна сапраўды перамагчы цярпенне і смерць.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ХІІІ.
Езуса здымаюць з крыжа

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Скончылася цярпенне Пана. Мёртвы. Цудоўная справа Бога — гэтае квітнеючае Жыццё, поўнае ўсякай сілы і ўсякага багацця, поўнае моцы і далікатнасці, — знішчана поўнасцю. Мяркуючы па-людску, перад Езусам было яшчэ цэлае жыццё. Колькі Ён яшчэ мог бы стварыць, колькім ісцінам мог бы яшчэ навучыць, колькі мог бы зрабіць і дапамагчы людзям! Якая ж Божая поўня жыцця заквітнела б з Яго, калі б Ён пражыў чалавечы век поўнасцю. І вось усё растаптана. Але менавіта гэта і ёсць «дурнота крыжа». «Зерне, кінутае ў зямлю, павінна памерці» дзеля таго, каб паўстала з яго найвышэйшае жыццё, а тыя, хто яго ўтоптвалі ў зямлю, бязвольна сталіся сейбітамі збаўлення.

Пане, вось ён, адказ на дакучлівае пытанне: навошта цярпенне? Чаму неабходна цярпець, калі ўсё імкнецца да шчасця і творчасці? Навошта смерць? Чаму трэба адыходзіць, калі жыццё яшчэ не пражыта? Чаму трэба аддаць тое, што так каштоўна? І тут тлее, распадаецца ўся людская мудрасць. Толькі ў крыжы ёсць адказ: «зерне не дасць плёну, пакуль не памрэ ў зямлі». Усе нашыя цярпенні, наша ахвяра і смерць — гэта нябесная сяўба. Калі мы з’яднаны з Божай воляй, то ўзрастае новае жыццё для нас і для іншых. Так хачу верыць, так давяраць і трываць пры Богу, каб таксама і маё жыццё, маё цярпенне і смерць прынеслі вечны плод.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя ХІV.
Езуса кладуць у грабніцу

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Юзаф з Арыматэі захінае цела Пана ў ільняныя палотны. Кладуць Езуса ў грабніцу. Уваход завальваюць цяжкаю плітой і сумныя адыходзяць дамоў. Усё заціхла. Уздыхаем з палёгкай, што страшэнная мука нарэшце за намі. Глыбокі супакой лёг вакол самотнай магілы. Гэта супакой спаўнення. Той, хто там спачывае, з Божай вернасцю давёў да канца ўсё, што Айцец Яму даручыў, а зараз адпачывае, здзейсніўшы справу. І вось, нам здаецца, быццам вакол гэтага ціхага месца ўжо адчуваюцца пробліскі надыходзячага цудоўнага хараства вялікай ночы. Вучні, праўда, гэтага не адчуваюць. Яны страцілі ўсялякую надзею. Для іх цярпенне і смерць Вялікай пятніцы выглядае як канчатковае, фатальнае паражэнне. Аднак хутка ім аб’явіцца Пан, ззяючы сілаю і святлом, а яны пазнаюць, «што Месія павінен быў усё гэта выцерпець, каб увайсці ў хвалу Сваю», і што Яго смерць была платаю за нашае жыццё.

Гэтая «радасная вестка», о Пане, якую Ты ўсім прынёс, сведчыць аб тым, што ўсё —крыніца благаслаўлення і нават смерць — сяўба новага жыцця для таго, хто з’яднаны з Табой. Дазволь мне гэта зразумець. Учыні, каб гэтае перакананне ажыло ўва мне, калі прыйдуць змрочныя гадзіны. Тады пераканаюся, што такім чынам магу не толькі знесці цярпенне, але і перамагчы яго. У Табе адчую сілу, каб справіцца з гэтым. Адчую, як з кожнай пройдзенай цемры ззяе бляск святла Пасхі. Зразумею, нарэшце, і тое, што той, хто так з Табой жыве і церпіць, той нават у горычы ўдзельнічае ў Тваім супакоі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фЗаканчэнне

Ну вось, Пане, зараз выпускаеш мяне са святога кола свайго цярпення. Зноў вяртаюся ў маё штодзённае жыццё. Ты навучыў мяне, што цярпенне наша — гэта не панурая безвыходнасць, супраць якой дарэмна бунтуемся альбо якая даводзіць нас да падзення духам і роспачы. Яно горкае, але паходзіць ад Бога, і яго прызначэнне — стаць нашым збаўленнем. Ты навучыў, як несці свой крыж: з даверам Богу і любоўю да Яго. Ты навучыў, як пераадольваць цярпенне: з любоўю ахвяроўваць яго за іншых. Запішы гэтую святую праўду глыбока ў маім сэрцы, каб ніколі пра яе не забываў, і ажыві яе асабліва тады, калі прыйдзе гадзіна выпрабавання. Тады ўспомню тое, што Ты сказаў мне сёння, і так буду чыніць.

Апрацаваў бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap

Адноўлена 29.03.2011 16:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.