Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Серада — дванаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Асцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цёрну вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, ні дрэва дрэннае радзіць добрыя плады. Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх».

 
Аўторак — дванаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас. Усё, што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі. Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторны шлях вядзе да згубы, і шмат тых, хто ўваходзіць праз яе. А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць яе».

 
Панядзелак — дванаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якою мераю мерыце, такою і вам адмераць. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, — калі ў тваім воку бервяно? Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго».

 
XII Звычайная нядзеля, Год С

«Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх:  А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне».

 
XII Звычайная нядзеля, Год B

«У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: Пераправімся на той бок. Адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, калі быў у чаўне. І былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі залівалі човен, так што човен ужо напаўняўся. А Ён спаў на карме каля ўзгалоўя. Будзяць і кажуць Яму: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем? І, устаўшы, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сціх, і настала вялікая ціша».

 
ХIІ Звычайная нядзеля, Год А

«Езус сказаў сваім Апосталам: Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў».

 
Субота — адзінаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела — за вопратку?».

 
Пятніца — адзінаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё».

 
Чацвер — адзінаццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога».

 
Серада — адзінаццаты звычайны тыдзень

«Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду».

 
<< Першая < Папярэдняя 1601 1602 1603 1604 1605 1606 1607 1608 1609 1610 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1604 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.