Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
УВОДЗІНЫ

1. 11 кастрычніка 1992 г. папа Ян Павел II перадаў вернікам усяго свету Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, прадстаўляючы яго як «тэкст аднясення»1 для катэхезы, адноўленай каля жывых крыніц веры. Такім чынам, праз трыццаць гадоў пасля адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) было паспяхова здзейснена выказанае ў 1985 г. Надзвычайным Сходам Сіноду Біскупаў жаданне скласці катэхізіс усёй каталіцкай дактрыны адносна веры і маралі.

Праз пяць гадоў, 15 жніўня 1997 г., абвясціўшы ўзорнае выданне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, Найвышэйшы Пантыфік пацвердзіў асноўную мэту гэтай працы: «Поўнае і цэласнае прадстаўленне каталіцкага веравучэння, якое дазволіць усім пазнаць, што сам Касцёл вызнае, цэлебруе, чым жыве, як моліцца ў сваім штодзённым жыцці»2.

2. Каб больш падкрэсліць значэнне Катэхізіса і выйсці насустрач жаданню, выказанаму на Міжнародным Катэхетычным Кангрэсе ў 2002 г., Ян Павел II склікаў у 2003 г. Спецыяльную Камісію на чале з кард. Ёзафам Ратцынгерам, прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, абавязваючы яе распрацаваць Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які змяшчаў бы больш сінтэтычныя фармуліроўкі тых самых пастулатаў веры. Пасля двух гадоў працы быў падрыхтаваны праект Кампендыя і высланы на абмеркаванне кардыналам і старшыням Канферэнцый Біскупаў. Праект у цэлым атрымаў станоўчую ацэнку з боку абсалютнай большасці рэспандэнтаў. Таму Камісія распачала перагляд вышэйзгаданага праекта, беручы пад увагу атрыманыя прапановы па яго паляпшэнні, і падрыхтавала канчатковы тэкст.

3. Кампендый адзначаецца трыма характэрнымі рысамі: цеснай сувяззю з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла; формай дыялогу; выкарыстаннем ілюстрацый у катэхезе.

Перш за ўсё Кампендый не з’яўляецца самастойнай працай і не імкнецца нейкім чынам замяніць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: наадварот, ён пастаянна спасылаецца на яго, дакладна ўказваючы нумары адсылкі, а таксама ўвесь час нагадвае пра яго структуру, паслядоўнасць і змест. Больш за тое, мэта Кампендыя — нанова абудзіць зацікаўленасць і захапленне Катэхізісам, які дзякуючы сваім мудрым тлумачэнням і глыбокай духоўнасці надалей застаецца сёння асноўным тэкстам касцёльнай катэхезы.

Кампендый, як і Катэхізіс, падзелены на чатыры часткі ў адпаведнасці з асноўнымі законамі жыцця ў Хрысце.

Першая частка пад загалоўкам «Вызнанне веры» змяшчае неабходны сінтэз lex credendi, г.зн. вызнаванай Каталіцкім Касцёлам веры, і заканчваецца Апостальскім сімвалам веры, дапоўненым Нікейска-Канстанцінопальскім сімвалам веры, пастаяннае прамаўленне якога на хрысціянскіх сходах дазваляе захаваць жывую памяць пра галоўныя праўды веры.

Другая частка пад загалоўкам «Цэлебрацыя хрысціянскай таямніцы» прадстаўляе істотныя элементы lex celebrandi. Сапраўды, абвяшчэнне Евангелля знаходзіць свой прывілеяваны адказ у сакрамэнтальным жыцці. У ім вернікі зведваюць і даюць сведчанне ў кожны момант свайго існавання аб збаўчай плённасці Пасхальнай таямніцы, праз якую Хрыстус здзейсніў справу нашага адкуплення.

Трэцяя частка пад загалоўкам «Жыццё ў Хрысце» нагадвае пра lex vivendi, г.зн. пра абавязак, якім ахрышчаныя павінны кіравацца ў сваіх паводзінах і этычным выбары, — вернасць вызнаванай і цэлебраванай веры. Вернікі сапраўды пакліканы Панам Езусам здзяйсняць справы, якія надаюць ім годнасць дзяцей Айца ў любові Духа Святога.

Чацвёртая частка пад загалоўкам «Хрысціянская малітва» прадстаўляе сінтэз lex orandi, г.зн. малітоўнага жыцця. На ўзор Езуса, дасканалага прыкладу малітвы, хрысціянін таксама пакліканы да дыялогу з Богам у малітве, асаблівым выяўленнем якой ёсць Ойча наш — малітва, якой навучыў нас сам Езус.

4. Другая характэрная рыса Кампендыя — форма дыялогу, якая аднаўляе старажытны літаратурны жанр катэхезы ў форме пытанняў і адказаў. Гаворка ідзе аб тым, каб прапанаваць ідэальны дыялог паміж настаўнікам і вучнем пры дапамозе паслядоўных пытанняў, якія ўцягваюць чытача і запрашаюць яго пастаянна адкрываць новыя аспекты праўдаў сваёй веры. Форма дыялогу спрыяе таксама значнаму скарачэнню тэксту, зводзячы яго да істотных рэчаў. Гэта напэўна паспрыяе засваенню і магчымаму запамінанню зместу.

5. Трэцяя характэрная рыса — наяўнасць пэўных ілюстрацый, якія раскрываюць змястоўную цэласнасць Кампендыя. Яны паходзяць з вельмі багатай хрысціянскай іканаграфічнай спадчыны. Векавая саборная традыцыя сведчыць пра тое, што абразы таксама з’яўляюцца абвяшчэннем Евангелля. Мастакі ўсіх часоў прапанавалі вернікам для кантэмпляцыі і разважання вядомыя факты таямніцы збаўлення, паказваючы іх у багацці колераў і ў дасканалай прыгажосці. Гэта сведчанне таго, што сёння, у цывілізацыі вобраза, сакральны вобраз, як ніколі раней, можа выражаць нашмат больш, чым само слова, паколькі яго дынамізм камунікацыі і перадачы евангельскага паслання з’яўляецца нашмат больш дзейсным.

6. У саракавую гадавіну заканчэння Другога Ватыканскага Сабору і ў Год Эўхарыстыі Кампендый можа быць далейшай дапамогай як у наталенні голаду праўды для вернікаў усіх узростаў і асяроддзяў, так і ў задавальненні патрэбаў тых, хто, не з’яўляючыся вызнаўцамі веры, прагне праўды і справядлівасці. Абнародаванне Кампендыя адбудзецца ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла, стаўпоў паўсюднага Касцёла і выдатных прапаведнікаў Евангелля ў старажытным свеце. Гэтыя Апосталы бачылі тое, што прапаведвалі, і сведчылі аб праўдзе Хрыста ажно да мучаніцтва. Будзем жа падобнымі да іх у місійным запале і просім Пана, каб Касцёл заўсёды наследаваў навучанне Апосталаў, ад якіх атрымаў першае радаснае абвяшчэнне веры.

20 сакавіка 2005 г., Пальмовая нядзеля.

КАРД. ЁЗАФ РАТЦЫНГЕР
Старшыня Спецыяльнай Камісіі

1 Пар. GIOVANI PAOLO II, Cost. ap. Fidei depositum, 11 ottobre 1992.
2 GIOVANI PAOLO II, Lett. ap. Laetamur magnopere, 15 agosto 1997.

 

MOTU PROPRIO

для зацвярджэння і апублікавання

Кампендыя

Катэхізіса Каталіцкага Касцёла


Шаноўным братам кардыналам, патрыярхам, арцыбіскупам, біскупам, прэзбітэрам, дыяканам і ўсім членам Божага народу

Ужо мінула дваццаць гадоў з таго часу, калі па жаданні Надзвычайнага Сходу Сіноду Біскупаў з нагоды дваццатай гадавіны заканчэння Другога Ватыканскага Сусветнага Сабору была распачата праца над Катэхізісам Каталіцкага Касцёла.

Бясконца дзякую Пану Богу за тое, што даў Касцёлу Катэхізіс, абвешчаны ў 1992 г. маім шаноўным і ўмілаваным Папярэднікам папам Янам Паўлам II.

Вялікая карысць і каштоўнасць гэтага дару пацверджана перш за ўсё пазітыўным і шырокім прыняццем яго біскупамі, да якіх у першую чаргу быў скіраваны як дакладны і аўтэнтычны тэкст для навучання каталіцкай дактрыне, а асабліва для распрацоўкі мясцовых катэхізісаў. Катэхізіс быў таксама прыхільна і велікадушна прыняты ўсім Божым народам, які мог пазнаёміцца з ім больш чым на пяцідзесяці мовах, на якія ён быў перакладзены да гэтага часу, і ацаніць яго.

Сёння з вялікай радасцю зацвярджаю і абвяшчаю Кампендый гэтага Катэхізіса.

Такім было пажаданне ўдзельнікаў Міжнароднага Катэхетычнага Кангрэса, што праходзіў у кастрычніку 2002 г., якія такім чынам выразілі шырока распаўсюджанае ў Касцёле прагненне. Святой памяці мой Папярэднік, падтрымліваючы гэтае пажаданне, прыняў у лютым 2003 г. рашэнне аб падрыхтоўцы Кампендыя і даручыў яго рэдакцыю спецыяльнай Камісіі Кардыналаў, на чале са мною, у супрацоўніцтве з рознымі экспертамі. У ходзе прац праект гэтага Кампендыя быў прадстаўлены на ацэнку ўсім найдастойнейшым кардыналам і старшыням Канферэнцый Біскупаў, якія ў пераважнай большасці прыхільна прынялі яго і ацанілі.

Кампендый, які прадстаўляю паўсюднаму Касцёлу, з’яўляецца верным і дакладным сінтэзам Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Ён змяшчае ў скарочаным выглядзе ўсе істотныя і фундаментальныя элементы веры Касцёла і такім чынам стварае, як гэтага жадаў мой Папярэднік, своеасаблівы vademecum, які дазваляе веруючым і няверуючым асобам ахапіць адным позіркам адразу ўсю панараму каталіцкай веры.

Па структуры, змесце і мове Кампендый дакладна адлюстроўвае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які дзякуючы гэтаму сінтэзу набывае большую папулярнасць і будзе глыбей пазнаны.

Таму з надзеяй даручаю гэты Кампендый у першую чаргу ўсяму Касцёлу і асабліва кожнаму хрысціяніну, каб яны дзякуючы яму адшукалі ў гэтым трэцім тысячагоддзі жывое натхненне для адноўленага абавязку евангелізацыі і выхавання ў веры, што павінна характарызаваць кожную касцёльную супольнасць і кожнага веруючага ў Хрыста, незалежна ад узросту і нацыянальнай прыналежнасці.

Гэты Кампендый, з прычыны сваёй сцісласці, яснасці і цэласнасці, адрасаваны таксама кожнаму чалавеку, які, жывучы ва неўпарадкаваным свеце і знаходзячыся пад уплывам разнастайных пасланняў, жадае пазнаць Шлях Жыцця, Праўду, якую Бог даверыў Касцёлу праз свайго Сына.

Чытаючы гэты аўтарытэтны дапаможнік, якім ёсць Кампендый, няхай кожны, дзякуючы галоўным чынам заступніцтву Найсвяцейшай Марыі, Маці Хрыста і Касцёла, распазнае і прыме ўсю невычэрпную прыгажосць, унікальнасць і актуальнасць найцудоўнейшага Дару, які Бог даў чалавецтву: свайго адзінага Сына, Езуса Хрыста, які ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём (пар. Ян 14, 6).

28 чэрвеня 2005 г., у вігілію ўрачыстасці св. Пятра і Паўла, у першы год майго Пантыфікату.

БЭНЭДЫКТ XVI
 
Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла

ЗМЕСТ

Motu proprio

УВОДЗІНЫ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ - ВЫЗНАННЕ ВЕРЫ

Раздзел першы: «Веру» — «Верым»
Раздзел другі: Вызнанне хрысціянскай веры
ЧАСТКА ДРУГАЯ - ЦЭЛЕБРАЦЫЯ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТАЯМНІЦЫ
Раздзел першы: Сакрамэнтальная эканомія
Раздзел другі: Сем сакрамэнтаў Касцёла
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ - ЖЫЦЦЕ Ў ХРЫСЦЕ
Раздзел першы: Пакліканне чалавека — жыццё ў Духу
Раздзел другі: Дзесяць запаведзяў
ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ - ХРЫСЦІЯНСКАЯ МАЛІТВА
Раздзел першы: Малітва ў хрысціянскім жыцці
Раздзел другі: Малітва Панская Ойча наш

ДАДАТАК

А) АГУЛЬНЫЯ МАЛІТВЫ
Б) ПРАЎДЫ КАТАЛІЦКАГА ВЕРАВУЧЭННЯ

Скарачэнні і назвы кніг Святога Пісання

© Copyright 2005 — Libreria Editrice Vaticana
© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, 2010
 
XIV Звычайная нядзеля, Год B

«Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім».

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце пілігрымкі Мінск–Будслаў
28.06.2010 13:20


27 чэрверя 2010 г., святая Імша на радыё з мінскай архікатэдры

Рашучасць у выкананні хрысціянскіх абавязкаў і Божая ласка — шлях да Божага Валадарства

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, радыёслухачы і пілігрымы!

1. Гэтай святой Імшой распачынаецца сёлетняя пілігрымка ў беларускі Нацыянальны санктуарый у Будславе. Чарговы раз мы накіроўваем нашы крокі да нашай апякункі — Маці Божай Будслаўскай. Дэвіз сёлетняй урачыстасці ў Будславе «Марыя — выбраная дачка Бога Айца». Гэта адзін з трох год падрыхтоўкі да святкавання 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза ў Будславе, якое адбудзецца ў 2012 г.

 
Паведамленне з 43-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
22.06.2010 17:17

43-яе Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылося 22 чэрвеня 2010 г. у памяшканні Сакратарыята ККББ. На пасяджэнні прысутнічалі таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек МІС.

 
Святы Айцец уручыць палій 38 іерархам
22.06.2010 10:48
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць святую Імшу ў базыліцы св. Пятра ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, Апосталаў. Як паведамляе Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, падчас літургіі, 29 чэрвеня 2010 г. Пантыфік уручыць паліі 38 прызначаным за апошнія дванаццаць месяцаў арцыбіскупам і мітрапалітам.
 
Ксёндз Павел Галінскі: Маці Божая Тракельская — Каралева нашых сем’яў
21.06.2010 18:00

Санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай у Тракелях штогод прымае шматлікіх пілігрымаў. Ушанаваць Панну Марыю ў цудоўным абразе, каранацыя якога адбылася ў 2009 г., вернікі прыязджаюць не толькі ў галоўныя ўрачыстасці, але і на працягу года. Пра асаблівасці сёлетняга святкавання і многае іншае чытайце ў інтэрв’ю з рэктарам санктуарыя кс. Паўлам Галінскім.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Клецку ў межах сімпозіума «Зыгмунт Шчасны-Фялінскі — святы лік у Беларусі»
21.06.2010 13:28


20 чэрвеня 2010 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, удзельнікі сімпозіума, прысвечанага св. Зыгмунту Шчаснаму-Фялінскаму.

1. Перш за ўсё хачу выказаць падзяку пробашчу кс. Эрвіну Вячорку MSF за ініцыятыву арганізацыі гэтага сімпозіума. Святы Зыгмунт Шчасны-Фялінскі нарадзіўся ў 1822 г. на Валыні ва Украіне. Аднак клецкая зямля таксама цесна звязана з ім. Тут нарадзілася яго мама, якая была ахрышчана ў клецкім касцёле, і менавіта сюды ён прыязджаў падчас канікул у студэнцкія гады. Такім чынам, гэтая зямля і людзі, якія жывуць на ёй, таксама аказалі свой уплыў на фармацыю будучага святога. Усё гэта кажа пра тое, што і на нашай зямлі людзі могуць духоўна ўдасканальвацца і ўзрастаць у святасці.

 
Святы Айцец аб значэнні крыжа ў жыцці хрысціяніна
21.06.2010 13:26
Аб значэнні крыжа ў жыцці хрысціяніна казаў Бэнэдыкт XVI у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» 20 чэрвеня 2010 г. у Ватыкане. Пантыфік адзначыў, што «ў цяперашні час у свеце ёсць шмат хрысціянаў, якія, кіруючыся любоўю да Бога, кожны дзень бяруць крыж як штодзённых выпрабаванняў, так і крыж, які прыносіць варварства чалавека, што часам патрабуе найвышэйшай ахвяры».
 
<< Першая < Папярэдняя 1601 1602 1603 1604 1605 1606 1607 1608 1609 1610 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1601 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.