Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост 2007 года
|
«Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37)
Дарагія браты і сёстры!
«Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі» (Ян 19, 37). Сёлета гэтыя словы з Бібліі вызначаюць тэму нашага велікапоснага разважання. Вялікі пост — гэта час, спрыяльны для таго, каб вучыцца трываць — разам з Марыяй і Янам, умілаваным вучнем — каля Таго, Хто на крыжы прыносіць у ахвяру за ўсё чалавецтва сваё жыццё (пар. Ян 19, 25). Таму з як мага большай засяроджанасцю ў гэты час малітвы і пакаяння будзем скіроўваць свой позірк на Хрыста ўкрыжаванага, які, паміраючы на Галгоце, адкрыў нам паўнату Божай любові. Тэму любові я закрануў у энцыкліцы Deus caritas est, падкрэсліўшы дзве яе асноўныя постаці — «агапэ» і «эрас». Любоў Бога — «агапэ» і «эрас» Паняцце «агапэ», якое шмат разоў сустракаецца ў Новым Запавеце, адносіцца да ахвярнай любові, якая шукае толькі дабра для іншага; а слова «эрас» азначае любоў асобы, якая жадае атрымаць тое, чаго ёй не хапае, і жадае з’яднацца з тым, каго любіць. Любоў, якою любіць нас Бог, гэта, несумненна, «агапэ», бо хіба можа чалавек даць Богу нейкае дабро, якога Ён яшчэ не мае? Усё, чым з’яўляецца і што мае чалавек — створаная істота, — гэта Божы дар, а таму гэта стварэнне ва ўсім адчувае патрэбу ў Богу. Але Божая любоў гэта таксама «эрас». У Старым Запавеце Творца сусвету праяўляе да народа, які Ён выбраў, любоў, вышэйшую за любое чалавечае разуменне. Прарок Осія паказвае гэтую палымяную Божую любоў у смелых вобразах, такіх як любоў мужчыны да блудніцы (пар. 3, 1–3); Эзэхіэль жа, гаворачы пра адносіны Бога з народам Ізраэля, не баіцца карыстацца словамі, поўнымі палымянасці і страсці (пар. 6, 1–22). Гэтыя біблейскія тэксты паказваюць, што «эрас» прысутны ў сэрцы Бога: Усемагутны чакае адказу «так» ад сваіх стварэнняў, як малады жаніх чакае адказу «так» ад сваёй каханай. На жаль, з самага пачатку, чалавецтва, падманутае хлуснёю злога духа, замкнулася ад Божай любові ў зманлівай упэўненасці ў самадастатковасці, якая немагчыма (пар. Быц 3, 17). Замыкаючыся ў сабе, Адам аддаліўся ад той крыніцы жыцця, якою з’яўляецца сам Бог, і стаў першым з тых, «хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю» (Гбр 2, 15). Аднак Бог не адступіўся, больш за тое, «не» чалавека стала як быццам вырашальным фактарам у тым, што Бог адкрыў сваю любоў з усёю яе адкупляльнаю сілаю. Крыж адкрывае паўнату Божай любові Менавіта ў таямніцы крыжа поўнасцю адкрылася бязмежная моц міласэрнасці нябеснага Айца. Каб зноў вярнуць любоў свайго стварэння, Ён згадзіўся заплаціць найвышэйшую цану крыві свайго Адзінароднага Сына. Смерць, якая для першага Адама была знакам крайняй самотнасці і немачы, такім чынам ператварылася ў найвышэйшы акт любові і свабоды новага Адама. Таму можна паўтарыць за Максімам Вызнаўцам, што Хрыстус «памёр, калі можна так сказаць, па-боску, таму што памёр дабравольна» (Ambiguorum liber, 91, 1956). У крыжы праяўляецца Божая любоў (эрас) да нас. Бо «эрас» — як гаворыць Псеўда-Дыянісій — гэта тая сіла, «што не дае любячаму заставацца самому ў сабе, а схіляе яго яднацца з каханаю асобаю» (De divinis nominibus, IV, 13: PG 3, 712). Ці ж ёсць больш «неўтаймаваны эрас» (Н. Кабасілас, «Пра жыццё ў Хрысце») за той, які ўчыніў, што Сын Божы з’яднаўся з намі так моцна, што ўзяў на сябе наступствы нашых злачынстваў і цярпеў за іх? «Той, Каго прабілі» Дарагія браты і сёстры, мы глядзім на прабітага Хрыста на крыжы! Ён — найбольш уражальнае адкрыццё любові Бога, той любові, у якой «эрас» і «агапэ» зусім не супрацьстаяць адно аднаму, а асвятляюць адно другое. На крыжы сам Бог выпрошвае любоў свайго стварэння, ён прагне любові кожнага з нас. Апостал Тамаш пазнаў у Езусе Пана і Бога, калі ўклаў руку ў рану ў Яго баку. Нічога дзіўнага ў тым, што шмат святых бачылі ў Сэрцы Езуса найбольш кранальны выраз гэтай таямнічай любові. Наогул, можна было б сказаць, што гэтае адкрыццё «эраса» Бога да чалавека насамрэч з’яўляецца найвышэйшаю праяваю Яго «агапэ». Сапраўды, толькі такая любоў, у якой бескарыслівы дар самога сябе злучаны з палымяным жаданнем узаемнасці, прыносіць тую асалоду, дзякуючы якой самыя цяжкія ахвяры становяцца лёгкімі. Езус сказаў: «Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Пан прагна жадае, каб у адказ мы перадусім прынялі Яго любоў і дазволілі Яму прыцягнуць нас. Аднак недастаткова толькі прыняць Яго любоў. На гэтую любоў трэба адказаць узаемнасцю, а потым старацца перадаваць яе іншым: Хрыстус «прыцягвае мяне да сябе», каб з’яднацца са мною, каб я навучыўся любіць братоў такою самаю любоўю, якою любіць Ён. Кроў і вада «Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі». Мы з даверам глядзім на прабіты бок Езуса, з якога выцеклі «кроў і вада» (Ян 19, 34). Айцы Касцёла прызналі, што гэта — сімвалы хросту і Эўхарыстыі. Праз ваду хросту дзякуючы дзеянню Святога Духа перад намі адкрываецца неабсяжная любоў Тройцы. Падчас Вялікага посту, памятаючы пра наш хрост, мы пакліканыя выйсці з замкнутасці ў сабе і з поўным даверам дазволіць Айцу ўзяць нас у свае міласэрныя абдымкі (пар. св. Ян Залатавусны, Саtechesi, 3, 14 і наст.). Кроў, што з’яўляецца сімвалам любові Добрага Пастыра, сцякае на нас асабліва ў эўхарыстычнай таямніцы: «Эўхарыстыя далучае нас да ахвярнага акту Езуса (…), мы ўключаемся ў саму дынаміку Яго ахвяры» (Deus caritas est, 13). Таму мы перажываем Вялікі пост як «эўхарыстычны» час, калі, прымаючы любоў Езуса, мы вучымся распаўсюджваць яе ў свеце вакол нас кожным жэстам і словам. Сузіранне «Таго, Каго прабілі», дапаможа нам адкрыць сэрцы для іншых і ўбачыць раны, нанесеныя годнасці чалавечай асобы; яно наказвае нам змагацца з усімі формамі пагарды да жыцця і выкарыстання чалавека, а таксама падтрымліваць тых шматлікіх людзей, якія перажываюць трагедыю самотнасці і пакінутасці. Няхай на працягу Вялікага посту кожны хрысціянін нанава спазнае Божую любоў, дадзеную нам у Хрысце, любоў, якую мы, у сваю чаргу, павінны штодзённа «аддаваць» бліжняму, а асабліва таму, хто найбольш церпіць і знаходзіцца ў найбольшай патрэбе. Толькі такім чынам мы зможам поўнасцю ўдзельнічаць у пасхальнай радасці. Марыя, Маці Прыгожай Любові, няхай вядзе нас па гэтым велікапосным шляху — шляху сапраўднага навяртання да Хрыстовай любові. Вам, дарагія браты і сёстры, я сардэчна жадаю, каб гэты велікапосны шлях быў плённым, і ўсім перадаю спецыяльнае апостальскае благаслаўленне. Ватыкан, 21 лістапада 2006 г. Бэнэдыкт XVI, Папа |
|
«Дзеці і сродкі камунікацыі: выклік для выхавання» - Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 41-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі
|
Дарагія браты і сёстры, 1. Тэма 41-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі «Дзеці і сродкі камунікацыі: выклік для выхавання» схіляе нас да таго, каб паразважаць над двума надзвычай важнымі аспектамі. Першы з іх — фармацыя дзяцей, а другі — магчыма менш відавочны, але не менш важны — фармацыя сродкаў інфармацыі. Складаныя выклікі, з якімі непазбежна сутыкаецца сучаснае выхаванне, часта звязаныя з шырокім уплывам, які маюць у нашым свеце сродкі масавай інфармацыі. Як аспект з’явы глабалізацыі, сродкі інфармацыі, якім спрыяе таксама хуткае развіццё тэхналогій, маюць вялікі ўплыў на культурнае асяроддзе (пар. Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст «Хуткае развіццё», 3). Сапраўды, некаторыя людзі сцвярджаюць, што сродкі інфармацыі па сваім выхаваўчым уздзеянні спаборнічаюць са школаю, Касцёлам, і магчыма нават з сям’ёю. «Многія людзі ўспрымаюць рэчаіснасць так, як яе вызначаюць сродкі інфармацыі» (Папская Рада па пытаннях сацыяльнай камунікацыі, Aetatis Novae, 4). 2. Адносіны паміж дзецьмі, сродкамі інфармацыі і выхаваннем можна разглядаць у двух аспектах: выхаванне дзяцей сродкамі інфармацыі і выхаванне ў дзецях адпаведнага стаўлення да гэтых сродкаў. Узнікае своеасаблівае ўзаемадзеянне, якое паказвае адказнасць сродкаў інфармацыі як індустрыі, а таксама неабходнасць актыўнага і крытычнага ўдзелу чытачоў, гледачоў і слухачоў. У гэтым кантэксце адпаведнае выхаванне з мэтаю навучыць правільна карыстацца сродкамі інфармацыі мае першаснае значэнне для культурнага, маральнага і духоўнага развіцця дзяцей. Якім чынам трэба ахоўваць і развіваць гэтае супольнае дабро? Вучыць дзяцей выбіраць у карыстанні сродкамі інфармацыі — гэта адказнасць бацькоў, Касцёла і школы. У першую чаргу важная роля бацькоў, таму што яны маюць права і абавязак забяспечыць разумнае карыстанне сродкамі інфармацыі, вхоўваючы ў сваіх дзецях свядомасць, якая дасць ім магчымасць выказваць сур’ёзныя і аб’ектыўныя меркаванні, што стануць для іх арыенцірамі ў выбары прапанаваных праграмаў або ў адмаўленні ад іх (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 76). У гэтай справе бацькоў павінны заахвоціць і падтрымаць школа і парафія, даводзячы гэтым, што цяжкі, але захапляльны бацькоўскі абавязакі з імі падзяляе ўся супольнасць. Выхаванне адносна сродкаў інфармацыі павінна быць пазітыўным. Даючы дзецям прыклад таго, што мае вышэйшую эстэтычную і маральную вартасць, ім можна дапамагчы развіць асабісты пункт гледжання, узважаны падыход і здольнасць адрозніваць. Важна прызнаць асноватворную важнасць прыкладу бацькоў і перавагі, якія дае знаёмства маладога пакалення з класікамі дзіцячай літаратуры, прыгожым мастацтвам і высокай музыкай. Хоць папулярная літаратура заўсёды будзе займаць сваё месца ў культуры, імкненне да сенсацыі не павінна пасіўна прымацца ў выхаваўчых асяродках. Прыгажосць, як адлюстравнне боскага, натхняе і ажыўляе сэрца і розум маладога чалавека у той час, як непрыгожае і вульгарнае маюць адмоўны ўплыў на адносіны і паводзіны. Як выхаванне наогул, у адносінах да сродкаў інфармацыі яно павінна быць навукаю карыстання свабодай. Гаворка ідзе пра абавязкі і адказнасць. Занадта часта свабоду паказваюць як няспынны пошук задавальненняў ці новых адчуванняў. Гэта — прысуд, а не вызваленне! Сапраўдная свабода ніколі не стала бы прысудам для чалавека — асабліва для дзіцяці — на няўтольны пошук новага. У святле праўды сапраўдная свабода павінна ўспрымацца як рашучы адказ на Божае «так» чалавецтву, якое заклікае нас выбіраць — не слепа, а асэнсавана — усё добрае, сапраўднае і прыгожае. Бацькі з’яўляюцца ахоўнікамі гэтай свабоды і, паступова даючы сваім дзецям усё большую свабоду, вядуць іх да поўнай радасці жыцця (пар. Прамова на 5-й Сусветнай сустрэчы сем’яў у Валенсіі, 8 ліпеня 2006 г.). 3. Шчырае жаданне бацькоў і выхавацеляў выхоўваць дзяцей, ведучы іх шляхам прыгажосці, праўдыі і дабра, можа быць падтрымана індустрыяй інфармацыі толькі ў такой ступені, у якой яна развівае фундаментальную годнасць чалавечай істоты, сапраўдную каштоўнасць сужэнства і сямейнага жыцця, пазітыўны набытак і прызначэнне чалавецтва. Такім чынам, пільная неабходнасць удзелу сродкаў інфармацыі ў эфектыўным выхаванні у духу павагі да этычных нормаў з асаблівай зацікаўленасцю разглядаецца не толькі бацькамі і выхавацелямі, але і ўсімі людзьмі, якія маюць пачуццё грамадскай адказнасці. З упэўненасцю ў тым, што шмат супрацоўнікаў сродкаў інфармацыі хочуць дзейнічаць справядліва (Папская Рада па пытаннях сацыяльнай камунікацыі, Этыка ў сацыяльнай камунікацыі, 4), варта прызнаць, што работнікі сектару супрацьстаяць «псіхалагічнаму прэсінгу» і сутыкаюцца з «асаблівымі этычнымі дылемамі» (Aetatis novae, 19), якія з-за камерцыйнай канкурэнцыі часта прымушаюць тых, хто прафесійна працуе ў сродках інфармацыі, зніжаць іх узровень. Усе памкненні стварэння прагарамаў і прадукцыі (уключна з фільмамі і відэагульнямі), якія дзеля забавы праслаўляюць насілле, малююць антысацыяльныя паводзіны або апашляюць чалавечую сексуальнасць, з’яўляюцца ненармальнасцю, ненармальнасцю тым больш агіднаю, калі гэтыя праграмы прызначаюцца для дзяцей і падлеткаў. Як можна растлумачыць такую «забаву» безлічы нявінных маладых людзей, якія рэальна пакутуюць ад насілля, эксплуатацыі і злоўжыванняў? У сувязі з гэтым кожнага варта заахвоціць паразважаць над кантрастам паміж Хрыстом, які «абдымаючы дзяцей, ускладаў на іх рукі» (Мк 10, 16) і тыпам, які ўцягвае ў грэх «аднаго з малых гэтых» — «лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю камень ад жорнаў (…)» (пар. Лк 17, 2). Я зноў звяртаюся з заклікам да кіраўнікоў медыяіндустрыі выхоўваць і заахвочваць вытворцаў дбаць пра супольнае дабро, адстойваць праўду, абараняць годнасць кожнага чалавека і падтрымліваць увагу да патрэбаў сям’і. 4. Касцёл у святле даверанага яму паслання збаўлення сам з’яўляецца выхавацелем чалавецтва і ніколі не ўпускае магчымасці садзейнічаць бацькам, выхавацелям, работнікам сродкаў інфармацыі і моладзі. Яго ўласныя праграмы ў парафіях і школах павінны быць наперадзе ў выхаванні адносна сродкаў інфармацыі. Перадусім Касцёл жадае дзяліцца бачаннем чалавечай годнасці, якая знаходзіцца ў цэнтры усіх нармальных чалавечых зносінаў. «Я гляжу вачыма Хрыста і магу даць іншаму нашмат больш, чым тое, чаго ён знешне патрабуе: позірк любові, якога прагне» (Deus caritas est, n. 18). Ватыкан, 24 студзеня 2007 г., ва ўспамін святога Францішка Сальскага. Бэнэдыкт XVI |
Сям’я ў міграцыі Дарагія браты і сёстры!
З нагоды чарговага Сусветнага дня Мігрантаў і Бежанцаў углядаючыся ў Святую Сям’ю з Назарэта — вобраз усіх сем’яў — я хацеў бы запрасіць вас паразважаць пра становішча сям’і ў міграцыі. Святы евангеліст Мацвей апавядае, што неўзабаве пасля нараджэння Езуса Юзаф быў вымушаны ўначы вырушыць у Егіпет, узяўшы з сабою Дзіцятка і Яго Маці, каб уцячы ад пераследу Ірада (пар. Мц 2,13–15). Каментуючы гэты евангельскі тэкст, мой шаноўны Папярэднік Слуга Божы Папа Пій ХІІ у 1952 г. напісаў: «Сям’я з Назарэта ў выгнанні, Езус, Марыя і Юзаф у эміграцыі ў Егіпце, вымушаныя хавацца там ад гневу жорсткага цара, з’яўляюцца ўзорам, прыкладам і падтрымкаю для ўсіх эмігрантаў і пілігрымаў усіх узростаў і з усіх краінаў, усіх бежанцаў, незалежна ад становішча, якія, гнаныя пераследам ці патрэбаю, не маюць іншага выйсця акрамя таго, як пакінуць радзіму, дарагіх родных, блізкіх, любых сяброў і скіравацца ў чужыя краі» (Exsul familia, AAS 44, 1952, 649). У драматычных перажываннях сям’і з Назарэта, вымушанай уцякаць у Егіпет, можна ўбачыць балючае становішча ўсіх мігрантаў, асабліва бежанцаў, выгнаннікаў, эвакуяваных, перамешчаных асобаў, пераследаваных. Мы бачым цяжкасці кожнай сям’і ў міграцыі, нястачы, прыніжэнні, нягоды і няпэўнасць мільёнаў і мільёнаў мігрантаў, бежанцаў і перамешчаных асобаў. Сям’я з Назарэта адлюстроўвае вобраз Божы, які захоўваецца ў сэрцы кожнай чалавечай сям’і, нават знявечанай і аслабленай эміграцыяй. Тэма наступнага Сусветнага дня Мігрантаў і Бежанцаў — «Сям’я ў міграцыі» — з’яўляецца працягам таго, чаму былі прысвечаны гэтыя дні ў 1980, 1986 і 1993 гадах, і павінна яшчэ раз падкрэсліць клопат Касцёла не толькі пра асобных мігрантаў, але таксама пра іх сем’і, якія з’яўляюцца месцам і крыніцаю культуры жыцця і фактарам інтэгравання каштоўнасцяў. Сям’я мігранта сустракаецца са шматлікімі цяжкасцямі. Аддаленасць яе членаў адзін ад аднаго і немагчымасць аб’яднання часта становяцца прычынаю разрыву першасных сувязяў. Узнікаюць новыя адносіны і з’яўляюцца новыя пачуцці, забываецца мінулае і асабістыя абавязкі, для якіх аддаленасць і самотнасць становяцца цяжкім выпрабаваннем. Калі сям’і ў эміграцыі не забяспечваецца рэальная магчымасць далучэння і ўдзелу, цяжка разлічваць на яе гарманічнае развіццё. Міжнародная канвенцыя па абароне правоў усіх работнікаў-мігрантаў і членаў іх сем’яў, якая ўступіла ў дзеянне 1 ліпеня 2003 г., паклікана ўзяць пад апеку работнікаў і работніц-мігрантаў і членаў іх сем’яў. Такім чынам, прызнаецца каштоўнасць сям’і таксама ў тым, што датычыць міграцыі, якая сёння стала структурнаю з’яваю нашага грамадства. Касцёл заклікае да прыняцця міжнародных прававых механізмаў, якія змогуць абараніць правы мігрантаў, бежанцаў і іх сем’яў, і дзякуючы сваім разнастайным установам і асацыяцыям дасць ім тую аброну (advocacy), якая становіцца ўсё больш неабходнаю. З гэтаю мэтаю былі створаныя цэнтры для зваротаў мігрантаў, дамы прыёму, установы дапамогі асобам і сем’ям, а таксама ўзніклі іншыя ініцыятывы для забеспячэння патрэбаў гэтага сектару, якія ўвесь час павялічваюцца. Ужо нямала робіцца дзеля інтэграцыі сем’яў мігрантаў, хоць яшчэ шмат што належыць зрабіць. Існуюць аб’ектыўныя цяжкасці, звязаныя з «абарончымі механізмамі» першага пакалення мігрантаў, якія пагражаюць стаць перашкодаю для далейшага сталення моладзі другога пакалення. Менавіта таму з’яўляюцца неабходнымі заканадаўчыя, прававыя і сацыяльныя захады, якія змогуць аблягчыць гэтую інтэграцыю. У апошні час узрасла колькасць жанчын, якія пакідаюць свае родныя краіны ў пошуках лепшых умоваў жыцця, шукаючы больш шматабяцальных прафесійных перспектываў. Аднак шмат жанчын урэшце становяцца ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі. Спрыяючы аб’яднанню сем’яў, сацыяльныя работнікі, у прыватнасці законніцы, могуць служыць пасрэднікамі і такім чынам здзяйсняць служэнне, якое заслугоўвае высокай ацэнкі і ўсё большай пашаны. У тым, што датычыць інтэграцыі сем’яў мігрантаў, я лічу сваім абавязкам звярнуць увагу на сем’і бежанцаў, становішча якіх выглядае горшым, чым яно было раней, таксама ў справе аб’яднання сямейнах ячэек. У месцах іх прабывання да праблемаў арганізацыйнага забеспячэння і асабістых цяжкасцяў, звязаных з траўмамі і эмацыянальным стрэсам у сувязі з перажытымі трагічнымі падзеямі, часам дадаецца небяспека ўцягвання жанчын і дзяцей у сексуальную эксплуатацыю як сродак выжывання. У гэтых выпадках існуе патрэба ўважлівай душпастырскай прысутнасці, якая, акрамя дапамогі, здольнай супакіць сардэчныя раны, забяспечыць падтрымку з боку хрысціянскай супольнасці, што дасць магчымасць аднавіць культуру павагі да любові і зноў адкрыць яе сапраўдную каштоўнасць. Важна заахвочваць унутрана спустошаных людзей да вяртання веры ў саміх сябе. Акрамя таго неабходна зрабіць так, каб былі гарантаваныя правы і годнасць сем’яў і каб яны былі забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з іх патрэбамі. З другога боку, трэба прасіць бежанцаў развіваць адкрытыя і станоўчыя адносіны да грамадства, якое іх прымае, праяўляючы актыўную гатоўнасць адказаць на прапановы ўдзельнічаць у супольным будаўніцтве інтэгральнага грамадства, якое будзе «агульным домам» для ўсіх. Існуе катэгорыя мігрантаў, якая заслугоўвае асаблівага разгляду: гэта студэнты з іншых краінаў, якія трапляюць у іншую краіну, не валодаючы ў дастатковай ступені моваю, часам не маюць сяброў і часта недастаткова забяспечаны стыпендыяй. Яшчэ ў больш складаным становішчы знаходзяцца жанатыя студэнты. Праз свае ўстановы Касцёл імкнецца зрабіць менш балючай адсутнасць падтрымкі з боку сям’і гэтых маладых студэнтаў і дапамагае ім інтэгравацца ў гарадах, дзе іх прымаюць, знаходзячы сем’і, гатовыя іх прыняць, і аблягчаючы іх узаемнае знаёмства. Як я ўжо казаў з іншай нагоды, дапамога студэнтам з-за мяжы з’яўляецца «важным накірункам душпастырскай дзейнасці. Сапраўды, маладыя людзі, якія выязджаюць са сваіх краінаў у навучальных мэтах, сустракаюцца са шматлікімі праблемамі і асабліва з небяспекаю страты сваёй тоеснасці» (L’Osservatore Romano, 15 снежня 2005 г.). Дарагія браты і сёстры, няхай Сусветны дзень Мігрантаў і Бежанцаў стане добраю нагодаю для таго, каб звярнуць увагу касцёльных супольнасцяў і грамадскай думкі на патрэбы і праблемы, а таксама на станоўчы патэнцыял сем’яў мігрантаў. Я асабліва звяртаюся ў думках да тых, хто непасрэдна ўключаны ў шырокую з’яву міграцыі, а таксама да тых, хто свае душпастырскія намаганні прысвячае служэнню чалавечаму перамяшчэнню. Словы апостала Паўла caritas Christi urget nos — «любоў Хрыста ахапіла нас» (2 Кар 5, 14) — няхай будуць заахвочаннем да таго, каб служыць перадусім братам і сёстрам, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе. З такімі пачуццямі я прашу Божай дапамогі для кожнага і з радасцю ўдзяляю ўсім спецыяльнае апостальскае благаслаўленне. Ватыкан, 18 кастрычніка 2006 г. |
Чалавечая асоба — сэрца міру
На пачатку новага года я хацеў бы звярнуцца да кіраўнікоў народаў і адказных за іх, а таксама да ўсіх людзей добрай волі з пажаданнем міру. Гэтае пажаданне я скіроўваю перадусім да тых, хто пакутуе ад болю і цярпенняў, да тых, каму пагражае насілле і моц зброі, а таксама да тых, хто, пазбаўлены ўсялякай годнасці, чакае, што яго ацэняць належным чынам на чалавечым і грамадскім узроўні. Скіроўваю гэтае пажаданне да дзяцей, нявіннасць якіх узбагачае чалавецтва дабрынёю і надзеяй, а іх цярпенне схіляе ўсіх нас да таго, каб мы спрыялі ўсталяванню справядлівасці і міру. Менавіта з думкаю пра дзяцей, асабліва пра тых, чыя будучыня знаходзіцца пад пагрозай з-за эксплуатацыі і зла з боку дарослых, якія не адчуваюць дакораў сумлення, я жадаў бы з нагоды Сусветнага дня міру засяродзіць увагу ўсіх на тэме: «Чалавечая асоба — сэрца міру». Бо я ўпэўнены, што, калі мы шануем асобу, умацоўваецца мір, а калі мы нясем мір, то ствараем перспектывы для сапраўднага, інтэгральнага гуманізму. Такім чынам мы рыхтуем мірную будучыню для наступных пакаленняў. Чалавечая асоба і мір — дар і заданне У Святым Пісанні гаворыцца: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27). Чалавек мае годнасць асобы, паколькі быў створаны паводле вобразу Божага; ён не толькі «штосьці», але «хтосьці», здольны пазнаваць сябе самога, панаваць над сабою, свабодна прыносіць сябе ў дар і ствараць супольнасць з іншымі асобамі. Адначасова праз ласку ён пакліканы жыць у запавеце са сваім Творцам, даваць Яму адказ веры і любові, які ніхто за яго не можа даць (пар. ККК, 357). У гэтай цудоўнай перспектыве становіцца зразумелым заданне, якое было даручана чалавечай істоце: яна павінна сталець у здольнасці любіць і садзейнічаць прагрэсу свету, а таксама яго аднаўленню ў справядлівасці і міры. Святы Аўгустын у лаканічным сцвярджэнні навучае: «Бог, які нас стварыў без нашага ўдзелу, не жадаў збавіць нас без нас саміх» (Прамова 169, 11, 13: PL 38, 923). Такім чынам, чалавечыя істоты павінны развіваць у сабе свядомасць гэтага падвойнага вымярэння — дару і задання. Таксама мір з’яўляецца адначасова дарам і заданнем. Калі праўда тое, што мір паміж паасобнымі людзьмі і народамі, здольнасць жыць побач у справядлівасці і салідарнасці, патрабуе няспынных намаганняў, то праўда таксама і ў тым — можа, нават у большай ступені, — што мір з’яўляецца дарам Бога. (...) Права на жыццё і рэлігійную свабоду Абавязак шанавання годнасці кожнай чалавечай істоты, у натуры якой адлюстроўваецца вобраз Творцы, у выніку азначае, што нельга распараджацца асобаю па ўласнай волі. Той, хто мае найбольшую палітычную, тэхнічную, эканамічную ўладу, не павінен выкарыстоўваць яе для парушэння правоў іншых людзей, якія знаходзяцца ў менш выгодным становішчы. Бо на пашане да правоў усіх людзей будуецца мір. Усведамляючы гэта, Касцёл абараняе асноўныя правы кожнага чалавека. Асабліва дабіваецца ён пашаны да жыцця і рэлігійнай свабоды кожнага чалавека. Шанаванне права на жыццё на кожным яго этапе мае вырашальнае значэнне: жыццё з’яўляецца дарам, якім суб’ект поўнасцю не распараджаецца. Таксама і забеспячэнне права на рэлігійную свабоду ставіць чалавечую істоту ў суадносіны да трансцэндэнтнага Пачатку (Principium), які выключае яе з чалавечага распараджэння. Права на жыццё і на свабоднае вызнаванне ўласнай веры ў Бога не падлягае ўладзе чалавека. Для міра патрэбна ўсталяваць межы паміж тым, чым можна, а чым нельга распараджацца: так мы зможам пазбегнуць недапушчальнага ўмяшальніцтва ў гэтую спадчыну каштоўнасцяў, якая належыць толькі чалавеку. Калі гаворка ідзе пра права на жыццё, трэба выразна сцвердзіць, што ў нашым грамадстве адбываецца знішчэнне жыцця: побач з ахвярамі ўзброеных канфліктаў, тэрарызму і разнастайных формаў насілля ёсць ахвяры ціхай смерці з прычыны голаду, абортаў, вопытаў на эмбрыёнах і эўтаназіі. Як можна не бачыць, што ўсё гэта з’яўляецца пагрозай для міру? Аборты і вопыты на эмбрыёнах з’яўляюцца прамой супрацьлегласцю пазіцыі адкрытасці на іншага, што з’яўляецца неабходным для стварэння трывалых мірных адносінаў. Калі ж гаворка ідзе пра свабоду вызнавання ўласнай веры, праявай адсутнасці міру ў свеце з’яўляюцца цяжкасці, якія хрысціяне і вызнаўцы іншых рэлігій часта зведваюць у публічным і свабодным вызнаванні сваіх рэлігійных поглядаў. Кажучы менавіта пра хрысціянаў, я з болем вымушаны звярнуць увагу на тое, што яны часам не толькі сутыкаюцца з перашкодамі; у некаторых грамадствах іх пераследуюць, а зусім нядаўна мелі месца трагічныя выпадкі жорсткага насілля. Існуюць рэжымы, якія навязваюць усім адну рэлігію, а рэжымы абыякавыя выкарыстоўваюць не столькі агрэсіўны пераслед, а сістэматычнае культурнае высмейванне рэлігійных поглядаў. У кожным выпадку не захоўваецца асноватворнае права чалавека, што мае сур’ёзныя наступствы для мірнага суіснавання. Такім чынам распаўсюджваюцца толькі ментальнасць і культура, варожыя міру. (...) «Экалогія міру» Ян Павел ІІ піша ў энцыкліцы Centesimus annus: «Не толькі зямля была дадзена чалавеку Богам, каб ён карыстаўся ёю з пашанай да першапачаткова запланаванага дабра, для якога яна была дадзена яму, але таксама сам для сябе чалавек з’яўляецца дарам, атрыманым ад Бога, і таму ён павінен паважаць натуральную і маральную структуру, якою быў надзелены» (пар. Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла на тэму супрацоўніцтва мужчыны і жанчыны ў Касцёле і ў свеце, 31 мая 2004 г., 38). У адказ на гэты дар, даручаны яму Творцам, чалавек, разам з сабе падобнымі, можа фармаваць свет супакою. Такім чынам, побач з экалогіяй прыроды існуе экалогія, якую можна назваць «чалавечай» і якая ў сваю чаргу патрабуе «грамадскай экалогіі». Гэта азначае, што чалавецтва, калі яно імкнецца да супакою, павінна звяртаць усё большую ўвагу на сувязі, якія існуюць паміж натуральнай экалогіяй — гэта значыць пашанай да прыроды — і чалавечай экалогіяй. Вопыт паказвае, што любыя адносіны пры адсутнасці павагі да навакольнага асяроддзя прыносяць шкоду адносінам паміж людзьмі, і наадварот. Усё больш выразна праяўляецца непарыўная сувязь паміж мірам са створаным светам і мірам паміж людзьмі. Адзін і другі патрабуюць міру паміж чалавекам і Богам. Верш-малітва святога Францішка, вядомы як «Гімн брату Сонцу», — цудоўны і заўсёды актуальны прыклад гэтай разнастайнай экалогіі супакою. (...) Рэдукаванае бачанне чалавека Таму, нягледзячы на цяжкасці і міжнародныя напружанні, якія існуюць у цяперашні час, неабходна прыкладаць намаганні на карысць чалавечай экалогіі, якая спрыяе ўзрастанню «дрэва» міру. Прыкладам для дзеянняў у гэтым напрамку павінна быць бачанне асобы, не абцяжаранае ідэалагічнымі і культурнымі прадузятасцямі альбо палітычнымі і эканамічнымі выгадамі, якія абуджаюць нянавісць і падштурхоўваюць да насілля. Зразумела, што ў розных культурах узнікаюць розныя бачанні чалавека. Аднак нельга дапусціць распаўсюджання антрапалагічных канцэпцый, якія маюць у сабе зачаткі варожасці і насілля. Таксама недапушчальнымі з’яўляюцца канцэпцыі Бога, якія схіляюць да непрыязнасці да бліжніх і да насілля ў адносінах да іх. Гэта неабходна сказаць выразна: ні ў якім выпадку нельга адобрыць вайну ў імя Бога! Калі якая-небудзь канцэпцыя Бога з’яўляецца глебай злачынства, то гэта знак, што такая канцэпцыя ўжо ператварылася ў ідэалогію. Аднак сёння захаванне міру стала праблемай не толькі з прычыны канфлікту паміж рэдукаванымі бачаннямі чалавека, гэта значыць паміж ідэолагамі. Гэта адбылося таксама з-за абыякавасці да таго, з чаго складаецца сапраўдная натура чалавека. Бо многія сучаснікі адмаўляюць існаванне спецыфічнай чалавечай натуры, у выніку чаго становяцца магчымымі найбольш экстравагантныя інтэрпрэтацыі складаных элементаў чалавечага быцця. Таксама ў гэтым пытанні неабходна выразнасць: «слабое» бачанне асобы, якое дапускае любую эксцэнтрычную канцэпцыю, толькі на першы погляд спрыяе міру. На самай справе яно ўскладняе сапраўдны дыялог і робіць магчымым аўтарытарнае навязванне ідэі, і такім чынам пакідае безабароннай асобу, якая, у выніку, лёгка становіцца ахвярай прыгнёту і насілля. (...) Касцёл у абароне трансцэндэнтнасці чалавечай асобы На заканчэнне жадаю звярнуцца з гарачым заклікам да Божага Народа, каб кожны хрысціянін адчуў, што яго заданне — быць нястомным будаўніком міру і трывалым абаронцам годнасці чалавечай асобы і яе неад’емных правоў. Удзячны Богу за тое, што Ён паклікаў яго быць членам свайго Касцёла, які ў свеце з’яўляецца «знакам і гарантыяй трансцэндэнтнага характару чалавечай асобы» (ІІ Ватыканскі Сабор, Душпастырская канстытуцыя Gaudium et spes, 76), хрысціянін будзе нястомна маліць Яго аб фундаментальным дабры міру, які мае такое вялікае значэнне ў жыцці кожнага. Няхай ганарыцца тым, што са шчодрай адданасцю служыць справе міру, выходзячы насустрач братам, асабліва тым, якія, акрамя ўбоства і нястачы, пазбаўлены гэтага каштоўнага дабра. Езус абвясціў нам, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8) і што найвышэйшым пакліканнем кожнай асобы з’яўляецца любоў. У Хрысце мы можам адкрыць найвышэйшыя прычыны для таго, каб стаць рашучымі абаронцамі чалавечай годнасці і мужнымі будаўнікамі супакою. Няхай жа кожны вернік заўсёды садзейнічае прапагандаванню сапраўднага інтэгральнага гуманізму, у адпаведнасці з навучаннем энцыклік Populorum progressio і Sollicitudo rei socialis, 40-ю і 20-ю гадавіны якіх мы будзем адзначаць у гэтым годзе. Каралеве Супакою, Маці Езуса Хрыста, які з’яўляецца «нашым супакоем» (Эф 2, 14), давяраю сваю гарачую малітву за ўсё чалавецтва на пачатку 2007 года, на які глядзім з поўным надзеі сэрцам, нягледзячы на небяспекі і праблемы. Няхай Марыя ўказвае нам на свайго Сына як на Шлях супакою і напоўніць нашыя вочы святлом, каб мы ўмелі распазнаваць Яго аблічча ў твары кожнай чалавечай асобы, якая з’яўляецца сэрцам супакою. |
Забалаць — парафія Найсвяцейшай Тройцы
|
| Фота grodnensis.by | Адрас: в. Забалаць Воранаўскі р-н Гродзенская вобл. 231396
Тэл.: (8-01594) 9-71-82 вРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
- Св. Імша ў нядзелю і святы — 10.00, 12.00, 19.00
- Св. Імша ў будні — 19.00
Адпуст: урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ыЗ гісторыі парафіі
Парафія створана ў 1601 г., цяперашні касцёл пабудаваны ў 1812 г. |
Ліст Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана кардынала Анджэло Садано з нагоды Сусветнага дня турызму 27 верасня 2006 г.
|
Найдастойнейшаму спадару д-ру Франчэска Франджаллі Сакратару Сусветнай арганізацыі турызму З Ватыкана, 8 верасня 2006 г. Шаноўны спадару, З нагоды Сусветнага дня турызму, які адбудзецца 27 верасня гэтага года, я з радасцю перадаю вам сардэчнае прывітанне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI разам з пажаданнем, каб гэтае значнае мерапрыемства дапамагло падкрэсліць станоўчы патэнцыял турызму, таму што яго натхняюць чалавечыя і духоўныя каштоўнасці. Тэма, якую прапануе сёлета гэтая Сусветная арганізацыя, — «Турызм узбагачае» — дае магчымасць паразважаць над тым, як яшчэ далей вызначыць культуру падарожжа і перамяшчэння людзей так, як яна прадстаўлена рознымі формамі сучаснага турызму. У той жа час яна дае магчымасць прааналізаваць значныя эканамічныя і фінансавыя інтарэсы, а таксама шматлікія сацыяльныя, рэлігійныя, культурныя, палітычныя і экалагічныя аспекты, да якіх сучасныя глабальныя аб’ёмы турызма прыцягваюць адказную ўвагу дзяржаваў і народаў. Турызм, бясспрэчна, з’яўляецца крыніцаю дабрабыту, бо ён дапамагае функцыянаванню нацыянальных эканомік і складае асноўную частку унутранага валавага прадукту і плацёжнага балансу большасці краінаў. Акрамя таго, розныя заняткі, звязаныя з турыстычнай дзейнасцю, даюць працу мільёнам людзей, якія належаць да самых разнастайных сацыяльных катэгорый. Засноўваюцца міжнародныя фінансавыя карпарацыі і разнастайныя нацыянальныя прадпрыемствы, якія такім узроставым катэгорыям, як моладзь і пенсіянеры, аблягчаюць перамяшчэнне з мэтай турызма ва ўсе поры года. Мільёны людзей і сем’яў займаюцца турызмам; гэта спрыяе стварэнню працоўных асацыяцый, сямейных і калектыўных кааператываў; гэта закранае горад і вёску, датычыць горных і прыморскіх рэгіёнаў, а таксама мясцінаў з адметнай прыродаю ці культурным значэннем. Турызм таксама з’яўляецца цудоўнай магчымасцю і несумненнай крыніцаю для мастацтва і народных промыслаў. Да таго ж, дзякуючы новым сучасным тэхналогіям (інтэрнэт, самалёты, караблі, аўтамагістралі, хуткасныя цягнікі і г. д.) пераадолены ўсе адлегласці ў часе і ў прасторы, і турыст можа лёгка трапіць у любы куток зямлі. Ва ўзаемнай гасціннасці, якая адбываецца паміж наведвальнікам і прымаючым бокам, можа здзяйсняцца абмен зямнымі дабротамі і культурны абмен, што робіць чалавечае суіснаванне больш братэрскім і салідарным. Як неаднаразова нагадвала гэтая Сусветная арганізацыя, турызм — гэта перш за ўсё справа людзей. Таму узбагачэнне, якое ён дае, не павінна быць толькі эканамічным ці матэрыяльным. Гэта лепш дапамагае зразумець назіранне, зробленае ІІ Ватыканскім Саборам: «Больш-менш агульнае змяншэнне працоўнага часу з кожным днём павялічвае магчымасці многіх людзей. Неабходна правільна выкарыстоўваць вольны час для адпачынку і ўмацавання здароўя душы і цела (…), дзякуючы падарожжам у іншыя краіны (турызм), праз што ўдасканальваецца духоўны свет чалавека, а людзі ўзбагачаюцца знаёмствам адных з другімі» (Канст. Gaudium et spes, 61). Турызм можа спрыяць сапраўднаму чалавечаму і грамадскаму развіццю дзякуючы большым магчымасцям для дзялення дабротамі, для плённага культурнага абмену, для доступу да хараства прыроды і мастацтва, для супастаўлення розных менталітэтаў, традыцый і рэлігій. Падарожжы духоўна ўзбагачаюць чалавека, які кіруецца ў дарогу для таго, каб адкрыць штосьці новае, у якога з’яўляецца стымул даведацца, якія адказы далі іншыя людзі на вялікія пытанні быцця. Асабліва ў наш час турызм можа выяўляць асноўнае патрабаванне чалавечай асобы — павялічваць веды і адчуваць, што чалавек з’яўляецца ў той жа час носьбітам культуры і дабра. Каб гэта стала магчымым, абавязкова патрэбная сур’ёзная падрыхтоўка, якая выключае спантаннасць і павярхоўнасць. Таму пажадана, каб дзяржавы, асацыяцыі турыстычных агентаў, універсітэцкія і культурныя ўстановы, прафсаюзы, якія дзейнічаюць у гэтым сектары, спрыялі набыццю адпаведнай кампетэнцыі і давалі канкрэтныя гарантыі па прёме турыстаў. Вельмі важна, каб пачала ажыццяўляцца пераканаўчая адукацыйная дзейнасць, прысвечаная каштоўнасцям турызму, у адносінах да людзей і ў абарону асобаў, супольнасцяў і прыродных і культурных багаццяў прымаючых краінаў. Толькі такім чынам гэтыя «новыя арэапагі», якімі з’яўляюцца турызм і вольны час, стануць крыніцаю сапраўднага чалавечага ўзбагачэння для ўсіх, не выключаючы і тых, хто жыве ў менш спрыяльных умовах, якія склаліся з натуральных ці грамадска-культурных прычынаў. Яго Святасць заклікае ўсіх, хто ўдзельнічае ў дзейнасці заслугоўваючай павагі Сусветнай арганізацыі турызму, кожнаму ў межах сваёй кампетэнцыі прыкласці канкрэтныя намаганні, каб турызм перажываўся як магчымасць для чалавечага і духоўнага ўзбагачэння. Такім чынам, турызм можа стаць яшчэ адной плённай крыніцаю сапраўднага ўзбагачэння чалавецтва; на самай справе, дзякуючы яму людзі і культуры абменьваюцца каштоўнасцямі ведаў і дабрабыту, справядлівасці і свабоды, прыгажосці і міру, якія даюць жыццю поўны сэнс. Разам з гэтым пажаданнем ён запэўнівае ў асаблівай малітоўнай памяці і для ўсіх просіць Божага благаслаўлення. Я таксама з радасцю далучаю маё шчырае прывітанне і, карыстаючыся нагодаю, запэўніваю ў сваёй глыбокай павазе. Кардынал Анджэло Садано Дзяржаўны Сакратар |
Пасланне Бэнэдыкта ХVІ на 43 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях 7 мая 2006 года
|
Шаноўныя браты ў біскупстве, дарагія браты і сёстры, цэлебрацыя чарговага Сусветнага дня малітваў аб пакліканнях стане для мяне нагодай для таго, каб запрасіць увесь народ Божы паразважаць на тэму «Пакліканне ў таямніцы Касцёла». Святы апостал Павел піша: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3-5). Яшчэ да стварэння свету, да таго як мы пачалі існаваць, Айцец Нябесны выбраў нас асабіста і заклікаў увайсці ў сыноўнюю сувязь з Ім праз Езуса, Уцелаўлёнае Слова, пад натхненнем Духа Святога. Аддаючы за нас жыццё, Езус увёў нас у таямніцу любові Айца. У таямніцу гэтай любові, якая цалкам ахоплівае Езуса і якую Ён ахвяруе кожнаму з нас. Такім чынам, з’яднаныя з Езусам — Галавою — мы ўтвараем адно цела, якім ёсць Касцёл. Дзве тысячы гадоў гісторыі, якая мінула з часу падзей Езуса, стала прычынаю таго, што цяжка заўважаць навізну захапляльнага Божага ўсынаўлення, якое знаходзіцца ў цэнтры навучання св. Паўла. Апостал нагадвае нам, што Бог Айцец «дазволіў нам пазнаць таямніцу сваёй волі.., каб аб’яднаць усё ў Хрысце» (Эф 1, 9-10). І з энтузіязмам дадае: «Мы ведаем, што тым, хто любіць Бога — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі» (Рым 8, 28-29). Гэта сапраўды захапляльная перспектыва: мы пакліканыя для таго, каб жыць як браты і сёстры Езуса, каб лічыць сябе сынамі і дочкамі аднаго і таго ж Айца. Гэта дар, які пераўзыходзіць усялякія проста чалавечыя ідэі або надзеі. Вызнанне праўдзівай веры адкрывае нашыя думкі і сэрцы на невычэрпную таямніцу Бога, якая пранізвае быццё чалавека. У святле гэтай таямніцы якой жа цяпер смутнай выглядае вельмі вялікая спакуса, каб лічыць сябе самадастатковымі людзьмі аж да закрыцця на таямнічы план Бога адносна нас. Любоў Айца, якая аб’яўляецца ў асобе Хрыста, становіцца для нас заклікам. Каб адказаць на Божы заклік і распачаць яго рэалізацыю, мы не павінны ўжо цяпер быць дасканалымі. Мы ведаем, што ўсведамленне ўласнага граху дазволіла марнатраўнаму сыну вярнуцца і перажыць такім чынам радасць паяднання з Айцом. Аднак слабасць і чалавечая абмежаванасць не з’яўляюцца перашкодаю пры ўмове, што яны дапамагаюць нам больш усведамляць тое, што нам патрэбна адкупленчая ласка Хрыста. Менавіта такім ёсць вопыт св. Паўла, які гаворыць: «Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста» (2 Кар 12, 9). У таямніцы Касцёла, містычнага Цела Хрыста, сіла Божай любові мяняе сэрца чалавека, робячы яго здольным перадаваць любоў бліжняму. На працягу стагоддзяў шмат мужчын і жанчын, змененых Божаю любоўю, ахвяравалі сваё жыццё для справы Божага Валадарства. Ужо на беразе Галілейскага возера шмат людзей дазволіла Езусу здабыць сябе. Яны шукалі аздараўлення цела і душы і былі ахопленыя сілаю Яго ласкі. Іншыя былі асабіста выбраныя Ім і сталі Яго апосталамі. Ёсць таксама такія асобы, як Марыя Магдалена і іншыя жанчыны, якія ішлі за Ім па ўласнай ініцыятыве, ішлі таму, што любілі. Яны таксама — нароўні з св. Янам — займалі асаблівае месца ў Яго сэрцы. Гэтыя мужчыны і гэтыя жанчыны, дзякуючы Хрысту, пазналі таямніцу любові Айца і прадстаўляюць разнастайнасць пакліканняў, прысутных у Касцёле з самага пачатку. Прыкладам кагосьці, пакліканага да сведчання асаблівым чынам пра любоў Бога, з’яўляецца Марыя, Маці Езуса, якая непасрэдна ўдзельнічала ў Яго пілігрымцы веры і ў таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення. У Хрысце, Галаве Касцёла, які ёсць Яго Целам, усе хрысціяне ўтвараюць выбранае племя, каралеўскае святарства, святы народ, або народ, прызначаны на ўласнасць Богу, каб абвяшчаць справы велічы таго, хто нас паклікаў з цемры да сапраўднага святла (пар. 1 П 2, 9). Касцёл з’яўляецца святым нягледзячы на тое, што яго члены патрабуюць ачышчэння, каб святасць — як дар Бога — магла ў іх заззяць поўным святлом. Другі Ватыканскі Сабор паказвае паўсюднае пакліканне да святасці, сцвярджаючы, што «вызнаўцы Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Пане Езусе не па сваім учынкам, але паводле Божай пастановы і ласкі, у хросце веры сталі сапраўднымі сынамі Божымі і ўдзельнікамі Боскай натуры, а праз гэта сапраўды святымі» (Lumen gentium, 40). У межах гэтага паўсюднага паклікання Хрыстус — Найвышэйшы Святар, — клапоцячыся пра Касцёл, у кожным пакаленні кліча асобаў, якія будуць клапаціцца пра Яго народ. Асаблівым чынам Ён кліча да святарскага служэння тых, хто павінен спаўняць бацькоўскую функцыю, крыніцай якой з’яўляецца бацькоўства самога Бога (пар. Эф 3, 14). Місію святара ў Касцёле немагчыма замяніць. Нягледзячы на тое, што ў некаторых рэгіёнах можам назіраць невялікую колькасць святароў, мы ніколі не павінны губляць упэўненасці ў тым, што Хрыстус надалей заклікае людзей, якія, як Апосталы, пакідаюць усё, каб цалкам аддаць сябе цэлебрацыі святых таямніцаў, абвяшчэнню Евангелля і душпастырскаму служэнню. У адгартацыі «Pastores dabo vobis» мой шаноўны папярэднік Ян Павел ІІ напісаў так: «Сувязь святара з Езусам Хрыстом, а ў Ім — з Яго Касцёлам, заключана ў самім факце быцця святаром моцаю кансэкрацыі — сакрамэнтальнага намашчэння, і ў святарскім дзеянні, г. зн. у місіі і служэнні. Пасвечаны святар асаблівым чынам з’яўляецца слугою Хрыста, прысутнага ў Касцёле як таямніцы, камуніі і місіі. Праз удзел у намашчэнні, а таксама ў місіі Хрыста святар можа працягваць у Касцёле Яго малітву, Яго слова, Яго ахвяру, Яго збаўчую дзейнасць. Святар з’яўляецца слугой Касцёла — таямніцы, бо здзяйсняе касцёльныя і сакрамэнтальныя знакі прысутнасці Хрыста Уваскрослага» (PDV, 16). Другім сярод спецыяльных пакліканняў, якія займаюць важнае месца ў Касцёле, з’яўляецца пакліканне да кансэкраванага жыцця. Па прыкладзе Марыі з Бэтаніі, якая «села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы» (Лк 10, 39), шмат мужчын і жанчын вырашаюць цалкам і выключна пайсці за Хрыстом. Кансэкраваныя асобы спаўняюць шмат відаў служэння ў сферы выхавання, клопату пра бедных, навучання ці апекі над хворымі, аднак гэтыя формы актыўнасці яны не ўспрымаюць як галоўную мэту свайго жыцця, бо, як падкрэслівае Кодэкс Кананічнага Права, «першым і галоўным абавязкам усіх кансэкраваных асобаў з’яўляецца сузіранне Божых праўдаў і пастаяннае яднанне з Богам у малітве» (кан. 663, § 1). У сваёй Апостальскай адгартацыі «Vita consecrata» Ян Павел ІІ указвае на тое, што «ў традыцыі Касцёла манаская кансэкрацыя ўспрымаецца як асаблівае і плённае паглыбленне хрысцільнай кансэкрацыі, калі праз гэтую кансэкрацыю асабістае з’яднанне з Хрыстом, распачатае ўжо ў святым хросце, развіваецца як дар яшчэ больш поўна, выражаецца і рэалізуецца праз жыццё паводле евангельскіх парадаў» (VC, 30). Памятаючы пра настаўленне Езуса: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37), мы глыбока адчуваем неабходнасць малітвы аб пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця. Нас не здзіўляе, што там, дзе людзі шчыра моляцца, назіраем росквіт пакліканняў. Святасць Касцёла больш за ўсё залежыць ад паяднання з Хрыстом і ад адкрытасці на таямніцу ласкі, якая дзейнічае ў сэрцах веруючых. Менавіта таму я жадаю запрасіць усіх веруючых развіваць паглыбленую сувязь з Хрыстом, Настаўнікам і Пастырам свайго народа, наследуючы Марыю, якая захоўвала ў сваім сэрцы Божыя таямніцы і ўважліва іх разважала (пар. Лк 2, 20). Разам з Тою, якая займае цэнтральнае месца ў Касцёле, будзем маліцца: Ойча, учыні, каб сярод хрысціянаў квітнелі шматлікія і святыя пакліканні да святарства, якія будуць падтрымліваць жывую веру і берагчы ўдзячную памяць пра Твайго Сына Езуса праз абвяшчэнне Яго слова і здзяйсненне сакрамэнтаў, з дапамогай якіх Ты нястомна ажыўляеш сваіх вернікаў. Дай нам святых эканомаў Твайго алтара, якія будуць мудрымі і палкімі вартаўнікамі Эўхарыстыі — сакрамэнту найвышэйшага дару Хрыста для збаўлення свету. Кліч слугаў Тваёй міласэрнасці, якія праз сакрамэнт паяднання будуць распаўсюджваць радасць ад Твайго прабачэння. Пане, учыні, каб Касцёл прымаў з радасцю шматлікія натхненні Духа Твайго Сына і, паслухмяны Яго ўказанням, клапаціўся пра пакліканні да святарства і да кансэкраванага жыцця. Падтрымлівай біскупаў, святароў і дыяканаў, кансэкраваных асобаў і ўсіх ахрышчаных у Хрысце, каб яны верна спаўнялі сваю місію ў служэнні Евангеллю. Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Марыя, Каралева Апосталаў, маліся за нас! | Ватыкан, 5 сакавіка 2006 г. Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria” |
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI да моладзі свету
|
з нагоды 21 Сусветнага дня моладзі (9 красавіка 2006 года) «Слова Тваё — светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі» (Пс 19 [118]: 105) |
Мае дарагія сябры! Для мяне вялікая радасць вітаць вас, калі вы рыхтуецеся да 21 Сусветнага дня моладзі, і я прыгадваю тыя ўражанні, што ўзбагацілі нас у жніўні мінулага года ў Германіі. У гэтым годзе Сусветны дзень моладзі будзе адзначацца ў мясцоваым Каталіцкім Касцёле, і гэта будзе добрай магчымасцю для таго, каб распаліць полымя энтузіязму, якое было запалена ў Кёльне і якое многія з вас прывезлі ў свае сем’і, парафіі, асацыяцыі і рухі. У той жа час гэта будзе цудоўным шансам для таго, каб запрасіць шматлікіх сяброў далучыцца да духоўнай пілігрымкі маладога пакалення да Хрыста. Тэмай, якую я прапаную вам, з’яўляецца верш з псалма 119 [118]: «Слова Тваё — светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі» (верш 105). Глыбока любімы намі Ян Павел II даў да гэтага верша з псалма наступны каментар: «Той, хто моліцца, выказвае падзяку Закону Божаму, які ён успрымае як светач для сваёй нагі на часта цьмянай сцежцы Жыцця. Ён гаворыць з чалавецтвам, і словы, якія ён кажа, маюць творчую сілу. Габрэйскае паняцце «dabar», якое звычайна перакладаецца як «слова», на самой справе мае як значэнне «слова», так і значэнне «дзеянне». Бог кажа тое, што робіць, і робіць тое, што кажа. Стары Запавет аб’яўляе дзецям Ізраэля пра прыход Месіі і ўстанаўленне «новага» запавету; у слове ўцелаўлёным ён выконвае сваё абяцанне. Гэта ясна ўказана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: «Хрыстус, Сын Божы, які стаў чалавекам, — гэта дасканалае слова Айца, якое не можа быць перасягнута. У ім ён сказаў усё; не будзе іншага слова, акрамя гэтага» (n. 65). Святы Дух, які вёў выбраных людзей праз натхненне аўтараў Святых Пісанняў, адкрывае сэрцы вернікаў для разумення іх значэння. Той жа самы Дух дзейна прысутнічае ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, калі святар, «у вобразе Хрыста», кажа словы кансекрацыі, ператвараючы хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, для духоўнага пажытку веры. Каб рухацца ў нашай зямной пілігрымцы да нябеснай Айчыны, нам усім патрэбны пажытак у выглядзе слова і хлеба вечнага Жыцця, і яны неаддзельныя адно ад аднаго! Апосталы атрымалі слова збаўлення і перадалі яго сваім пераемнікам, быццам каштоўную пярліну, якая ў бяспецы захоўваецца ў скарбніцы Касцёла; без Касцёла гэтая жамчужына рызыкуе быць згубленай ці знішчанай. Мае дарагія маладыя сябры, любіце слова Божае і любіце Касцёл, і гэта дасць вам магчымасць мець доступ да скарбу, што мае вельмі вялікую каштоўнасць, і навучыць вас, як разумець яго багацце. Любіце Касцёл і наследуйце яго, бо ён атрымаў ад свайго Заснавальніка місію, якая заключаецца ў тым, каб паказваць людзям шлях да сапраўднага шчасця. Няпроста ўбачыць і знайсці сапраўднае шчасце ў гэтым свеце, у якім мы жывём, дзе людзі часта знаходзяцца ў палоне шырока распаўсюджаных вобразаў думак. Ім здаецца, што яны «свабодныя», але яны могуць збіцца са шляху і згубіцца сярод памылак ці ілюзій фальшывых ідэалогій. «Свабоду саму па сабе трэба вызваліць» (пар. Veritatis Splendor, 86), і цемру, у якой чалавецтва блукае, трэба асвятліць. Езус вучыў нас, як гэта можна зрабіць: «Калі будзеце трываць у слове Маім, вы сапраўды вучні Мае, і пазнаеце праўду» (Ян 8: 31-32). Уцелаўлёнае Слова, Слова Праўды, робіць нас свабоднымі і накіроўвае нашу свабоду да дабра. Мае дарагія маладыя сябры, часта разважайце над словам Божым і дазвольце Святому Духу быць вашым настаўнікам. Тады вы адкрыеце, што думкі Бога — гэта не думкі людзей. Вы будзеце здольныя да сузірання сапраўднага Бога і бачання падзей гісторыі Яго вачамі. Вы будзеце ў поўнай меры атрымліваць асалоду радасці, якая нараджаецца з праўды. У дарозе жыцця, якая не бывае ні лёгкай, ні свабоднай ад пастак, вы будзеце сустракацца з цяжкасцямі і цярпеннямі і часам вы вельмі пажадаеце ўсклікнуць разам з аўтарам псальмаў: «Моцна прыгнечаны я, Пане;» (Пс 119 [118]. 107). Не забывайцеся дадаць, як гэта зрабіў аўтар псалмаў: «ажыві мяне, Пане, паводле слова Твайго. Душа мая бесперастанку ў руцэ Тваёй; але закона Твайго не забываю» (там жа вершы 107; 109). Поўная любові прысутнасць Бога, праз Яго слова, — гэта светач, які рассейвае цемру страху і асвячае шлях нават у самыя цяжкія хвіліны. Аўтар Паслання да габрэяў пісаў: «Жывое слова Божае і дзейснае, здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (4;12). Трэба сур’ёзна прыняць заклік разглядаць слова Божае як неабходную «зброю» у духоўнай бітве. Яно будзе эфектыўным і дасць вынікі, калі мы навучымся слухаць яго, а затым падпарадкоўвацца яму. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць: «Падпарадкоўвацца (ад лацінскага ob-audire)» у веры значыць добраахвотна пакарацца пачутаму слову, бо ягоная праўдзівасць гарантуецца Богам, які ёсць сама Праўда» (верш 144). Калі Абрагам служыць прыкладам шляху слухання, якое ёсць паслушэнства, Саламон у сваю чаргу аказваецца палымяным даследчыкам мудрасці, што заключана ў Слове. Калі Бог сказаў яму: «Што хочаш, каб я даў табе?» (1 Вал 3; 5, 9), мудры цар адказаў: «... дай слуге Твайму сэрца, якое будзе разумець». Таямніца атрымання «сэрца, якое будзе разумець» заключаецца ў тым, каб навучыць сваё сэрца слухаць. Гэта дасягаецца шляхам нястомнага разважання слова Божага і пастаяннага прабывання ў ім праз абавязак усё большага пазнання яго. Мае дарагія маладыя сябры, я заклікаю пазнаёміцца з Бібліяй і мець яе пад рукой, каб яна магля быць вашым компасам, які паказвае вам шлях, па якому трэба ісці. Калі вы будзеце чытаць яе, вы будзеце вучыцца пазнаваць Хрыста. Звярніце ўвагу на тое, што сказаў святы Геранім у сваім пажаданні: «Няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста» (PL 24, 17; паводле Dei Verbum, 25). Выпрабаваны стагоддзямі шлях паглыблення і асалоды слова Божага — гэта «lectio divina», што ўяўляе сабою сапраўднае і праўдзівае духоўнае падарожжа, падзеленае на этапы. Ад «lectio», якая заключаецца ў шматразовым чытанні і перачытванні фрагментаў Святога Пісання, каб зразумець яго асноўныя элементы, мы пераходзім да «meditatio». Гэта момант ўнутранага разважання, калі душа звяртаецца да Бога, спрабуючы зразумець, што Ягонае слова гаворыць нам сёння. Затым наступае «oratio», у якой мы працягваем гаварыць непасрэдна з Богам. Нарэшце наступае «contemplatio», якое дапамагае нам захаваць нашы сэрцы ўважлівымі да прысутнасці Хрыста, словы якога — гэта «лямпа, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах нашых» (2 П 1; 19). Чытанне, вывучэнне і разважанне Слова павінна весці да жыцця, якое пазначана стойкай адданасцю Хрысту і Яго вучэнню. Святы Якуб кажа нам: «Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, што ашукваюць саміх сябе. Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае прыраджонае аблічча сваё ў люстры: ён паглядзеў на сябе і адышоў, ды адразу ж забыў, які ён. Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон, закон свабоды, і трывае ў ім, той, становячыся не слухачом, які забывае, але выканаўцам справы, шчаслівы будзе» (гл. 1: 22-25). Тыя, хто слухае слова Божае і заўсёды ідзе за ім, будуе сваё жыццё на моцным фундаменце. «Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, — сказаў Езус, — будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале» (Мц 7; 24). Ён не абваліцца, калі прыйдзе непагадзь. Будаваць вашае жыццё згодна з Хрыстом, прымаючы Яго слова з радасцю і ажыццяўлячы Яго вучэнне — гэта, маладыя людзі трэцяга тысячагоддзя, павінна стаць вашай праграмай! Вострая неабходнасць у тым, каб з’явілася новае пакаленне апосталаў, якія будуць цвёрда трымацца слова Хрыста, будуць здольныя прыняць выклік нашага часу і гатовыя ўсюды распаўсюджваць Евангелле. Гэта тое, чаго Пан жадае ад вас, тое, да чаго Касцёл заклікае вас, і тое, чаго свет — хоць ён гэтага не ўсведамляе — чакае ад вас! Калі Езус кліча вас, не бойцеся велікадушна адказаць Яму, асабліва калі Ён просіць вас ісці за Ім у кансэкраваным ці ў святарскім жыцці. Не бойцеся; даверцеся Яму і вы не будзеце расчараваныя. Дарагія сябры, у 21 Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца 9 красавіка, у Пальмовую нядзелю, мы адправімся ў пілігрымку на міжнародную сустрэчу з маладымі людзьмі, якая адбудзецца ў Сіднэі ў ліпені 2008 года. Мы будзем рыхтавацца да гэтай вялікай падзеі, разважаючы супольна над тэмай «Святы Дух і місія» па чарговых этапах. У гэтым годзе ўвага будзе канцэнтравацца на Святым Духу, Духу Праўды, якую паказвае нам Хрыстус, Слова ўцелаўлёнае, адкрываючы сэрца кожнага на Слова збаўлення, якое вядзе да паўнаты Праўды. У наступным, 2007 годзе, мы будзем разважаць адзін з версэтаў Евангелля паводле Яна: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (13; 34). Мы яшчэ больш даведаемся пра Духа Святога, Духа Любові, які абуджае міласэрнасць Божую ўнутры нас і робіць чуйнымі на матэрыяльныя і духоўныя патрэбы нашых братоў і сясцёр. Нарэшце мы прыйдзем на сустрэчу ў 2008 годзе, тэмай якой будзе «Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (Дз 1; 8). Ужо цяпер, мае дарагія маладыя сябры, у атмасферы заўсёднага слухання слова Божага, звяртайцеся да Святога Духа, Духа мужнасці і сведчанні, каб вы былі здольныя абвяшчаць Евангелле без страху аж па край зямлі. Наша Каралева прысутнічала ў святліцы з апосталамі, калі яны чакалі Пяцідзесятніцы. Няхай Яна будзе вашай Маці і пуцяводнай зоркай. Няхай Яна вучыць вас прымаць слова Божае, берагчы яго і разважаць над ім у вашым сэрцы (гл. Лк 2;19), так, як яна рабіла гэта праз ўсё сваё жыццё. Няхай Яна падтрымлівае вас, каб вы сказалі «так» Богу, калі вы жывяце «паслушэнствам веры». Няхай Яна дапамагае вам заставацца моцнымі ў веры, нязменнымі ў надзеі, стойкімі ў любові, заўсёды ўважлівымі да слова Божага. Я разам з вамі ў малітве, кожнаму з вас ад усяго сэрца ўдзяляючы благаславенне. З Ватыкана, 22 лютага 2006 года, урачыстасць Базылікі Святога Апостала Пятра BENEDICTUS PP. XVI Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria” |
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на XIV Сусветны дзень хворага
|
Дарагія браты і сёстры, 11 лютага 2006 г., у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, адбудзецца XIV Сусветны дзень хворага. У мінулым годзе такі Дзень праходзіў у марыйным санктуарыі Мволье ў Яундэ, і з гэтай нагоды вернікі і іх пастыры ад імя ўсяго афрыканскага кантынента ізноў пацвердзілі свой пастырскі клопат пра хворых. Наступны Дзень пройдзе ў Адэлаідзе ў Аўстраліі, і там кульмінацыяй усіх мерапрыемстваў стане цэлебрацыя Эўхарыстыі ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя, які быў нястомным місіянерам народаў Усходу. З гэтай нагоды Касцёл мае намер з асаблівым клопатам звярнуцца да тых, хто церпіць, і зноў прыцягнуць увагу грамадскай думкі да праблемаў, звязаных з псіхічнымі захворваннямі, ад якіх пакутуе пятая частка чалавецтва, у сувязі з чым яны патрабуюць неадкладных медыцынска-сацыяльных захадаў. Памятаючы пра ўвагу, з якою мой шаноўны Папярэднік Ян Павел ІІ ставіўся да гэтага штогадовага мерапрыемства, я таксама, дарагія браты і сёстры, хацеў бы духоўна прысутнічаць на Сусветным дні хворага, каб разам з удзельнікамі ўважліва разгледзець становішча псіхічна хворых людзей у свеце і заахвоціць касцёльныя супольнасці да дзейнасці дзеля сведчання ім пра ласкавую міласэрнасць Пана. У многіх краінах пакуль няма адпаведнага заканадаўства ў гэтай сферы, а ў іншых адсутнічае канкрэтная палітыка ў галіне псіхічнага здароўя. Неабходна таксама адзначыць, што працяглыя ўзброеныя канфлікты ў розных рэгіёнах свету, наступствы жахлівых прыродных катастрофаў, распаўсюджванне тэрарызму акрамя таго, што забіраюць шмат ахвяраў, для многіх з тых, хто выжыў, з’яўляюцца прычынаю псіхічных траўмаў, якія вельмі цяжка паддаюцца лячэнню. У эканамічна развітых краінах узнікненне новых формаў псіхічных расстройстваў спецыялісты звязваюць з негатыўнымі наступствамі крызісу маральных каштоўнасцяў. Гэта павялічвае пачуццё самотнасці, аслабляючы і разбураючы традыцыйныя формы суіснавання ў грамадстве, пачаўшы з інстытута сям’і, выключаючы з жыцця хворых, асабліва псіхічна хворых, да якіх часта ставяцца як да цяжару для сям’і і для супольнасці. Тут я хачу аддаць належнае ўсім тым, хто па-рознаму і на розных узроўнях спрыяе таму, каб дух салідарнасці не заняпаў, але каб умацоўваўся ў клопаце пра нашых братоў і сясцёр, натхняючыся гуманістычнымі і евангельскімі ідэаламі і прынцыпамі. У сувязі з гэтым я падтрымліваю кожнага, хто прыкладвае свае намаганні для таго, каб кожны псіхічна хворы мог атрымаць неабходнае лячэнне. На жаль, у многіх частках свету службы, прызначаныя для такіх хворых, адсутнічаюць, з’яўляюцца недастатковымі або знаходзяцца ў занядбаным стане. Сацыяльнае асяроддзе не заўсёды прымае псіхічна хворых людзей з іх абмежаванасцю, і з гэтай прычыны таксама бывае цяжка знайсці неабходныя чалавечыя рэсурсы і матэрыяльныя сродкі. Адчуваецца неабходнасць лепшага ўзаемадапаўнення двух падыходаў: адпаведнай тэрапіі і новай спагадлівасці перад абліччам хваробы, такім чынам, каб дазволіць тым, хто працуе ў гэтай сферы, больш эфектыўна выйсці насустрач хворым і іх сем’ям, якія самі па сабе не могуць належным чынам даглядаць сваіх блізкіх, што апынуліся ў цяжкім становішчы. Надыходзячы Сусветны дзень хворага — гэта добрая нагода для таго, каб праявіць салідарнасць з сем’ямі, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых. Цяпер я хачу звярнуцца да вас, дарагія браты і сёстры, якія церпіце ад хваробы, каб заклікаць вас разам з Хрыстом ахвяраваць ваш цяжкі стан і цярпенне Айцу з упэўненасцю, што любое выпрабаванне, прынятае з пакораю, заслугоўвае і прыносіць Божую ласку ўсяму чалавецтву. Я выказваю маю ўдзячнасць тым, хто дапамагае вам у спецыялізаваных цэнтрах, дзённых стацыянарах, у дыягнастычных і лячэбных аддзяленнях, і заклікаю іх прыкладаць усе намаганні, каб тыя, хто ў патрэбе, ніколі не засталіся без медыцынскай, сацыяльнай і пастырскай дапамогі, якая не парушае годнасці, уласцівай кожнай чалавечай істоце. Касцёл, асабліва праз служэнне капеланаў, не пакіне вас без сваёй дапамогі, усведамляючы сваё пакліканне абвяшчаць любоў і клопат Хрыста ў адносінах да тых, хто пакутуе, і тых, хто імі апякуецца. Душпастыраў, супольнасці і валанцёрскія арганізацыі я прашу падтрымліваць канкрэтнымі захадамі і ініцыятывамі сем’і, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых. Я жадаю, каб у адносінах да іх развівалася і распаўсюджвалася культура прымаць і дзяліцца, дзякуючы ў роўнай ступені адпаведным законам і медыцынскім мерапрыемствам, для якіх будзе прадугледжана дастатковае забеспячэнне, каб яны мелі канкрэтнае прымяненне. Як жа неабходна займацца падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі персанала, які працуе ў такім далікатным сектары грамадства! Кожны хрысціянін у адпаведнасці са сваім уласным заданнем і асабістай адказнасцю пакліканы зрабіць свой унёсак у тое, каб была прызнаная, шанаваная і ўзвялічаная годнасць гэтых нашых братоў і сясцёр. Duc in altum! (Выплыві на глыбіню!) Гэты заклік Хрыста да Пятра і апосталаў я скіроўваю да касцёльных супольнасцяў ва ўсім свеце і асабліва да тых, хто прысвячае сябе служэнню хворым, каб яны з дапамогаю Марыі — Salus infirmorum (Аздараўлення хворых) — сведчылі пра дабрыню і айцоўскі клопат Бога. Няхай Найсвяцейшая Панна ўмацоўвае тых, хто пакутуе ад хваробы, і падтрымлівае тых, хто, як добры самарытанін, аблягчае іх цялеснае і духоўнае цярпенне. Абяцаю пра кожнага памятаць у малітве і з радасцю ўдзяляю ўсім маё благаслаўленне. Ватыкан, 8 снежня 2005 г. BENEDICTUS PP. XVI Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria” |
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI з нагоды XL Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі
|
Сродкі масавай інфармацыі: сетка камунікацыі, яднання і супрацоўніцтва Дарагія браты і сёстры, 1. У сувязі з саракавою гадавінаю завяршэння Другога Ватыканскага Сабору я з радасцю хачу нагадаць прыняты на ім Дэкрэт пра сродкі сацыяльнай камунікацыі Inter mirifica, дзе, у прыватнасці, падкрэсліваецца вялікая сіла сродкаў масавай інфармацыі, з якой яны ўплываюць на ўсё чалавечае грамадства. Неабходнасць збалансаванага выкарыстання гэтай сілы на карысць усяго чалавецтва падштурхнула мяне коратка паразважаць у маім першым пасланні з нагоды Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі над ідэяй сродкаў масавай інфармацыі як сеткі, якая спрыяе камунікацыі, яднанню і супрацоўніцтву. Святы Павел у Пасланні да Эфесцаў яскрава апісвае нашае чалавечае пакліканне «стаць удзельнікамі боскай натуры» (Dei verbum, 2): праз Хрыста мы ў адным Духу маем доступ да Айца, таму мы ўжо не чужынцы і не прыхадні, але суграмадзяне з усімі святымі і члены Божай сям’і, якая становіцца святою святыняю, жыллём Бога (пар. Эф 2, 18-22). Гэта вельмі дакладная выява жыцця адзінства ахоплівае ўсе аспекты нашага жыцця як хрысціянаў. Заклік з вернасцю прыняць Бога, які сябе самога ўдзяляе ў Хрысце, — гэта заклік да прызнання Яго дынамічнай сілы ўнутры нас, што імкнецца да таго, каб распаўсюдзіцца на іншых, каб гэтая любоў сапраўды магла стаць актуальнаю мераю свету (пар. Гамілія на Сусветны дзень моладзі, Кёльн, 21 жніўня 2005 г.). 2. Тэхнічны прагрэс у сферы сродкаў масавай інфармацыі ў пэўным сэнсе пераадолеў час і прастору, робячы магчымымі маментальныя і непасрэдныя зносіны паміж людзьмі нават на вельмі вялікай адлегласці. Гэтае развіццё з’яўляецца моцным патэнцыялам у служэнні агульнаму дабру і «багаццем, якое неабходна захоўваць і падтрымліваць» (Хуткае развіццё, 10). Аднак усім нам добра вядома, што наш свет далёкі ад дасканаласці. Кожны дзень мы пераконваемся ў тым, што непасрэдная сувязь камунікацыі зусім не абавязкова спрыяе супрацоўніцтву і яднанню ў грамадстве. Асвятляць сумленні паасобных людзей і дапамагаць ім у фармаванні ўласнай думкі ніколі не можа быць нейтральнаю задачаю. Сапраўдная камунікацыя патрабуе прынцыповай адвагі і непахіснай рашучасці. Гэта патрабуе вызначанасці ад тых, хто працуе ў сферы масавай інфармацыі, каб не даць сябе заваліць вялізным аб’ёмам інфармацыі, але і не здавольвацца частковаю ці часоваю праўдаю. Замест гэтага неабходна шукаць і перадаваць тое, што з’яўляецца асноўным і зыходным сэнсам чалавечага існавання: асабістага і сацыяльнага (пар. Fides et Ratio, 5). Такім чынам сродкі масавай інфармацыі могуць зрабіць канструктыўны ўнёсак у развіццё ўсяго таго, што з’яўляецца дабром і праўдай. 3. Заклік да сённяшніх сродкаў масавай інфармацыі быць адказнымі — быць у першых шэрагах змагароў за праўду і такім чынам спрыяць умацаванню міра — звязаны з многімі выклікамі. Хоць разнастайныя сродкі сацыяльнай камунікацыі аблягчаюць абмен інфармацыяй, думкамі і ўзаемаразуменне паміж супольнасцямі, яны маюць у сабе і пэўную неадназначнасць. Сродкі масавай інфармацыі, што з’яўляюцца «вялікім круглым сталом» для дыялогу, маюць некаторыя тэндэнцыі да стварэння своеасаблівай монакультуры, якая абмяжоўвае творчы дух, нівелюе вытанчанасць складанай думкі, прыніжае значэнне самабытнасці культурных звычаяў і адметнасці рэлігійных вераванняў. Гэтыя скажэнні ўзнікаюць тады, калі індустрыя масавай інфармацыі становіцца прыладаю самарэкламы ці кіруецца выключна меркаваннямі прыбытку, губляючы ў гэты момант пачуцце адказнасці за агульнае дабро. Таму трэба заўсёды заклікаць да дакладнага адлюстравання падзеяў, да ўсебаковага асвятлення пытанняў грамадскага інтарэсу, да сумленнага азнаямлення з усімі рознымі пунктамі гледжання. Надзвычай важна падтрымліваць і надаваць вялікае значэнне сужэнству і сям’і, паколькі яны датычаць асноваў кожнай культуры і кожнага грамадства (cf. Apostolicam Actuositatem, 11). Ва ўзаемадзеянні з бацькамі сродкі сацыяльнай камунікацыі і індустрыя забаваў могуць дапамагчы рэалізаваць гэтае складанае пакліканне, якое разам з тым прыносіць і найбольшае задавальненне — пакліканне выхавання дзяцей, — падаючы павучальныя прыклады чалавечага жыцця і любові (пар. Inter mirifica, 11). Як жа непрыемна і шкодна для ўсіх нас, калі адбываецца адваротнае! Ці ж не баліць нам сэрца перадусім тады, калі наша моладзь трапляе пад уздзеянне зняважлівых і фальшывых праяваў любові, якімі высмейваецца годнасць, дадзеная Богам кожнай чалавечай асобе, і ставяцца пад пагрозу інтарэсы сям’і? 4. Каб заахвоціць да канструктыўнай прысутнасці і станоўчага ўспрымання сродкаў масавай інфармацыі ў грамадстве, я жадаю паўтарыць пра важнасць трох этапаў, вылучаных маім шаноўным Папярэднікам Янам Паўлам ІІ, неабходных для іх служэння агульнаму дабру: выхаванне, удзел і дыялог (Хуткае развіццё, 11) Выхаванне адказнага і крытычнага выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі дапамагае людзям карыстацца імі разумна і належным чынам. Нельга недаацэньваць глыбокі ўплыў на розумы новых словаў і вобразаў, якія сродкі інфармацыі, асабліва электронныя, з такою лёгкасцю нясуць у грамадства. Менавіта таму, што сучасныя сродкі масавай інфармацыі фармуюць папулярную культуру, яны не павінны паддавацца спакусе маніпуляваць, асабліва моладдзю, а наадварот, павінны кіравацца жаданнем выхоўваць і служыць. На гэтым шляху яны змогуць абараніць, а не разбурыць структуру грамадзянскай супольнасці, годнай чалавечай асобы. Удзел у сродках масавай інфармацыі, якія з’яўляюцца дабром, прызначаным для ўсіх, вынікае з самой іх натуры. Як грамадскай службе, сацыяльнай камунікацыі патрэбны дух супрацоўніцтва і сумеснай адказнасці, адзначанай павышанай увагаю да выкарыстання грамадскіх рэсурсаў і да выканання грамадскіх абавязкаў (гл. Этыка ў камунікацыі, 20), уключна са зваротам да рэгулюючых нормаў або структураў, прызначаных для гэтай мэты. Нарэшце, сродкі масавай інфармацыі павінны прызнаць і выкарыстаць тыя вялікія магчымасці, якія дае ім развіццё дыялогу, культурнага абмену, праяваў салідарнасці і барацьбы за мір. Такім чынам яны стануць уплывовым і прызнаным сродкам для пабудовы цывілізацыі любові — імкнення ўсіх народаў. Я ўпэўнены, што сур’ёзныя намаганні для паспяховага праходжання гэтых трох этапаў паспрыяюць правільнаму развіццю сродкаў масавай інфармацыі ў якасці сеткі камунікацыі, яднання і супрацоўніцтва, якая дапаможа мужчынам, жанчынам і дзецям лепш усведамляць сабе годнасць чалавечай асобы, станавіцца больш адказнымі і больш адкрытымі для іншых, асабліва для тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе і для найменш абароненых прадстаўнікоў грамадства (пар. Redemptor hominis, 15; Этыка ў камунікацыі, 4). У заключэнні я вяртаюся да словаў заахвочвання святога Паўла: Хрыстус — наш супакой. У Ім мы ўсе адно (пар. Эф 2, 14). Разбурым жа разам муры падзелаў і варожасці ды пабудуем супольнасць любові, згодна з задумаю Стварыцеля, аб’яўленай праз Яго Сына! Ватыкан, 24 студзеня 2006 г., ва ўспамін св. Францішка Сальскага. BENEDICTUS PP. XVI Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria” |
|
|