«Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны».
«Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта».
«Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго. Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: Вось слуга Мой, якога Я выбраў, умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая».
«У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат. А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?».
«Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі».
«У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
«Езус пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся. Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, чым вам».
«Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя».
«Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш? Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць».
«Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх».