Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Юзаф Томко ўзначаліў святую Імшу ў Чырвоным касцёле |
Беларусь |
08.10.2010 20:49 |
Першы дзень візіту папскага легата кардынала Юзафа Томко ў Беларусь завяршыўся літургіяй у касцёле святых Сымона і Алены. Іерарх звярнуўся да прысутных у гаміліі. Літургію канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, біскуп Луцкі Маркіян Трафімяк, святары заходняга і ўсходняга абрадаў. На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч прывітаў прысутнага папскага пасланца, іерархаў, святароў, вернікаў. Арцыпастыр адзначыў, што да святкавання 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй архікатэдры духоўна далучаецца Святы Айцец, які накіраваў у Мінск свайго прадстаўніка. Іерарх нагадаў таксама, што касцёл святых Сымона і Алены ў хуткім часе будзе адзначаць 100-ю гадавіну, а таксама адзначыў ролю гэтай святыні ў адраджэнні веры ў Мінску. «Да сэрца гаворыць сэрца», — такімі словамі распачаў сваю гамілію кардынал Юзаф Томко, адзначаючы, што не ведае ні беларускай, ні польскай мовы. Сапраўды, сэнс гаміліі іерарха, прамоўленай на славацкай мове, напэўна, зразумеў кожны прысутны. «Вера — наша сіла», — адзначыў кардынал Томко. Звяртаючыся да тэксту Евангелля, іерарх казаў пра тое, што вельмі важна, каб «вера была з намі не толькі ў касцёле, але і на працы, у школе, бо ў этым — сведчанне веры». А юбілеі мінскай архікатэдры і Чырвонага касцёла, якія з’яўляюцца сімваламі веры, нагадваюць пра яе неабходнасць у штодзённым жыцці. «Тое, што сёння мы сустрэліся пры Хрыстовым алтары, сведчыць, што ваша вера жывая», — дадаў іерарх. «Бэнэдыкт XVI ведае Касцёл у Беларусі лепш, чым вы думаеце», — падкрэсліў кардынал Томко, кажучы пра клопат Пантыфіка аб Касцёле ў нашай краіне. Напрыканцы літургіі іерарх удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне.
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.