Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Браслаў вітае пілігрымаў (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь
19.08.2011 20:51

Увечары 19 жніўня распачалося малітоўнае чуванне напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў. А 18-й гадзіне адбылася святая Імша, якую канцэлебравалі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і біскуп Шчэцінска-Каменьскі Блажэй Марыян Крушыловіч (Польшча). Узначаліў літургію кс. прэлат Эдвард Ахрамовіч, які адзначыў 25-годдзе святарства. 

Напачатку літургіі вернікі прывіталі пілігрымаў з Паставаў, якія прыйшлі ў санктуарый пешшу. Як заўважыў біскуп Віцебскі Уладзіслаў, «мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі, якія ідуць да Маці Божай, да сваёй Маці». Але толькі той, хто моліцца, ведае, у якім напрамку ідзе.

Таму нядзіўна, што сюды, у гэты невялічкі гарадок Беларусі, прыязджаюць вернікі не толькі з розных гарадоў нашай краіны, але і Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі. «Маці Божая аб’ядноўвае ўсіх, — адзначыў іерарх. — Бо ўсе мы — яе дзеці». 

«І таму мы адчуваем тут сябе шчаслівымі, бо не толькі знаёмімся з новымі людзьмі, знаходзім сяброў, але перш за ўсё таму, што прымаем сяброўства з Езусам», — падкрэсліў біскуп Уладзіслаў Блін.

Падчас Імшы вернікі атрымалі сакрамэнт Канфірмацыі. Іерарх шчыра падзякаваў усім вернікам за прысутнасць, асабліва моладзі, якая напрацягу некалькіх дзён прабывае ў Браславе на сустрэчы, і заахвоціў да актыўнага ўдзелу ў малітоўнай (набажэнства «Тэзэ», святая Імша апоўначы і працэсія са свечкамі) і культурнай праграме (канцэрт духавога аркестру з Польшчы). Літургія апоўначы адбудзецца ў інтэнцыі памерлага кардынала Свёнтка, у 30-ы дзень пасля смерці.  

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.