Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Марыя — Валадарка нашага жыцця. Урачыстасці ў Браславе (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.08.2011 14:39

Як бы вы адносіліся да сваёй матулі, калі б яе раптам ўзвялі ў гонар каралевы? «Так, як і раней, што за пытанне?» — здзівіліся б вы. Вядома, сапраўдная любоў не залежыць ад сацыяльнага статусу ці ад матэрыяльнага становішча, тым больш, калі казаць пра любоў паміж дзяцьмі і бацькамі.

Пры Маці Божай Браслаўскай, Валадарцы Азёраў (якая ўжо два гады носіць папскія кароны) вырасла я і шмат маіх добрых сяброў і знаёмых. У дзяцінстве мы ведалі, што наша Маці — незвычайная, аб чым сведчылі воты на абразе (падарункі ад тых, каго праз яе заступніцтва Бог аздаравіў духоўна ці фізічна). Але для нас, браслаўскіх дзяцей, пасля падлеткаў, яна заставалася проста Маці, да якой заўсёды можна было прыйсці. Яна заўсёды чакала і чакае, бо хвалюецца за нас і перажывае.

Два гады таму, падчас урачыстасці каранацыі, хвалявалася ўжо я і ўсе вернікі, бо радаваліся за апякунку нашага краю і ганарыліся, што да яе ў госці прыехалі людзі з розных краінаў.

Мінула два гады, у людзей жыццё пасля такой падзеі ўжо паспела б ператварыцца ў штодзённасць, шэрасць. Але не для Маці Божай. Дзень Маці Божай Валадаркі нібы абуджае і нагадвае пра тое, што цябе, напэўна, ужо зачакалася Валадарка Азёраў.

Па добрай традыцыі за некалькі дзён да святкаванняў, якія сёлета перанеслі на выхадныя дні (19–20 жніўня) распачынаецца сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Заўсёды яна адзначаецца разнастайнасцю праграмы: малітоўнай, культурнай (канцэрты і навучанне танцам) і спартыўнай (юнакі могуць памерацца сіламі са святарамі на футбольным полі).

Існуе і традыцыя малітоўнага начнога чування перад урачыстасцю. Асабліва яскрава памятаю ноч перад святкаваннем 100-годдзя касцёла ў 1997 г. Дзякуючы Марыі вера ў нашым краі захоўваецца і памнажаецца. Сёлета вернікі са свечкамі ў руках сімвалічна прайшлі не толькі вакол касцёла, але і зайшлі на Замкавую гару, каб сведчыць Хрыста не толькі ў Божым доме, але і па-за яго межамі.

Раніцай наступнага дня святую Імшу цэлебруюць святары, якія паходзяць з Браслава. Браслаўская зямля, праз малітву і ласкі Маці Божай, багатая на святарскія і манаскія пакліканні. Святары-браслаўчане, сальватырыяне, марыяне і дыяцэзіяльныя ксяндзы, працуюць цяпер у шматлікіх парафіях Беларусі, ва Украіне, Польшчы, Рыме.

Цэнтральным пунктам стала святая Імша а 11-й гадзіне. Узначаліў яе дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Удзельнічалі таксама біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, біскуп Шчэцінска-Каменьскі Блажэй Марыян Крушыловіч, шматлікія святары, сёстры законныя вернікі, пілігрымы.

Біскуп Антоні Дзям’янка закрануў тэму прыгажосці Марыі, якая заключаецца не ў аздабленні абраза, аднаўленні святыні (што, канечне, таксама важна), але перш за ўсё ў яе бязгрэшнасці, цнотах, дапамозе іншым і прыняцці Божай волі. І хоць нарадзіцца без першароднага граху наканавана было толькі Марыі, у іншых аспектах прыгажосці кожны вернік павінен наследаваць Божую Маці, самую прыгожую дзяўчыну ў свеце.

«Каб навучыцца гэтай прыгажосці, мы павінны ўглядацца ў яе вобраз», — падкрэсліў іерарх.

Падчас Імшы вернікаў акрапіў праліўны дождж. Але як падкрэсліў пробашч парафіі кс. Лешак Вітвіцкі, гэты дождж мы павінны вытрымаць, бо «ён сімвалізуе сабой тое, што ў жыцці бываюць не толькі сонечныя дні, але і пахмурныя».

«Наша жыццё падобна да возера: бывае рознага колеру, рознага настрою, з рознымі берагамі. Але можна ўсё пераадолець, калі Валадаркай возера нашага жыцця будзе Марыя. Калі на гэтым падарожжы па возеры мы даверымся Езусу Хрысту і будзем вернымі Богу», — адзначыў біскуп Дзям’янка. 

Хочацца, каб мы ніколі не забывалі пра гэта і каб наша жыццё з Хрыстом стала прыемным, радасным, поўным дзівосаў падарожжам.

Разважала Святлана Жылевіч     

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў