Біскуп Уладзіслаў Блін распавёў моладзі пра сваё першае каханне |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
19.08.2011 15:00 |
19 жніўня ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) працягваецца VI Сустрэча каталіцкай моладзі. Праходзіць яна пад дэвізам «Бог стварыў яго і яе…». На сустрэчу прыехала каля трохсот маладых католікаў з розных куткоў Беларусі. Пасля ранішніх малітваў і сняданка некалькі соцень маладых людзей сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў на сустрэчу з іерархам. Біскуп Уладзіслаў Блін правёў катэхезу на тэму сям’і, падкрэсліваючы неабходнасць каталіцкага выхавання дзяцей і звяртаючы ўвагу на асноўныя сямейныя каштоўнасці. Айцец Вячаслаў Пялінак МІС, мадэратар сустрэчы, прапанаваў хлопцам і дзяўчатам задаць любое пытанне свайму арцыпастыру. Біскуп Уладзіслаў шчыра адказаў на ўсе пытанні. Моладзь цікавіла, як іерарх праводзіць свой вольны час, якую любіць музыку і якія стравы. Давялося біскупу ўспомніць і пра сваё юнацтва, пра вытокі паклікання да святарства і пра першае каханне. На шчырасць адказаў і на жарты біскупа Уладзіслава моладзь адказвала гучнымі апладысментамі. Падчас сустрэчы гучалі спевы. Прагучала і любімая песня іерарха «Малюся за цябе, Беларусь». Завяршылася сустрэча благаслаўленнем і агульным фотаздымкам.
|
Фотарэпартаж |