Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адбыўся ўрачысты прыём у гонар прыбыцця кардынала Жана-Луі Тарана ў Беларусь
Беларусь
04.07.2013 23:06

4 ліпеня ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём у гонар прыбыцця ў Беларусь старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана, якога Святы Айцец Францішак прызначыў сваім спецыяльным легатам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе. На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі ўраду Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій.

Звяртаючыся да прысутных на прыёме, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сказаў, што на ўрачыстасцях, прысвечаных юбілею абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, кардынал Жан-Луі Таран «перш за ўсё асаблівым чынам прадстаўляе Папу і яго любоў і павагу да беларускага народа, да яго гісторыі і культуры, да яго намаганняў па пабудове сваёй будучыні, заснаванай на дабрыні, працавітасці, спагадлівасці і чуласці». «Таму мы вельмі ўдзячныя Яго Святасці за гэты жэст блізкасці і айцоўскай любові», — адзначыў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што прычынай выбару старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу ў якасці Спецыяльнага Пасланніка Святога Айца паслужылі працяглае, кампетэнтнае і годнае поўнага даверу служэнне кардынала некалькім Рымскім Пантыфікам і яго любоў да Касцёла. «Акрамя даверу Касцёла і яго вышэйшых інстанцый, пра асаблівыя якасці Вашай асобы сведчаць павага і ўдзячнасць незвычайна вялікай колькасці дыпламатаў і прадстаўнікоў улады ва ўсім свеце, як веруючых, так і няверуючых, — дадаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да кардынала. — Мы ведаем, што многія з іх пажадаюць звязацца з Вамі, каб даведацца пра Вашы ўражанні ад візіту ў Беларусь, як толькі Вы вернецеся ў Рым, або пры сустрэчах з Вамі падчас Вашых частых паездак па ўсім свеце».

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што місія, з якой кардынал прыбыў у Беларусь, заключаецца перш за ўсё ў тым, каб аддаць належнае «ўсім вернікам, якія заплацілі высокую даніну сваёй веры». «Нашы супольнасці ганарацца тым, што многія з гэтых людзей да гэтага часу знаходзяцца сярод іх членаў, а іх нашчадкі адчуваюць сваю адказнасць за тое, каб быць годнымі гэтай спадчыны», — сказаў іерарх.

«Выбар Вас з’яўляецца благаслаўленнем для беларускіх католікаў, а таксама знакам павагі ў дачыненні да палітычных, культурных і грамадскіх кіраўнікоў гэтай краіны», — дадаў Апостальскі Нунцый і пажадаў кардыналу, каб яго сустрэчы ў Беларусі аказаліся плённымі.

Поўны тэкст прамовы Апостальскага Нунцыя на рускай мове>>>

Прадстаўнік Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, звяртаючыся да кардынала Жана-Луі Тарана, перадаў сардэчныя пажаданні ад кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы. Таксама святар выказаў віншаванні з нагоды юбілею 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. «Гэта святыня, да якой вернікі звярталіся з малітвай аб абароне сваёй зямлі ад нягодаў, якія адольвалі яе за доўгую і няпростую гісторыю», — сказаў протаіерэй Шымбалёў.

Прадстаўнік Мітрапаліта Філарэта пажадаў кардыналу «прыгожых і духоўных святаў на беларускай зямлі» і «асаблівай духоўнай радасці падчас урачыстых набажэнстваў у Будславе».

Кардынал Жан-Луі Таран у сваёй прамове да прысутных сказаў: «Гэты дзень майго першага візіту ў Беларусь пачаўся з сардэчнага прыёму, аказанага мне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, за якім адбылася братэрская размова з Мітрапалітам Філарэтам (…). І я шчаслівы, што завяршаецца ён гэтай сустрэчай з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, а таксама з прадстаўнікамі дзяржаўнай і рэлігійнай улады». Пасланнік Папы прызнаўся, што захоўвае ўдзячныя ўспаміны пра тыя гады свайго жыцця, якія правёў у дыпламатыі Святога Пасаду.

Па словах кардынала, «калі на працягу многіх стагоддзяў дыпламатыя займалася пытаннямі вайны і міру, то сёння, са з’яўленнем паняцця „чалавечнасць“, яна перш за ўсё праяўляе клопат аб чалавечай асобе і яе правах», «рашаючую ролю адыгрывае ўжо не дзяржава, заклапочаная сваімі інтарэсамі, а чалавечая асоба».

Старшыня Папскай рады падкрэсліў, што дыпламатыя Святога Пасаду «станоўча ўспрыняла такую „гуманізацыю“ міжнароднага права» і «знаходзіцца на перадавой кожны раз, калі самой прыродзе чалавечай асобы пагражае небяспека».

Рэлігіі, як адзначыў кардынал, «з’яўляюцца часткай тых „глыбінных сілаў“, якія неабходна ўлічваць пры „добраўпарадкаванні“ жыцця народаў», бо рэлігіі, міжнацыянальныя па сутнасці, «пераадольваюць межы, прабуджаюць салідарнасць і нараджаюць адносіны паміж культурамі і грамадствамі».

Дыпламатыя Святога Пасаду, заўважыў легат, «заўсёды імкнецца зразумець каштоўнасці розных народаў, паважаць іх гісторыю і заклікаць да дыялога». «Дзяржавы — гэта не нейкія абстрактныя сілы; іх дзейнасць — не што іншае, як сума дзеянняў людзей, усіх нас, якія маюць свабоду абіраць сярод мноства магчымых шляхоў, — дадаў кардынал. — Няхай жа ў нас заўсёды атрымліваецца абіраць з іх той, які вядзе да братэрства».

Поўны тэкст прамовы кардынала Жана-Луі Тарана на рускай мове>>>

Раней у гэты дзень адбылася сустрэча кардынала з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.