Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадасць футболку з сімволікай пілігрымкі Маладзечна–Будслаў Святому Айцу Францішку. Пра гэта прадстаўнік Папы сказаў пілігрымам падчас сустрэчы з імі 4 ліпеня на шляху ў Будслаў.
Пад радасныя крыкі і воплескі маладзечанцаў арцыбіскуп паабяцаў, што восенню яны ўбачаць фатаграфію з Рыма з Папам і з гэтай футболкай.
Падчас сустрэчы, якая адбылася за некалькі кіламетраў да Будслава, Апостальскі Нунцый нагадаў моладзі, што шлях да Марыі, на які яны выйшлі, можна прайсці толькі з Марыяй. Па словах іерарха, гэта цуд, і такім чынам удзельнікі пілігрымкі – сведкі цуду і мусяць памятаць, што хрысціянін заўсёды бачыць такія штодзённыя цуды ў сваім жыцці.
Пасля кароткай размовы з пілігрымамі, якія запэўнілі іерарха, што адчуваюць сябе добра і захоўваюць бадзёрасць духу, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці разам з моладдзю пешшу выйшаў у шлях да Маці Божай Будслаўскай.
Пешая пілігрымка Маладзечна–Будслаў ужо прыйшла ў Нацыянальны санктуарый. Вітаючы пілігрымаў, кусташ санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM сказаў, што вернікі з Маладзечна прыходзяць туды кожны год, але сёлета пілігрымка незвычайная, бо разам з пілігрымамі прыйшоў Апостальскі Нунцый.