Будслаў — адзіны для ўсіх і адметны кожным |
Усяго патроху |
07.07.2014 14:29 |
У другі дзень сёлетніх урачыстасцяў Будслаў яшчэ больш пястрэў рознымі людзьмі, гучаў рознымі галасамі, становячыся нечым адзіным і велічным у Беларусі, але адначасова складзеным з розных і адметных людзей, з якіх кожны без выключэння стварае гісторыю духоўнага сэрца Беларусі. Той, хто не прыходзіць, а прыязджае ў Будслаў на другі дзень, вельмі часта мае некалькі абавязковых пунктаў, якія ён уключае ў сваю “праграму фэсту”. Па-першае, для многіх важна прыняць сакрамэнт пакаяння, потым пакланіцца Маці Божай Будслаўскай, не забыцца на асвячаную ваду, і, калі дома маюцца дзеці, то проста абавязковым з’яўляецца прывезці цукерак з цукру на драўляным дроціку і з каляровага цукру. “Пеўнічкаў” ці крахмальныя слодычы.
У парку перад святыняй, вакол яе, у святыні. Кожная пляцоўка нібы выконвае сваю функцыю. За святыняй чародкі тых, хто жадае паспавядацца. Гэтыя шэрагі нагадваюць ручаі, якія сцякаюцца да сценаў святыні, каб напоўніць гэтую святыню жыццём і праўдай пра сябе. Нібыта артэрыі, якія праходзяць праз сэрца – а сэрца і ёсць Будслаў, праходзяць людскія лёсы. «Фотаздымак за 2 хвілінкі» на рагу вуліцы перад святыняй Ужо дзявяты год на рагу парка сядзіць мужчына з палароідам, гэта Уладзімір Бабіцкі. Ён прызнаецца: «Я католік, але які? Гэта ж мне мусіць быць сорамна. Людзі моляцца ў святыні, а я працую». А потым дадае: «Хоць, ведаеце, у мінулым годзе я ўзяў шлюб са сваёю жонкаю Валянцінаю ў касцёле». Фатограф адзначае, што толькі зараз дайшоў да гэтай падзеі ў сваім жыцці. «З жонкаю Валянцінаю, якая праваслаўная, спачатку наведвалі спецыяльныя заняткі ў Чырвоным касцёле, а потым і павянчаліся». – кажа ён. «Маці ў малітве» ў шматлюдным парку У цэнтры парку на раскладзеных карыматах стаяць на каленях жанчыны і моляцца разам, іх няшмат, але дастаткова, каб звярнуць увагу. Яны моляцца за бацькоў, чые дзеці прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, моляцца за катэхетаў, якія будуць вучыць іхніх дзяцей і дзяцей усёй Беларусі праўдам веры. Моляцца за сем’і, дзе няма хрысціянскага выхавання. Усе яны – маці. «Гэта “Маці ў малітве” – кажа мне пазней Данута Сідаровіч з Баранавіч, адна з тых жанчын, якія маліліся, маці дваіх дзяцей і аднаго прыёмнага дзіцяці Іллі. “Маці ў малітве” – гэта жанчыны з Мінска, Баранавіч, Росі, Ваўкавыска і іншых куткоў Беларусі. Ахова парадку на прыкладзе скаўтаў і міліцыі Штогод у Будславе сярод тых, хто напаўняе мясцовасць Марыі, ёсць тыя, хто не адносіцца да катэгорыі “госці”, “пілігрымы”, “жыхары”, але адносіцца да іншай катэгорыі — “ахоўнікі”. Ахоўная функцыя належыць у асноўным двум крылам: адно – скаўты, другое – міліцыя і тыя, хто дапамагае ім. Колькасць скаўтаў штогод узрастае, з цікавасцю пазіраюць на хлопцаў і дзяўчат у формах дзеці, ды пытаюцца ў сваіх бацькоў: «А хто гэта?». Бацькі самі часам не ведаюць, бо ў іх час такіх формаў не было — былі толькі чырвоныя гальштукі. І “чырвоным гальштукам” быў строга забаронены касцёл. А тут зусім іншая справа. Скаўты служаць “Радзіме і Богу”. Другое крыло – міліцыя. Больш знаёмая і звычная для людзей, тут ужо не пытаюцца, хто гэта, бо ведаюць. Пілігрым, які прынёс Маці Божай свае вершы Пра гэтага пілігрыма, а дакладней пілігрымшчыцу, стала вядома ад яе сяброў, якія падчас пілігрымкі заўважылі адметнасць яе шляху, на якім дзяўчына штодня пісала па два вершы. Сябры вырашылі, каб пра добрую звычку ў пілігрымцы даведаліся іншыя і таксама ўзялі з яе прыклад. Вось адзін з вершаў Таццяны Тамашэвіч: Мы з табой пілігрымы на гэтай зямлі Да Нябеснага Валадарства, Кветкі ў сэрцы святла зацвілі Чысцінёю цнатлівай манаства. На зямлі кожны з нас пілігрым для Хрыста, За руку мяне Ён трымае, Для цябе і мяне час малітвы настаў, Бог з любоўю усіх нас прымае. Дык хадзем, пілігрым, да жыцця сапраўды Крочыць разам заўсёды наш Збаўца, Ён вядзе нас па моры нябёс залатых, Яго вёслы — малітва і праца. Падрыхтавала Аксана Ючкавіч |