Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў-постскрыптум: пра пілігрымку распавядаюць нарачанцы, якія прынеслі ў санктуарый рэліквіі св. Яна Паўла ІІ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.07.2014 16:49
У гэтым годзе пілігрымы з Нарачы ўжо ў 19-ы раз праслаўлялі Маці Божую і яе цудатворны абраз у Будславе. Агульнай інтэнцыяй нарачанскай пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый была падзяка Богу за кананізацыю Яна Паўла ІІ, а таксама  за асобу Казіміра Свёнтка, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначае Касцёл у Беларусі. Пілігрымы з Нарачы прынеслі ў санктуарый рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, каб вернікі з усёй Беларусі змаглі іх ушанаваць. Калі толькі сталі бачнымі вежы будслаўскага санктуарыя, стома кудысьці знікла, бадзёрасць і радасць напоўніла сэрцы пілігрымаў: песні сталі гучнейшымі, а крокі спарнейшымі. Пілігрымы мінулі пост міліцыі і прайшлі каля сцен санктуарыя, а праз некалькі хвілін пачулі прывітальнае слова і атрымалі благаслаўленне ад кусташа санктуарыя а. Віктара Бурлакі. Да абраза Маці Божай Будслаўскай усе ішлі на каленях, каб з пашанай узнесці свае малітвы і просьбы ці проста падзякаваць.

234 ўдзельнікі пілігрымкі не толькі з Нарачы, але і з Мядзеля, Свіры, Брэста, Вільні і іншых парафій прайшлі шлях у 74 кіламетры, уражанняў і ўспамінаў ад якога засталося шмат: гэта новыя знаёмствы, песні, гумар кс. Юзафа Сярпейкі, канферэнцыі, вясёлы вечар з гульнямі і танцамі  ў вёсцы  Пузыры і шмат іншага.

Духоўна суправаджалі пілігрымаў у гэтым годзе айцы кармэліты Пётр Фарына, Бернард Радзік, Юрый Кулай, Павел Леліто, Андрэй Авен, Павел Герман, Аляксандр Мешчановіч, а таксама кс. Юзаф Сярпейка, кс. Багуслаў Маджэеўскі, сёстры законныя Таццяна Касабуцкая і Людвіка Суравікіна.

«Усе свае мазолі ты можаш ахвяраваць Богу ў нейкай інтэнцыі, і асаблівая радасць, калі ты потым бачыш, што Пан Бог выслухаў іх». – падзялілася сястра Людвіка Суравікіна.

«Мне ўжо не пятнаццаць гадоў, таму я іду да Пана Бога, каб усе мае інтэнцыі былі выслуханы Ім». – зазначае Галіна Суравікіна.

З мэтай паглыбіць веды і ўяўленне пілігрымаў пра асобу Яна Паўла ІІ айцец Бернард Радзік правёў падчас пілігрымкі канферэнцыю, у якой расказаў пра асабістую сустрэчу з Янам Паўлам ІІ, пра яго простасць і адкрытасць да прадстаўнікоў Касцёла іншых краін.

Пілігрымы мелі магчымасць таксама ўшанаваць крыж і абраз Сусветнага дня моладзі, які на ўласных руках данеслі да Мядзеля.
 
Пілігрымку кожны перажываў па-свойму, і мэты гэтага духоўнага падарожжа ў кожнага былі свае.
 
«Для мяне гэта вельмі цікава. Я ніколі не была ў пілігрымцы. Гэта нейкае выпрабаванне для мяне. Тым не менш, мне тут падабаецца, ісці лёгка. Знайшла вельмі  шмат новых сяброў». (Аліна Куцкевіч, 17 гадоў)

«Асабіста для мяне гэта час падумаць над сваімі паводзінамі, вызначыць жыццёвыя прыярытэты і, канешне, гэта шлях да Марыі, да якой усе хочуць хутчэй дайсці» (Вікторыя Стэрнад, 17 гадоў).

Марына Валасар
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.