Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Pro Christo» — літаратура для Хрыста і людзей — прэзентавана падчас урачыстасцяў у Будславе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.07.2014 11:32

5 ліпеня ў межах урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася прэзентацыя рэлігійнай літаратуры выдавецтва «Pro Christo».

Падчас прэзентацыі Крыстына Лялько — рэдактар часопісаў «Ave Maria», які сёлета святкуе 20-годдзе, і квартальніка «Наша вера» – падзякавала ўсім аўтарам і чытачам. Часопіс «Ave Maria» стаў адным з першых каталіцкіх выданняў на роднай мове ў час духоўнага адраджэння на Беларусі, ён выходзіць штомесяц, набыць яго можна ў парафіі. Крыстына Лялько таксама расказала пра творы святога Яна Паўла II, якія пераклала на беларускую мову. Кананізацыя Яна Паўла II стала вялікай падзеяй у жыцці Касцёла, таму варта звярнуць увагу на творчасць гэтага вялікага Папы. Менавіта ён благаславіў часопіс «Ave Maria». У хуткім часе рыхтуецца выданне дзённіка святой Фаўстыны, які таксама перакладала Крыстына Лялько.

Дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава расказала пра Евангелле, выдадзенае ў 2012 годзе, а таксама пра новыя кнігі, якія ўбачылі свет на працягу апошняга года. Сярод іх — «Исцеление от чувства обиды» (рэкалекцыйныя разважанні айца Юзафа Аўгустына SJ, якія грунтуюцца на «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы), «Жизнь и смерть» с. Нунэ Цітаян (разважанні пра найбольш важныя пытанні, якія задае сабе кожны чалавек), «Четверть часа искренности» а. Юзафа Аўгустына SJ (разважанні пра жаданне малітвы і рахунак сумлення), другое выданне кнігі «Жизнь Катрин Лабуре» (пра святую, якой аб'явілася Маці Божая і загадала зрабіць медалік Беззаганнага Зачацця Панны Марыі), кніга Францішка Зіга «Воскресший Господь и верующие во имя Его» (каментар да першых трох раздзелаў Апакаліпсіса) і інш.

Ганна Шаўчэнка презентавала дзіцячую літаратуру.

2014 год быў абвешчаны Годам малітвы ў межах падрыхтоўкі да святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў Маці Божай, з гэтай нагоды ў выдавецтве «Pro Christo» з’явіліся малітоўнік для дзяцей «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» і чацвёртае выданне малітоўніка «Ойча наш».

Акрамя кніг быў прадстаўлены таксама дыск — зборнік навуковых артыкулаў «Каталіцызм на Беларусі: фарміраванне інтэлектуальнай традыцыі», які стаў сумесным навукова-выдавецкім праектам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і міжнароднага грамадскага аб’яднання «Цэнтр вывучэння сучаснай рэлігійнасці».

Кнігі, выдадзеныя ў выдавецтве, можна набыць у Будславе і ў кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25).

Людміла Бурлевіч

 
 
 
 
 
Фота Міколы Новікава
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.