Дэлегацыя з Беларусі пабывала на сустрэчы з Папам Францішкам у Філадэльфіі |
Беларусь |
29.09.2015 10:54 |
Дэлегацыя з Беларусі, якая прымала ўдзел у VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (ЗША), пабывала на сустрэчы з Папам Францішкам. У складзе беларускай дэлегацыі былі біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і беларускага епіскапату Антоні Дзям’янка, сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга OCD, сямейная пара Андрэй Мілееў і Наталля Пан. 26 верасня ўвечары на фестывалі сем’яў на праспекце Бенджаміна Франкліна Святога Айца з вялікім энтузіязмам віталі шматлікія сем'і з усяго свету. Падчас фестывалю малітва чаргавалася са спевамі, танцамі і сведчаннямі. Аб сваіх цяжкасцях і радасцях распавялі на фестывалі сужэнцы, самотныя маці, бабулі і дзядулі. Сям’я з Іарданіі расказала аб пераследзе, якому падвяргаюцца хрысціяне на Блізкім Усходзе. Нарачоныя з Аўстраліі далі сведчанне свайго выспявання да любові і барацьбы за дашлюбную чыстасць.
Пантыфік дадаў, што ўсю прыгажосць, любоў і праўду, якую Бог мае ў сабе, Ён перадаў сям’і, і яна толькі тады з’яўляецца сапраўды сям’ёй, калі здолее прыняць гэты дар. Святы Айцец прызнаў, што ў сям’і здараюцца цяжкасці і цярпенне, але пасля іх заўсёды прыходзіць уваскрасенне. Акрамя таго, Папа заахвоціў да асаблівага клопату аб дзецях, моладзі і пажылых людзях. Бог хоча, каб усе Яго дзеці бралі ўдзел у свеце Евангелля, адзначыў Пантыфік і нагадаў, што Езус кажа: «Не перашкаджайце таму, што добра — наадварот, дазваляйце яму расці». Падчас Імшы Папа казаў таксама аб «прарочым» вымярэнні «запавету паміж мужчынам і жанчынай, які прыносіць жыццё і паказвае Бога». «Кожны чалавек, які жадае заснаваць сям’ю, што будзе вучыць дзяцей радасці ад кожнага дзеяння, імкнуцца да таго, каб перамагаць зло, сустракаецца з нашай удзячнасцю і прызнаннем, без увагі на тое, да якога народа, рэгіёну і рэлігіі ён належыць», — сказаў у гаміліі Святы Айцец. (AG) |
Фотарэпартаж |