Гэта гісторыя пачалася адным восеньскім вечарам, калі парафіянка
нарачанскага касцёла св. Андрэя, апостала, Вікторыя Тарасевіч
напярэдадні Адвэнту разважала над сваёй пастановай. Толькі што разам з мужам яны закалыхалі дачушку і той рэдкі, але чаканы момант, калі можна крыху адпачыць, нарэшце настаў.
Складаючы дзіцячыя цацкі і кнігі на свае месцы, Вікторыя думала пра тое, што зусім хутка пачнецца Адвэнт, а яна — маладая маці — яшчэ не вызначылася, якую пастанову возьме на гэты час.
Вікторыя працірала пыл на паліцах, калі з адной з іх з грукатам паляцела долу чырвоная папка. А ў ёй — дыпломы, граматы, сертыфікаты аб скончаных курсах у розных кірунках — той творчы багаж, які дзяўчына паспела назбіраць да таго, як выйшла замуж і нарадзіла. Усё разляцелася па падлозе, і Вікторыя, укленчыўшы, пачала збіраць гэта ўсё, разглядаючы кожны дакумент і прыгадваючы былыя часы.
«І тут я зразумела: Бог даваў мне столькі магчымасцяў вучыцца, пазнаваць сябе, чаму ж я не падзялюся ўсім гэтым з маімі сябрамі? Чаму не абмяркую свае духоўныя перажыванні наконт Адвэнту?..»
У якасці адвэнтавай пастановы Вікторыя абрала духоўную падтрымку сяброў і блізкіх, каб усе разам глыбей — з вялікім чаканнем і радасцю ў сэрцы — змаглі перажыць Адвэнт. Але як?
«Спачатку я стварыла агульны чат»
Ідэя была простай: у адной з сацыяльных сетак Вікторыя стварыла агульны чат, куды запрасіла сваіх сяброў і спачатку папрасіла іх падзяліцца сваімі чаканнямі ад Адвэнту.
«Сэнс і ідэя заключаны ў тым, каб штодзень чытаць невялікае разважанне, урывак з Евангелля або малітву і выконваць адпаведныя заданні, якія я амаль для кожнага рыхтую асабіста», — дадае маладая мама.
Паводле слоў Вікторыі, яе ініцыятыву падтрымала каля 12 чалавек, большая частка з якіх пагадзілася атрымліваць індывідуальныя заданні ў прыватныя паведамленні, для астатніх у агульным чаце Вікторыя рыхтуе агульныя заданні. «Характар індывідуальных заданняў розны і залежыць ад самой асобы: хтосьці хоча паверыць у цуд Нараджэння, іншы — проста разабрацца ў сабе, трэці — аднавіць стасункі з роднымі і блізкімі, чацвёрты — глыбей пазнаць Бога і Яго планы... — тлумачыць Вікторыя і дадае, што па суботах і нядзелях удзельнікі чата заданняў не атрымліваюць. — У пятніцу мы ж традыцыйна жывём без інтэрнэта, тэлефона і тэлевізара, прысвячаючы дзень малітве і бліжнім, спрабуем суцішыцца, аднавіць супакой у сэрцы».
Вікторыя адзначае, што вельмі хоча, каб удзельнікі ініцыяванай ёю духоўнай практыкі перажылі вігілію Божага Нараджэння ў сямейным коле ў атмасферы любові і Божай радасці.
«Я хачу падзяліцца тым, што спазнала сама — пачуццём радаснай і малітоўнай атмасферы ў доме, калі ўсе спачатку збіраюцца за вігілійным сталом, а затым ідуць на Пастэрку ў касцёл», — заключае маладая маці.
«Адказнасць — тое галоўнае, чаму я сама навучылася за гэты час»
Вікторыя адзначае, што яе ініцыятыва — цалкам добраахвотная і бескарыслівая.
«Гэта не мой самалюбівы план рэалізацыі, зусім не — я проста цешуся, што магу падзяліцца тым глыбокім пачуццём пражывання і перажывання Адвэнту, якое маю ў сэрцы. І я вельмі радуюся, што наша каманда кожны дзень чакае Бога!»
Жанчына дадае, што галоўным урокам для яе самой стаў урок адказнасці.
«Самае цяжкае — не падвесці людзей і не ўвесці ў зман, бо я ў адказе за тое, што пішу і раю. Галоўнае, чаму я навучылася — гэта адказнасці. Бо нельга паабяцаць людзям дапамагчы і сваё абяцанне не выканаць...» — прызнаецца Вікторыя. Маладая маці звяртае ўвагу, што вельмі важным у гэтай малітоўнай ініцыятыве з’яўляецца камандны дух.
«Важна не забывацца, што наш чат — не псіхалагічны трэнінг, а каманднае перажыванне Адвэнту і праца над сабой разам з Богам. І галоўнае, што людзі адкрываюцца і мы разам молімся адзін за аднаго. А там, дзе двое ці трое, там і Бог», — распавядае жанчына.
Вікторыя спадзяецца, што адвэнтавая духоўная практыка прынясе духоўны плён кожнаму з удзельнікаў і не стане апошняй.
«Праблемы нас сучасных — у расчараванні ў жыцці і сям’і, у страце веры. Мы забываемся, што ў нас ёсць душа, якая мае патрэбу ў Богу; а нашы родныя гадамі жывуць без нашай усмешкі, без нашых слоў любові. Зрабіць пераасэнсаванне жыцця асабліва важна якраз у Адвэнт, каб новы год распачаць духоўна ўзмоцненымі, — заключае жанчына. — Бог — адзіны, хто ведае наша сэрца і наш шлях, таму трэба адкрыцца Яму. І калі Бог, а не штосьці іншае, будзе нашай зоркай, то мы знойдзем шлях да неба».
Вікторыя пазірае на гадзіннік і рашуча сядае за камп’ютар. Засяроджаная, яна старанна абдумвае кожнае паведамленне, якое адпраўляе сябрам у чат. Любая дачушка і муж ужо спяць. І толькі будзільнік, які размерана цікае на стале, не пакідае маладую маці ў цішыні. *** На адвэнтавым вянку тым часам некранутай застаецца яшчэ толькі адна свечка — Божае Нараджэнне зусім блізка. Ці паспеем мы сустрэць яго з чыстым сэрцам: наколькі плённым быў Адвэнт у кожнага з нас?
Падрыхтаваў Ілья Лапато
|