Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вучы мяне любіць і верным Табе быць»: сцэнку да Божага Нараджэння для бацькоў і арцыбіскупа падрыхтавалі дзеці пры «Місіі добрага самараніна»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.12.2015 16:50

20 снежня ў парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску прайшла святая Імша для дзяцей, якія займаюцца пры «Місіі добрага самараніна» ў Мінску, і іх бацькоў. Пасля Імшы ўсіх чакала тэатралізаванае прадстаўленне і дзяленне аплаткай.

Святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пачалася з ўрачыстага ўнясення Бэтлеемскага Святла міру ў мінскую святыню.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў асаблівую ўвагу на сімвалізм Бэтлеемскага агню і заклікаў падрыхтаваць дарогу ў душы для прыйсця Езуса. «У цэнтры падрыхтоўкі да Божага Нараджэння павінна быць чаканне Хрыста, а не выбар падарункаў, клопаты па ўпрыгожванні ёлкі і паход па магазінах», — зазначыў іерарх.



Як дадаў Мітрапаліт, найлепшым падарункам падчас святаў Божага Нараджэння павінна стаць малітва і ўсведамленне таго, што Езус нарадзіўся.

«Калі мы перад святам Божага Нараджэння наводзім парадак у нашых дамах і іх упрыгожваем, то ў гэтым працэсе мы павінны пакінуць месца для Немаўляткі Езуса. Мы павінны дзейнічаць па прыкладу Марыі. Яе сустрэча з Альжбетай прынесла ў яе дом Езуса і Ягоную ласку. Падобна і нашы перадсвяточныя і святочныя сустрэчы павінны быць накіраваны на нараджэнне Езуса Ягонай ласкай у нашых сэрцах і сэрцах тых, з кім мы сустракаемся», — адзначыў арцыбіскуп.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Евангельская гісторыя адведзінаў Марыяй святой Альжбеты заклікае нас да разважання аб прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Доўгія чэргі да споведзі, калі мы ачышчаем нашыя душы ад граху, і Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які распачаўся, з’яўляюцца не чым іншым, як упрыгожваннем нашых душаў да святаў Раства Хрыстовага.

Мы можам упрыгожваць нашыя дамы ёлкамі і каляровымі гірляндамі, аднак нам трэба ўпрыгожыць сябе ласкай адпушчэння грахоў, якую атрымліваем дзякуючы Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, калі мы разрываем з грахом, каб спазнаць у сабе прысутнасць Езуса», — звярнуў увагу арцыпастыр.

«Трэба ўзяць дзяцей на рукі ў прамым і пераносным сэнсе слова, клапаціцца пра іх, каб Езус увайшоў у іх сэрцы, каб Бэтлеемскі агонь "гарэў" у іх сэрцах і ніколі не згасаў», — сказаў іерарх.

«Як можна любіць проста так?»

Калядная сцэнка на тэму Божага Нараджэння, якую разам з дарослымі пры «Місіі добрага самараніна» падрыхтавалі дзеці, распавядала гісторыю пошуку Езуса маленькім прынцам.



Акрамя Юзафа з Марыяй і Немаўляці Езуса, на сцэне былі таксама прынц, тры каралі, анёлы і авечкі. Кожнае дзіця мела прыгожы касцюм і спрабавала ўжыцца ў ролю.

Пастаноўка нават атрымалася шматмоўнай: дзеці не толькі выконвалі песні, расказвалі вершы і вялі дыялогі па-беларуску, але і спявалі па-польску і віншавалі ўсіх са святамі па-англійску.
«Вучы мяне любіць і верным табе быць», — урывак з верша аднаго з маленькіх акцёраў. Дыялогі ў сцэнцы мелі глыбокі сэнс і маглі шмат у чым прымусіць задумацца нават дарослых.

«Напоўні мяне, Божа, любоўю, каб я нёс яе туды, дзе яе не хапае», — казалі дзеці. Магчыма, яшчэ не да канца разумеючы глыбокі сэнс сказаных імі слоў, маленькія акцёры на свой лад прамаўлялі адны з галоўных праўдаў веры — любіць бліжняга.

Пасля тэатралізаванага прадстаўлення прайшла аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі і іх бацькамі, а таксама быў падрыхтаваны салодкі пачастунак для самых маленькіх.

 

***

З рубрыкі «Гавораць дзеці»:

Ян Бушлякоў, у пастаноўцы выконваў ролю аднаго з трох каралёў:



— Мяне завуць Ян. (З гонарам) Я быў каралём. Іграў на сцэне разам з іншымі. Маё імя было Балтазар. (Азіраецца на бабулю) І я прынёс для Езуса золата.

— Хто такі Езус?

— Езус дапамагае людзям.

Бабуля:

— І як ты любіш казаць?

Ян:

— (Пасля невялікай паўзы) Ён самы лепшы!


Адэля Бахун, у пастаноўцы выконвала ролю аднаго з анёлаў:

— Маё імя Адэля. У сцэнцы я была анёлам.

— А хто такі анёл?

— (пасля невялікай паўзы) Ой, я ўжо забылася.

(Глядзіць на тату, а пасля дадае) Анёлы дапамагаюць Богу і робяць дабро.

— А хто яшчэ, акрамя анёлаў, быў у пастаноўцы?

— Багач, тры каралі, Езус... (пасля паўзы бойкім голасам) Езус – гэта Бог.

— А пасля сцэнкі ты дзялілася аплаткай?

— Так.

— А што такое аплатка?

— Яна такая квадратная (паказвае рукамі ў паветры). На ёй малюнкі розныя пра Божую сям’ю.


Віталій Клімовіч, у пастаноўцы выконваў адну з галоўных роляў — маленькага прынца:

— Хвала Хрысту!

— Хвала навекі! Мяне завуць Віталік.

— А тваё прозвішча?

— Эээ... (думае). Я — Алегавіч.

— Ты таксама сёння выступаў на сцэне?

— Так, я быў прынцам, які выратаваў планету!

— А пра што была сцэнка?

— Мы шукалі Езуса, які ёсць любоў. І паказвалі, што ёсць сябры, якіх нельга купіць за грошы.

— А ты ўжо ведаеш, што такое аплатка?

— Так, гэта такая вафелька. Бежавая.

***

«Калі б не было дзетак, наша праца не мела б сэнсу»

Сястра Часлава Навіцкая USJK з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, якая апякуецца «Місіяй добрага самараніна» ў Мінску, у размове з Catholic.by распавяла пра працу з дзецьмі і ролю, якую адыгрывае хрысціянскае выхаванне ў занятках з дашкольнікамі.



«Сюжэт дзеткам мы расказалі ў выглядзе казкі. Галоўны сэнс пастаноўкі — у пошуку любові, якую ў выглядзе Бога на сваім шляху сустракае маленькі прынц. І дзеці ўсё зразумелі і змаглі паказаць усё, чым жыве сучасны свет, — калі ў пагоні за грашыма чалавек забываецца, што найважнейшае багацце — гэта любоў. І вельмі важна сёння не забывацца пра яе і шукаць, бо ў ёй — наша жыццё!»

«Каб не было дзетак, наша праца не мела б сэнсу, — адзначае манахіня. —  Пры “Місіі добрага самараніна” дзеткі наведваюць заняткі па інтарэсах. Акрамя размовы пра Бога і катэхізацыі, мы займаемся з дзецьмі рытмікай, музыкай, танцамі, вучым польскую і англійскую мовы. Хацелася б, каб Бог заўсёды быў у іх сэрцах».

Паводле слоў с. Чаславы, гурткі па інтарэсах пад апекай «Місіі добрага самараніна» працуюць пры архікатэдральнай парафіі і парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску. На бягучы момант будуецца і асобны дом «Місіі добрага самараніна» для заняткаў з дзецьмі, але будаўніцтва яшчэ не скончана.

«Зараз мы займаемся толькі з дашкалятамі, але ў будучыні, калі Бог дазволіць — у асобным будынку, магчыма, запрацуе і пачатковая школа», — дадае манахіня.
«Да нас за заняткі прыходзіць каля 30 дзетак-дашкольнікаў. Вядома, месца трэба шмат. На вуліцы Серафімовіча мы будуем асобны дом, дзе хочам працаваць з дзеткамі. Арганізацыйная праца дастаткова цяжкая. Але калі апускаюцца рукі і ты прыходзіш да дзяцей, бавіш з імі час, то дзеці сваёй шчырасцю і дабрынёй падымаюць настрой, і глядзіш — з’яўляюцца новыя сілы, каб ісці далей. І я ўдзячная Богу за гэта».

Ілья Лапато
Фота аўтара, Аляксандры Шчыглінскай і Дарыюша Астасевіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.