Кусташы санктуарыяў Беларусі сустрэліся з нагоды Года Божай Міласэрнасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях |
Беларусь |
20.01.2016 11:50 |
19 студзеня кусташы санктуарыяў Беларусі сустрэліся ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях. Aгульнабеларуская сустрэча адбылася ў рамках святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і кс. д-р Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Лідскага раёна. На сустрэчу прыбылі кусташы санктуарыяў: а. Віктар Бурлака OFM — кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе, а. Казімір Мараўскі OCD — кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, кс. Чэслаў Паўлюкевіч — кусташ санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі, кс. Люцыян Дамброўскі SDB — кусташ санктуарыя Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, кс. Аляксандр Рудзевіч — кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях. Вярнуцца, каб вырушыць зноў
Санктуарый — святое месца, дзе Бог асаблівым чынам удзяляе сваю ласку. У санктуарыях пілігрымы знаходзяць еднасць свайго духу і сэнс жыцця. Санктуарый робіць магчымай унутраную перамену, калі чалавек прыходзіць ад няведання сябе да пазнання, пачынае разумець, кім ёсць і якое яго заданне. Часта той, хто вяртаецца з пілігрымкі, пачынае разумець, што павінен рабіць у сваім жыцці, у яго з’яўляецца ўсведамленне сэнсу жыцця. Такі чалавек вяртаецца з санктуарыя, каб вырушыць туды зноў.
З канферэнцыяй на тэму «Санктуарыі ў службе Божай Міласэрнасці» выступіў а. Казімір Мараўскі OCD. Святар адзначыў, што Бог з самага пачатку гісторыі аб’яўлення паўставаў найперш як Міласэрны, і не толькі прадстаўляў сябе такім, «але рэальна адорваў міласэрнасцю».
Кульмінацыйным пунктам праграмы была святая Імша. У гаміліі Мітрапаліт Мінскаг-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу: «Санктуарыi вядомыя ў першую чаргу тым, што ў iх найчасцей адбываюцца цуды. Калi мы кажам слова “цуд”, то звычайна пад гэтым маем на ўвазе аздараўленне чалавека ад невылечнай хваробы. (…) Аднак ёсць яшчэ i не бачныя чалавечаму воку цуды. Гэта цуды аздараўлення душы, калi чалавек, якi, напрыклад, некалькi дзесяцiгоддзяў не быў у споведзi, выходзiць з санктуарыя паяднаным з Богам».
«Кожны чалавек — гэта пілігрым, і таму пілігрымкі ў Юбілейныя санктуарыі павінны стаць новым штуршком да навяртання і да асабістага спазнання Божай міласэрнасці, каб потым стаць яе носьбітамі ў сучасным свеце», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і заклікаў удзельнікаў сустрэчы «падзякаваць Богу за тое, што ў нашай сінявокай Беларусі ёсць санктуарыі і што яны з году ў год адыгрываюць усё большую ролю ў духоўным жыцці чалавека». Дарам, атрыманым у санктуарыі, з’яўляецца тое, што спазнае пілігрым: яго навяртанне — страчанае дабро, якое ён знаходзіць. Усе ўдзельнікі сустрэчы выказалі надзею і вялікае жаданне, каб санктуарыі ў Беларусі ў Юбілейны Год Міласэрнасці сталі асяродкамі, дзе праз простую і пакорную веру стане магчымым спатканне з тым вялікім багаццем, які Хрыстус даверыў Касцёлу, найперш з сакрамэнтамі, ласкай, міласэрнасцю, любоўю да пакутуючых; каб беларускія санктуарыі сталі сапраўднымі Вячэрнікамі, дзе ўсе вернікі змогуць пагрузіцца ў гарачую малітву.
Кс. Юрый Марціновіч, (AG) |
Фотарэпартаж |