Сімвалы Вялікага посту: трыццаць срэбранікаў, або колькі каштуе Любоў? |
Беларусь |
14.03.2016 11:25 |
«Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: “Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?” Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго» (Мц 26, 14-16).
Тую Любоў, якую Хрыстус хацеў перадаць сваім вучням, адзін з іх прадаў за трыццаць срэбранікаў. Якую цану за Хрыстову любоў гатовы заплаціць я? За ахвяру аж да смерці за мяне, за майго сябра і ўсё чалавецтва? Якая мая плата за Любоў? Між тым сапраўдная любоў не патрабуе платы, бо яна настолькі вялікая, што з'яўляецца бясцэннай. Але мы стараемся за яе плаціць, не гатовыя любіць проста так. І за любоў плацім, як за цукеркі ў краме, як за кілаграм яблыкаў ці бананаў, як за праезд у метро ці ў цягніку. Аплачваючы ўсё, што атрымліваем у сваім жыцці, мы адвыкаем аказваць сваю любоў задарма, часамі і прымаць таксама яе не можам, бо не верым і ўжо не можам усвядоміць, што такое бывае — любоў не дзеля карысці, а проста так, бо гэта проста па-чалавечы. І мы прадаём і набываем, па самых розных цэнах. За ўвагу, за спагаду, за ўсмешку і нават за аказаны прафесіяналізм, які чамусьці адразу становіцца заўважным толькі тады, калі кліент, пацыент заплоціць, часамі хабар. Трыццаць срэбранікаў — гэта не проста грошы, гэта здрада Ацаніць Хрыста ў трыццаць срэбранікаў і здрадзіць Яму пацалункам Юды — гэта ацаніць усё тое, што Ён хацеў перадаць свайму народу, сваім вучням і сябрам, у грашовым эквіваленце і прадаць як тавар. Мастак Алег Шупляк «Езус і Юда» Любоў за 30 срэбранікаў, праўда за 20 срэбранікаў, свабода за 25 срэбранікаў, годнасць за 15 срэбранікаў, дабрыня, салідарнасць і спагада за 15 срэбранікаў, міласэрнасць за 30 срэбранікаў, свае мары і вера за 20 срэбранікаў. Да якога часу мы будзем прадаваць тое, што складае нашую сутнасць як асобы? Эскіз: «Сёння зніжкі і распродаж» У раніцу нядзелі ён выйшаў на рынак і ўбачыў чалавека, які трымаў у руках рэкламны плакат з надпісам «Акцыя». Сёння акцыя на любоў, свабоду, годнасць, салідарнасць, інтэлігентнасць, свядомасць. Усё па адным кошце: 5 срэбранікаў. Як чорныя вароны, наляцелі людзі і з ахвотай набывалі рэчы, якіх яны самі пазбыліся даўно, бо адчувалі ў іх патрэбу, а, можа быць, і патрэбу не адчувалі, а проста набывалі па інерцыі — акцыя ж! Праз нейкі час чалавек застаўся без усяго, што прынёс, каб прадаць. Ён палічыў свае срэбранікі, паклаў на дно пустога заплечніка і пайшоў дадому з супакойлівай думкай — крызіс перажыву. Адзінае, што людзі маглі пачуць, калі ён праходзіў паўз іх — ціхае бразгатанне ў рытм яго крокаў, і больш нічога. Тую здраду, якая была адзіным, што ён не прадаў, а набыў у той дзень, яны не заўважылі, хоць яна яскрава праглядалася ў яго вачах. А не заўважылі таму, што даўно адвучыліся глядзець адзін аднаму ў вочы. Бразгатанне, падманлівы супакой і пустэча, якую рабіла бясконцай і бяздоннай здрада. Ні спагадлівых слоў, ні салідарнасці, ні годнасці, ні абароны сябе і іншых, ні талентаў і моцных памкненняў, моцных жаданняў і мараў не засталося, як веры і надзеі.
Толькі пусты заплечнік, які будзе нагода папаўняць яшчэ і яшчэ, каб неяк перажыць гэты духоўны крызіс, які апанаваў увесь свет. Ён атрымае 30 срэбранікаў за маўчанне, столькі ж за бядзейнасць, столькі ж за безыніцыятыўнасць і падманлівы спакой, столькі ж за ману іншым, столькі ж за здраду сваім сябрам, аднадумцам... За што я атрымліваю трыццаць срэбранікаў, прадаючы самае лепшае, годнае і важнае? І навошта яны мне, трыццаць срэбранікаў здрады Богу, самому сабе і праўдзе? Як прыдаліся гэтыя срэбранікі Юду? Трыццаць срэбранікаў ганьбы і паразы перад тым, ад чаго «(…) ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас (…)» (Рым 8, 38-39). А здрада адлучыць зможа, бо здрада — гэта нашая свабодная воля, наш выбар, які вядзе да згубы. Матэрыялы з гэтай серыі:
Аксана Ючкавіч |