Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімвалы Вялікага посту: сорак
Рознае
13.02.2016 09:38

У майстэрні Алены Францаўны было ціха і ўтульна. Сузіраючы сцены і вокны, падлогу Г-падобнага пакою ў Доме рамёстваў, Янка правёў рукою па драўляным стале, як раптоўна адчуў, што дзе-нідзе на ім адчуваліся крышынкі і прылепкі неадмытай гліны, дзесьці цёмнай, а дзесьці светлай.

Колькі хвілін таму з майстэрні выйшлі тры вучні Алены Францаўны, якія звычайна па суботах з самай раніцы спачатку былі ў ганчарыхі, а потым ішлі да дзядзькі-каваля Лявонціка, як назвалі яны паміж сабою Лявонція Карлавіча, які быў вядомым майстрам па жалезу. Некаторыя думалі, што ў Доме рамёстваў працуе цудоўны знаўца аўтамабіляў, але дзядзька Лявонцік ніякага дачынення да рамонту сучаснага жаляззя не меў.

Лявонцік меў дачыненне і найбольшае замілаванне да жырандоляў.

Тых самых, што Янка сузірае ў Касцёле, калі прыходзіць на святую Імшу ў нядзелю ці ў будні дзень, калі вельмі захоча пабыць сам-насам з Цішынёй.

Але спачатку гаворка не пра Лявонціка, а пра Алену Францаўну.

Якраз яе танклявую, але вельмі энергічную постаць заўважыў Янка каля акенца, якога адразу не заўважыш у Г-падобным пакоі, а ўбачыш толькі тады, калі пройдзешся далей.

Алена Францаўна сядзела, схіліўшыся каля ганчарскага кола, і яе рукі фармавалі чарговы збаночак, зусім невялікі, які па форме быў такі ж, як цэлая грамадка на драўлянай паліцы.


— Які па ліку ўжо такі збаночак?

— Гэта трыццаць восьмы, Янка.

— А якім трэба скончыць?

— Саракавым?

— А чаму Вам спатрэбілася сорак аднолькавых збаночкаў раптам, якія рабілі і сёння, і ўчора? Пэўна, і рукі стаміліся іх фармаваць? Я ж як учора забягаў за Міколам, то бачыў, што Вы таксама іх робіце.

— А гэта, Янка, на замову.

— А каму спатрэбілася роўна 40 аднолькавых збаночкаў?

— Янка, думаю, ты добра ведаеш гэтага чалавека, што жыве ля возера, як і жырандолі, якія ён не спыняецца рабіць для многіх святароў.

— А навошта нашаму Лявонцію Карлавічу гэтыя збаночкі?

— А для сваёй малодшай дачкі на Вялікі пост?

— Сорак збаночкаў на Вялікі пост? — не разумеў Янка, што мог прыдумаць гэты Лявонцік.

— Так, такім чынам наш дзядзька-каваль будзе тлумачыць сваёй Стэфцы пра важнасць кожнага перажытага дня ў Вялікім посце. Лявонцій Карлавіч распавядаў, што падрыхтаваў дзве доўгія паліцы, якія прыбіў у яе пакоі, каб паставіць там калекцыю са збанкоў. Кожны дзень — як сімвал чарговага дня посту. Пусты дзень — пусты збаночак. Дзень, напоўнены маленькімі геройствамі і перамогамі над сабой — у збаночку з'яўляюцца галінкі ці бярозы, ці вярбы, ці іншага дрэва. Непрыгожа, калі збанкі будуць пустымі. Іх трэба старацца запоўніць нечым прыгожым.


— Прыгожым?

— Сваім прыгожым жыццём.

— А-а-а...

— Але ж святар на катэхезе казаў, што кожны дзень Вялікага посту  гэта прабыванне ў пустыні, гэта выпрабаванне, гэта змаганне са спакусамі, гэта нават бітва. А якая прыгажосць пасля бітвы?

— А ў перамозе няма прыгажосці?

— Ёсць, і вялікая радасць. Я хачу перамагаць таксама, кожны дзень перамагаць, праўда, няма ў мяне такіх збаночкаў, якія б сталі сімвалам 40 дзён змагання, але я буду думаць кожны вечар, што я магла б змясціць у гэты збанок.

Цэлы дзень Янка разважаў пра гэтыя Лявонцікавы 40 велікапосных збаночкаў, параўноўваючы з водамі вялікага патопу, якія на 40 дзён і начэй паслаў Пан на зямлю, з сарака гадамі блуканняў па пустыні габрэйскага народа, з сарака Майсеевымі днямі на Сінаі, з якога вынес ён народу таямніцу дэкалогу, з сарака днямі Хрыста, які прабываў у пустыні і якога спакушаў там д'ябал...

 І. Крамской "Ісус у пустыні"

«40 дзён і начэй вады, 40 гадоў дарогі і шукання, 40 дзён перад запаветам, 40 дзён малітвы і спакусы...

І сорак збаночкаў прыгажосці, якія будуць запаўняцца штодня ў Вялікі пост нечым годным... А якія ў цябе гэтыя сорак дзён?

Вады, якая ачышчае? Шляху, які выпрабоўвае? Горнай вышыні, якая набліжае да неба? Ці сорак дзён прыгожых перамог?

І што перамагаю я сёння?» — думаў Янка, гледзячы ў вокны хаты дзядзькі-каваля, дзе ўжо на прыйсце вечаровай шэрасці і паўзмроку запалілі святло на невялічкіх і далікатных жырандолях.

Матэрыялы з гэтай серыі:

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона