Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец скіраваў ліст да свайго надзвычайнага пасланніка на ўрачыстасці ў Будславе кардынала Крыстафа Шонбарна
Беларусь
01.07.2016 00:42

Папа Францішак скіраваў ліст да кардынала Крыстафа Шонбарна, арцыбіскупа Мітрапаліта Венскага — свайго надзвычайнага пасланніка на ўрачыстасці ў Будславе 1-2 ліпеня 2016 г.

«Мітрапалітальны Мінска-Магілёўскі Касцёл лацінскага абраду, які наш Папярэднік, святы Ян Павел ІІ, заснаваў у 1991 годзе для забеспячэння духоўных патрэбаў вернікаў гэтага рэгіёна, з удзячнасцю святкуе 25-ю гадавіну свайго існавання. Для дастойнага брата Тадэвуша Кандрусевіча, руплівага біскупа вернікаў усіх касцёльных супольнасцяў архідыяцэзіі, згаданая падзея з’яўляецца перадусім духоўным падарожжам, якое супала з Надзвычайным Юбілеем Міласэрнасці і якое трэба глыбока перажыць, верна ідучы за голасам Пана. На працягу гэтага часу было зроблена вельмі многае, не толькі ў мітрапалітальным Касцёле, але і ва ўсёй краіне для таго, каб усе маглі славіць Божую веліч, а таксама атрымаць  стымул для аднаўлення жыцця, аддана ідучы за святлом Хрыста.

Узгаданы арцыбіскуп Мітрапаліт, які таксама выконвае функцыю Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, вельмі моцна прасіў, каб які-небудзь дастойны Муж быў пасланы прадставіць Нас на гэтых урачыстасцях і аказаць нашую пашану да ўмілаванай аўчарні. Таму да Цябе, дастойны Наш Брат, які кіруеш мітрапалітальным Касцёлам у Вене і так шмат дапамагаеш Касцёлу ў Беларусі, звяртаю Нашу ўвагу і гэтым лістом прызначаю Цябе СВАІМ НАДЗВЫЧАЙНЫМ ПАСЛАННІКАМ для цэлебрацыі ўрачыстага святкавання 25-й гадавіны заснавання Мінска-Магілёўскага мітрапалітальнага Касцёла, якое адбудзецца ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 1 і 2 ліпеня.

Прашу ад Нашага Імя цэлебраваць Эўхарыстыю, а таксама прывітаць арцыбікупа Мітрапаліта і іншых іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў, свецкія ўлады і ўсіх вернікаў. Мы ведаем пра многія жудасныя моманты, якія перажылі хрысціяне ў Беларусі падчас камуністычнага рэжыму, але гэта спрычынілася да ўмацавання веры і сёння з’яўляецца добрым сведчаннем пра  Хрыста і Яго Касцёл. Сярод гэтых людзей знаходзіўся Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, першы арцыбіскуп гэтай мітрапалітальнай сталіцы, нязломны абаронца веры, які пад пагрозай смерці абвяшчаў Хрыста і вёў вернікаў шляхам Евангелля.

Жадаем, каб усе вернікі Беларусі, успамінаючы розныя старонкі гісторыі мітрапалітальнага Касцёла, захоўвалі Божыя запаведзі ў штодзённым жыцці, а таксама паказвалі прыгажосць хрысціянскага паклікання сваім прыкладам і словам.

Такім чынам, Мы суправаджаем Цябе, дастойны наш брат, у Тваёй місіі выканання гэтага задання. Урэшце з радасцю ўдзяляем Табе Нашае Апостальскае благаслаўленне, знак нашай добразычлівасці да Цябе і нябеснага дару; перадай жа яго ўсім удзельнікам цэлебрацыі», — гаворыцца ў лісце.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.