Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзённік удзельніка СДМ-2016: Кракаў жыве!
Беларусь
26.07.2016 12:33

25 ліпеня большасць моладзі ўжо прыехала, Кракаў становіцца мультынацыянальным, але адзіным у радасці сустрэчы і еднасці ў Хрысце. І гэта так звычайна — паціснуць далонь эквадорцу, схавацца пад капелюшом мексіканца, патанчыць з бразільцамі, распавесці пра Беларусь моладзі з Канады... І так бясконца. Кракаў жыве!

Ранак 25 ліпеня з думкай, каб не спазніцца на цягнік да Кракава. Крыху сумнае развітанне з сям'ёй, якая шчыра і гасцінна прымала.

Спадзяванне на тое, што хтосьці з гэтай сям'і — хутчэй за ўсё дзеці-студэнты — прыедуць у госці ў Беларусь.

Атрыманне білетаў. Білет нумар 525 — гляджу на свой і разумею, што такіх месцаў не бывае. І сапраўды, гэта не месца, бо месцы ў гэтым цягніку ў кожнага свае. Удалося прысесці на свой спальнік, а іначай восем гадзін да Кракава можна было і прастаяць...

Атмасфера цягніка — самая «СДМаўская»: восем гадзін спеваў, якія перамяжоўваюцца тым, каб спыніцца і з'есці бутэрброд, а потым зноў спяваць. Бліжэй да Кракава — якраз каля трэцяй гадзіне дня — молімся разам Вяночак: мы па-беларуску, польская моладзь — па-польску. Застаецца яшчэ крыху. Спяваем разам, усміхаеімся адзін аднаму. Усё адбываецца ў рытме СДМ: крыху хвалявання і безліч радасці.

Прыгоды для тых, хто жадае радавацца з Касцёлам, пачынаюцца.

Яшчэ я прадчуваю і ведаю, што гэта час сустрэч, як з сябрамі, якіх не бачыў гадоў пяць, а то і больш, так і з новымі людзьмі. У некаторых бывае і так, што такія сустрэчы змяняюць жыццё, дадаюць сілы прыняць важнае рашэнне альбо пазнаць Бога, які паказвае сваю прыгажосць праз свой народ.

Калі я сузіраю гэтую разнастайнасць народаў, рознакаляровасць скуры, вачэй, валасоў, адзення і сцягоў, то яшчэ больш адчуваю звышталенавітасць Бога і вялікі кошт таго, тых, каго Ён стварыў... І стварыў з вялікай любоўю.

Месца начлегу

Апошнія намаганні, і наша група дабралася да месца, дзе будзе мець начлег на працягу прабывання ў Кракаве.

Заўсёды цешуся ў розных пілігрымках, калі ўся група жыве ў адным месцы. Здавалася б, што менш выгодаў, калі жывеш у класе школы, калі спіш на падлозе, але гэтыя адчуванні якраз і надаюць смак усяму падарожжу.

У гэты раз мы жывём у школе ў раёне Новай Гуты. У кожнага свае два метры на метр, дзе можна пакінуць свае рэчы і стомленага, але шчаслівага самога сябе на некалькі гадзін адпачынку.

Вечар 25 ліпеня гучыць, усміхаецца, жыве і час ад часу «сэлфіцца».

Горад жыве чаканнем Папы. Стары Кракаў хавае таямніцы польскай гісторыі, хавае і боль, і змаганне, і вялікую любоў, і таямніцу міласэрнасці, адкрыты на моладзь, адкрыты на будучыню Каталіцкага Касцёла, адкрыты, як калісьці малады Караль Вайтыла, на тое, каб служыць іншым...

Стары Кракаў, які ўвесь час малады, бо гэта горад універсітэтаў і студэнтаў, жыве ў яшчэ большай сіле, і ў гэтыя дні горад хіба наймаладзейшы і поўны вялікіх надзей і мараў моладзі з усяго свету...

Моладзь паўсюль: спявае і танчыць на вуліцах і плошчах, пад помнікам Міцкевіча развівае свае сцягі, абедае на падлозе вялікіх гандлёвых цэнтраў, дзе спявае песні свайго народа і песні праслаўлення Хрыста...

Адчуваецца гонар за свой народ і яшчэ больш за тое, што ты частка Таго, хто асабіста кожнаму кажа аб тым, як любіць чалавека і гэты свет да канца.

Папярэднія матэрыялы:

Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак

Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека

Дзённік удзельніка СДМ-2016: да кульмінацыі ўсё бліжэй

Дзённік удзельніка СДМ-2016: цяпер я нашу пры сабе тры важныя рэчы — тры гімны

Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.