Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Любоў Чаркашына: ад’язджаючы на Алімпіяду, наша каманда наведала храм
Беларусь
17.08.2012 12:27

Беларуская гімнастка Любоў Чаркашына на фінішы алімпійскай праграмы ў Лондане адразу пасля апошніх акордаў свайго нумара перахрысцілася і пачала плакаць. Спартсменка бездакорна выканала праграму і атрымала сваю першую алімпійскую ўзнагароду — бронзавы медаль у індывідуальных спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы.

Выражэнне эмоцый пасля выступлення менавіта такім чынам — дзякуючы Богу — не першы прыклад на сёлетняй Алімпіядзе. Так пераможца алімпійскага бегу на 5 км, эфіопская спартсменка Месерат Дэфар, пасля фінішу выцягнула з-пад кашулі медалік Маці Божай,  паказала яго камеры і пацалавала, молячыся і плачучы.

Яшчэ адна прызёрка Алімпіяды, 27-гадовая Каці Тэйлар з Ірландыі, якая здабыла алімпійскі тытул у жаночым боксе, адзначыла: «Мае мары споўніліся дзякуючы Божай ласцы і прысутнасці Езуса ў маім жыцці».

Пра тое, чым стаў удзел у Алімпійскіх гульнях для беларускай гімнасткі, Любоў Чаркашына распавяла Catholic.by.

«Літаральна на днях я пераглядзела сваё выступленне збоку і не адразу паверыла, што гэта я. Я зусім не кантралявала свае эмоцыі. Тое, што я перахрысцілася і заплакала, адбылося само сабой. Міжволі. Гэта відаць, крык душы — у той момант ўсё маё напружанне спала, — адзначыла спартсменка. — Я веруючы чалавек. І лічу, што ўсе мы пад Богам ходзім. Калі я выступала ў Пекіне, у мяне моцна хварэла мама. І на жаль, яна не змагла пабачыць маё выступленне... І можа быць на сёлетняй Алімпіядзе я нейкім чынам падзякавала ёй за падтрымку, якую адчуваю ад яе з нябёсаў».

Каментуючы сваё стаўленне да талісманаў, спартсменка прызналася, што звычайна ў спорце яны з’яўляюцца, калі ў спартсменаў нешта не складваецца і яны пачынаюць верыць, што нейкі прадмет ім зможа дапамагчы.

«Некаторыя носяць з сабою цацкі. Часам бывае дзіўна назіраць, як на спаборніцтвах выходзіць каманда — дастаткова сталая — і такога вялізнага мішку з сабою цягнуць. І вераць жа, што ён ім дапаможа (усміхаецца). Многія спартсмены перад спаборніцтвамі прыходзяць у храм. Адна рэч, што ты папрацаваў, другая рэч — удача. Але зусім іншае, калі ты давяраеш свае думкі Богу, бо хочаш, каб Ён тваім лёсам кіраваў, — працягвала спартсменка. — Мы перад ад’ездам на Гульні таксама наведалі храм. Я не надта люблю, калі гэта робіцца арганізавана: сабраліся — „мы ідзём у храм“ — і пайшлі. Вядома, я таксама пайшла, але паверце, для свайго душэйнага спакою ў прыватнай малітве свае думкі я даверыла Богу яшчэ загадзя».

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.