Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Па слядах Хрыста: дзённік пілігрыма са Святой Зямлі (заканчэнне)
Беларусь
29.06.2014 18:18

27 чэрвеня ў Назарэце адбылося ўрачыстае асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай. З гэтай нагоды на Святую Зямлю з Беларусі былі арганізаваныя адмысловыя Усебеларускія пілігрымкі. Першую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, другую – дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Пілігрымы наведалі Бэтлеем, Назарэт, Гару Благаслаўленняў, Кану, Гару Табор, Ерыхон і Ерузалем.

У складзе пілігрымаў - вернікі і святары, сярод якіх і карэспандэнт Catholic.by кс. Юрый Марціновіч, які вёў адмысловы анлайн-дзённік з месца падзей.

к

Заканчэнне пілігрымкі 

Вось і заканчваецца наша пілігрымка. Больш за тыдзень мы правялі ў незвычайным і такім асаблівым месцы – на Святой Зямлі. Хадзілі тымі ж вуліцамі, што хадзіў Езус, Яго Маці, апосталы...

Варта сказаць, што гэта вялікая ласка – наведаць Святую Зямлю, дзе можна засведчыць Евангелле, якое пасля сустрэчы з гэтай зямлёй становіцца для цябе яшчэ бліжэйшым, яшчэ больш жывым, зразумелым, простым...

Але павінен прызнацца, што лёгка падчас гэтай пілігрымкі не было. Няпроста было з-за вельмі гарачага сонца. Для тых, хто не прывык падымацца рана, часу на добры сон таксама было не многа. Але не гэта было найважнейшым. Сутнасцю пілігрымкі быў наш у ёй удзел.  

Пілігрымаваць па Святой Зямлі мне пашчасціла ўпершыню. Мяркую, што за гэты час я яшчэ бліжэй спазнаў Евангелле, якое ўжо абвяшчаў пасля прыняцца сакрамэнта святарства.

 

Робячы падсумаванне пілігрымкі, трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі нашага падарожжа за гэты час вельмі зрадніліся. Адзін аднаму гатовыя прыйсці на дапамогу. Часта можна было пачуць: Можа табе паднесці торбу? Хочаш, куплю табе лёд? Можа трэба крэм ад сонца?

...У гэтыя хвіліны я сяджу ў тэрмінале аэрапорта Тэль-Авіва, чакаючы наш самалёт. Кантроль мы прайшлі вельмі хутка, без асаблівых прыгод. Нашы пілігрымы з абпаленымі сонцам тварамі шчасліва ўсміхаюцца... Вяртаючыся да сваіх блізкіх, яны вязуць прыгожыя сувеніры. 

Я вязу з сабою кавалачак Святой Зямлі ў сваіх успамінах і на фотаздымках, у тым, што бачыў і чуў, чым буду дзяліцца са сваімі блізкімі бліжэйшыя дні.

Дзякуем Пану Богу за гэты прыгожы час, падчас якога мы ўзмацнілі сваю веру, пашырылі свой кругагляд і ўзбагаціліся інтэлектуальна.

Святая Зямля – Зямля Хрыста, дзякую табе за гэту цудоўную сустрэчу!!!

Усім нашым чытачам я хачу падзякаваць за тое, што сачылі за нашай пілігрымкай, чылі мае справаздачы і ядналіся з намі духоўна!

**** 

Дзень сёмы

Перадапошні дзень нашай пілігрымкі прайшоў вельмі інтэнсіўна. Як заўсёды, з самага ранку мы вырушылі на спазнанне новых месцаў на Святой Зямлі. Можна сказаць, нашым дэвізам за гэтыя дні сталі словы – менш сну, але больш адкрыццяў. Арганізатары спланавалі нашу пілігрымку такім чынам, каб мы змаглі наведаць як мага больш месцаў, аб якіх ёсць згадкі ў Евангеллі.

Надвор’е спрыяла нам і сёння. Часамі нават занадта. Спёка была невыноснай. Дарэчы, наш гід, які жыве ў Ізраілі з 1999 года, казаў, што даўно не памятае такой спёкі на гэтых землях.

Мы ўзгадалі біблійнае запрашэнне Змёртвыхпаўсталага Хрыста, каб накіравацца да Галілеі і сустрэцца з Ім там. Адказваючы на гэта запрашэнне, з самага ранку мы выйшлі з нашага гатэлю ў Назарэце і пайшлі на сустрэчу з Хрыстом. Па дарозе мы былі вельмі здзіўленыя прыгажосцю кветак, якія раслі ў пустыні. Нягледзячы на спякоту і адсутнасць дажджоў, кветкі былі зялёнымі і яшчэ цвілі, ад чаго па наваколлі разносіўся іх прыемны водар.

Страх адкінь, на глыбіню плыві

Шмат цікавых месцаў, звязаных з асобай Хрыста, нам удалося сёння ўбачыць на свае вочы, разважаючы над зямным жыццём Езуса. Я хацеў бы распавесці хаця б пра Галілейскае возера. Сам Пан Езус не раз перасякаў яго, якое няшмат і змянілася з таго часу. Гэта Езусава возера. 

Гэта возера, а таксама вёскі і гарады, якія яго атачаюць, былі сведкамі публічнай дзейнасці Хрыста. Перамяняючы яго, Езус абвяшчаў радасную навіну аб збаўленні, аб Валадарстве Божым. Гэта з гэтага возера Езус паклікаў апосталаў, якія былі простымі рыбакамі, каб тыя сталі «лаўцамі» людзей. Шмат цудаў учыніў Езус у гэтым месцы. 

фота а. Андрэя Буйніча 

Возера Геназарэт – адзінае месца ў Палестыне, якое не зведала на сабе наступстваў апрацоўкі сякерай ці шпатэлем. Мы хадзілі па тых жа самым скалах, што і Хрыстус. Радаваліся тым жа краявідам, любаваліся тым жа хараством прыроды, удыхалі тое ж паветра...

Амаль усё змянілася на зямлі, але возера засталося тым жа самым, як і горы, якія яго атачаюць. 

Надоўга запомніцца мне сёння прагулка на караблі па Галілейскім возеры. Лёгкія ўдары хваляў у наш карабель; рыбы, якіх можна ўбачыць праз вадзяную роўнядзь; далікатны ветрык – усё спрыяла таму, каб яшчэ раз паразважаць над урыўкам з Евангелля, кажучы пра цудоўны рыбны ўлоў. Чытаючы для ўсіх удзельнікаў пілігрымкі гэты фрагмент, я ўсвядоміў, што таксама з’яўляюся такім рыбаком людскіх душаў. Хрыстовае «станеш лаўцом людскіх душ» -- я усвядоміў сёння больш яскрава, разумеючы, што яшчэ з большым запалам павінен вярнуцца да сваіх штодзённых спраў і абавязкаў, якія былі давераныя мне нашай Канферэнцыяй Біскупаў.

Занесці іншым Бога, як Марыя

Вечар у Назарэце быў вельмі багаты. Мы пабывалі ў базыліцы Звеставання, каб узяць удзел у Ружанцы і марыйнай працэсіі са свечкамі. Такое набажэнства адбываецца тут кожны суботні вечар. Чарговы раз я дасведчыў універсальнасць Касцёла і тое, што я належу да адной вялікай сям’і Божых дзяцей. У людскім тлуме я крочыў за фігуркай Божай Маці, якую неслі чацвёра мужчын з нашай групы. 

Менавіта ў гэтым месцы Марыі была выбраная на Маці Бога. Атрымала тады заданне, каб распавесці пра гэтае выбранне іншым і прынесці Езуса на свет. Сваё заданне яна выканала з найлепшай адзнакай, калі б мы хацелі ацаніць гэту падзею. Падчас ружанцовай малітвы, якой маліліся рознымі мовамі ўдзельнікі працэсіі (таксама і па-беларуску!) я ўсвядоміў, што я, гэтаксама як і кожны чалавек, павінен несці вестку пра Хрыста ў сучасны свет. 

Сёння – як ніколі – патрэбна даць свету Бога. Несці яго на сваіх далонях, у сэрцы, словамі, паставай кожнага дня. Так выглядае нашае хрысціянства. Да гэтага мы былі пакліканыя!

PS. Сёння наша апошняя ноч на Святой Зямлі. Астатнія прагулкі па гэтых вуліцах, якія дыхаюць гісторыяй і з’яўляюцца нямымі сведкамі вялікіх гістарычных падзей. Вяртаючыся з базылікі пасля заканчэння марыйнай працэсіі я стаў сведкам мусульманскай малітвы. У цэнтры горада – некалькі дзясяткаў мужчын рознага ўзросту ад старога да малога ўсхваляюць свайго Алаха. Мы ўжо вяртаемся з працэсіі, а іх малітва толькі пачалася...

Апошнія гадзіны застаюцца да нашага адлёта. Заўтра а 23-й гадзіне мы сядзем на вызначанае для кожнага з нас месца ў самалёце і вернемся да сваіх, бо як гучыць народная прымаўка: у гасцях добра, але дома лепш.

Фотарэпартаж глядзіце тут

****

 

 Дзень шосты

Сённяшні дзень раз і назаўсёды будзе запісаны ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі! Сёння ў горадзе Назарэт, гістарычнай сталіцы Галілеі, які ў Евангелле прадстаўлены як месца, дзе рос Езус Хрыстус і дзе знаходзіўся дом св. Юзафа і яго майстэрні, адбылося асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Удзел у сённяшняй урачыстасці быў галоўнай мэтай нашай пілігрымкі.

Маці Будслаўская, мы Цябе просім – радзімы край абарані!

Прачыналіся мы сёння раней, чым у папярэднія дні. Нашы пілігрымы адмыслова з нагоды ўрачыстасці апрануся па-святочнаму. Наш аўтобус на шляху з Бэтлеема ў Назарэт пераадолеў 190 км. 

Літургія была вельмі ўзнёслая і незвычайная. Спеў хора з мінскага касцёла Ссв. Сымона і Алены, а таксама з магілёўскай катэдры надаваў падзеі надзвычайны каларыт. Якія сёння былі спевы! Больш за 300 чалавек з розных куткоў Беларусі злучыліся ў адзін велічны голас, спяваючы: «Маці Будслаўская, мы Цябе просім...» 

Сёння, як ніколі раней, я адчуў гонар за моц нашага Касцёла, які квітнее і ўзбуйняецца, ды так, што мы маем магчымасць паказаць яго моц іншым народам. А еднасць паміж нашымі пілігрымамі, імкненне дапамагчы адзін аднаму, прыгожыя словы, сімпатыя і агульная малітва – усё гэта сведчыць пра тую сілу і моц.

Сёння смела магу сказаць, дасведчыўшы асабіста, што наш беларускі народ мае сваю заступніцу ў небе, якая 400 гадоў таму благаславіла будслаўскую зямлю.

Думаю, што для нас гэта вялікі гонар, што ў тым месцы, куды штодня прыбываюць тысячы пілігрымаў з розных куткоў свету, будзе і мазаіка з выявай Маці Божай Будслаўскай. Кожны мінак, кожны пілігрым, які прыбывае да гэтага святога месца, зможа спыніцца каля гэтай мазаікі, пераводзячы дух і збіраючыся з сіламі, і звярнуўшы ўвагу на яе, прачытае на мазаіцы надпіс, дзе лацінскімі літарамі напісана: Budslau-Belarus.

Несумненна, гэта сімвал, які штодня будзе нагадваць аб існаванні мірнага народа -- беларусаў...

У завяршэнні дня, стомлены і абпалены бязлітасным сонцам, якое сёння як ніколі дагэтуль не прыпякала так моцна, ідучы вулачкамі Назарэта, я ўвесь час узгадваў словы той нашай песні: «Маці Будслаўская, мы Цябе просім...».

...Гэта сапраўды радасць, якую я сёння дасведчыў. Радасць, якую дасведчыў мітрапаліт, узрушана ўсклікаючы падчас урачыстасці: «Прымі ў сваю апеку нашу Бацькаўшчыну». Гэта радасць перадалася ўсім пілігрымам, якія пасля вячэры, таксама невыспаныя, змучаныя сонцам, пайшлі пехатою да базылікі Звеставання, у кляштары якой побач з іншымі мазаікамі з розных краін будзе змешчана і мазаіка з Беларусі.

Сёння абрад асвячэння адбываўся ў касцёле. А цягам наступных дзён айцы-францішкане, якія апякуюцца касцёлам і кляштарам, змесцяць нашу мазаіку ў адпаведна прыгатаваным месцы.

Вяртаючыся ад базылікі, пілігрымы, якія за гэты час вельмі зрадніліся паміж сабой, у чымсьці нагадвалі нецярплівых дзяцей – нават у фае гатэля пераказвалі адзін аднаму: «Яшчэ няма мазаікі. Не змясцілі. Сказалі, што заўтра змесцяць». Думаю, што да нашага вяртання на Радзіму, мы яшчэ завітаем ў францішканскі падворак і ўбачым там нашу мазаіку, каб са спакойным сумленнем вярнуцца дадому.

Няхай віно ніколі не заканчваецца...

Перад вяртаннем у гатэль нам удалося таксама наведаць Кану Галілейскую. Так добра супала, што нашы ўрачыстыя строі як бы спрыялі таму, каб нас запрасілі на надзвычайнае вяселле ў Кане Галілейскай. На тым вяселлі з намі была Найсвяцейшая Маці ў Будслаўскім малюнку. Быў таксама і Езус-цудатворца. Было таксама віно. І былі на вулічках крамы, па якіх бы мурашы вельмі хутка распаўзліся ўсе нашы пілігрымы... 

Была ў Кане і магчымасць прадэгуставаць віно, якое спрадвеку вырабляецца тут паводле ўнікальных традыцый і прадпісанняў.

Хрыстос на вяселлі ў Кане перамяніў ваду ў віно. Кожны з нас, будучы госцем гэтага вяселля, меў з сабою інтэнцыі – каб Езус Хрыстус перамяніў і іх жыццё. Пра гэта сведчылі самі пілігрымы ў асабістых размовах са мною...

Падчас тых размоваў многія дзяліліся сваімі цяжкасцямі, тым, што не дазваляе спакойна жыць, тым, што мучае... Самае важнае, што чалавек хоча змяніцца, ён патрабуе Бога, Яго навукі, хоча Яго сустрэць і спазнаць. Я магу з упэўненасцю сказаць, што мае словы пацвердзяць і астатнія святары-удзельнікі нашай пілігрымкі: шмат нашых вернікаў за гэтыя дні атрымалі Божыя ласкі. Аднак найважнейшым з’яўляецца тое, што многія навярнуліся ў сваёй веры дзякуючы ласкам, атрыманым падчас сакрамэнту споведзі на Святой Зямлі.

Я таксама заўважыў, як некаторыя жанчыны перад уваходам у святыню у Кане Галілейскай, дзе павінен быў таксама адбыцца абрад аднаўлення шлюбных абяцанняў, папраўлялі свае прычоскі, пазіраючы раз-пораз у маленькае люстэрка, прыхаванае ў сумачцы. Жанчыны – гэта жанчыны, яны заўжды хочуць быць прывабнымі для сваіх другіх паловак, з якімі былі злучаныя сакрамэнтам шлюбу. 

Сужэнскія пары, аднаўляючы сакрамэнт сужэнства – хто праз 25 гадоў, хто праз дзесяць, а хто і праз пяць, -- паўтаралі дадзеныя калісьці абяцанні «любові і вернасці» і што «не пакіну ажно да смерці»... Якая была радасць у іх вачах! Не толькі маладых, але і старэйшых асобаў, спрацаваных, якія магчыма не так шмат часу ўдзяляюць сабе, сваёй сям’і...

Народжаныя для Бога – праз сакрамэнт пакуты і паяднання, сёння яны наноў нарадзіліся для сябе. Пасля абраду аднаўлення сужэнскіх абяцанняў з вуснаў адной з жанчын даснеслася: «Ну, а цяпер запрашаю на вяселле».

Няхай жа гэта Кана Галілейская доўжыцца вечна! Бо сапраўдны хрысціянін – той, хто заўсёды радасны і з усмешкай на твары, хто не зважае на жыццёвыя сітуацыі. Няхай тое віно – якім з’яўляецца Божая ласка – ніколі ў нас не заканчваецца! Няхай жа ў нашых «збанах для віна» мы штодзённа будзем сустракаць Пана Езуса!

Фотарэпартаж глядзіце тут 

****

Дзень пяты

Сёння мэтай нашай пілігрымкі быў Іерусалім. Важнае месца для кожнага хрысціяніна! Сустрэча са старым горадам...

Вузкія вулачкі старога горада, які насяляюць розныя народнасці і веравызнанні (хрысціяне, мусульмане, яўрэі і інш.), прывялі нас да аднаго вельмі важнага месца – Крыжовай дарогі і да Базылікі Божай труны.

Пад  купаламі гэтай базылікі знаходзіцца найважнейшае для хрысціянскай веры месца: Галгофа, дзе быў укрыжаваны Хрыстос. Сёння тут стаіць капліца труны Гасподняй. Гэта труна адрозніваецца ад усіх астатніх па ўсім свеце тым, што не мае ў сабе цела чалавека, – яна пустая, абвяшчаючы такім чынам для свету навіну, без якой наша вера была б марнай і не вартым было б нашае абвяшчэнне: «Хрыстос сапраўды ўваскрос!»

Ісці за Хрыстом...

Хоць гэта не была пятніца, але з самага ранку мы ўзялі ўдзел у Крыжовым шляху. Той жа шлях, тое самае месца і тая самая зямля, што і дзве тысячы гадоў таму, па якой на пакутніцкую смерць ішоў Езус...

Думаю, што наш Крыжовы шлях прынамсі ў меншай ступені быў падобны да таго, які перажыў наш Збаўца з Назарэту. 

 

Мы ішлі па гэтай зямлі...Не было той вялікай пакуты, бо ніхто нас не бічаваў, ніхто нас на біў, каб мы падалі ніцма; ніхто не праклінаў і ніхто не плюваў нам у твар. Ніхто не прымушаў нас несці цяжкі крыж – наадварот былі ахвотныя, якія хаця б на хвіліну спрабавалі прайсці, несучы на Галгофу сімвалічны драўляны крыж...

Сонца над нашымі галовамі разагрэлася аднак не на жарт, абпальваючы нам скуру. Падчас ўсёй дарогі на сваім шляху мы сустракалі гандляроў і людзей, якія імкнуліся ў іх штосьці набыць, спяшаючыся далей па сваіх справах амаль як Сымон Кірынеец, які вяртаўся з поля і якога прымусілі несці крыж разам з Езусам.

Праз наш натоўп нервова праціскаліся дзеці з мусульманскіх сем’яў. Можа, спяшаліся ў школу?

 

А праз вуліцу, якой мы ішлі, паўтараючы шлях Хрыста, да нас даносіўся спецыфічны пах усходніх страў з прылеглых да вуліцы бараў, у якіх відавочна з самага ранку гатаваліся добра прыпраўленыя стравы. Вельмі цяжка было трываць у скупенні ў параўнанні з Крыжовым шляхам, які мы праходзім у касцёлах Беларусі.

Перашкаджалі гандляры, якія імкнуліся прадаць нам літр вады за «адзін долар»; перашкаджалі машыны, якія выязджалі на брукаванку, вытаптанай ужо мільёнамі ступняў тых пілігрымаў, што прыбываюць сюды штодня...

Нязвыклым было перажыванне той дарогі ў тым самым месцы, на тых самых вуліцах, сярод тых людзей, якія нібыта перажылі гэтыя дзве тысячы гадоў... Падчас кожнага прыпынку Крыжовага шляху можна было сабе ўсвядоміць: тут Хрыстос быў асуджаны, тут узяў на плечы крыж, тут сустрэў плачучых жанчын, тут быў укрыжаваны...

Памерці дзеля Хрыста...

Асаблівым момантам для кожнага пілігрыма стаў выхад да Базылікі Гасподняй труны. Трэба было бачыць, з якім узрушэннем і як спрытна вымалі нашы пілігрымы з торбачак і заплечнікаў купленыя памяткі (абразкі, ружанцы, крыжыкі), каб хаця б на хвіліну дакрануцца імі да пустой Хрыстовай труны... Тады будзе моц, тады будзе што завесці да свайго дому, даць дзецям, унукам, пры гэтым пахваліўшыся: «Са Святой Зямлі прывёз я табе сувенір!»

Дакрануцца да скалы, на якой калісьці ляжала загорнутае ў саван Цела укрыжаванага Хрыста; пацалаваць тую скалу, спалучаючы з гэтым кароткую, але інтэнсіўную малітву – усё гэта было прыгожым і ўражваючым перажываннем сённяшняга дня.

Выходзячы з месца, дзе засталася пустая труна Езуса, я чарговы раз ўсвядоміў: «Няма Яго тут, уваскрос!». А я, як і кожны хрысціянін, як мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і кс. Раман Факсінскі, якія былі ў той момант побач і з якімі ў той самы момант я дакранаўся да той скалы, мы пасланыя, каб абвяшчаць тую радасную Навіну ўсім людзям і рабіць гэта з яшчэ большым запалам!

Мы пасланыя з Добрай Навінаю ва ўсе канцы свету. Не ў геаграфічным разуменні, бо свет сёння ўжо малы, але ў глыбіню людскіх свядомасцяў. Мы пасланыя туды, дзе гэта свядомасць абмежаваная толькі асабістым жыццём (ці жыццём суседа), і наша задача пашырыць гэту свядомасць святлом веры, каб чалавек убачыў рэальнасць у Божай прысутнасці...

Завяршэннем дня стала наведванне старога гораду Іерусаліма, у якім б’юць ключы хрысціянскай веры. Заўтра выпраўляемся ў Назарэт – гэта мэта нашай пілігрымкі. Мы станем сведкамі асвячэння мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай. Для гэтага ўжо сёння просім заступніцтва Балеснай Маці, сэрца якой было прабіта мячом, каб апекавалася нашым краем, каб прытуліла да свайго сэрца наш пакутны Касцёл, які толькі падымаецца з попелу пераследаванняў... Прытулі, Маці Балесная, яго да сябе і спрыяй у жыццёвай дарозе дзецям і моладзі, якія з’яўляюцца будучыняй нашага народу – беларусаў.

Фотарэпартаж глядзіце тут

****

 

Дзень чацвёрты

Пішучы гэтыя радкі ў вялікім холе нашага гатэлю «Bethlehem», я яскрава чую, як аднекуль з вуліцы даносіцца цудоўны мусульманскі спеў. Так тут вечарамі ёсць. Палестынскі народ відавочна не супраць добра адпачыць, але таксама гэтыя спевы з’яўляюцца элементам іх малітвы. Такім спосабам яны ўшаноўваюць свайго Бога Алаха. Лёгкі і цёплы ветрык разносіць гэтыя спевы па ўсім Бэтлееме і ваколіцах...

Сённяшні дзень запомніўся дзвюмa сустрэчамі з вельмі важнымі для хрысціяніна асобамі. 

Сустрэча ў бэтлеемскім гроце

Радасць суправаджае нас з самага ранку. У бляску ўзыходзячага сонца Бэтлеем (што азначае «дом хлеба») бачны са свайго найлепшага боку. Гарачае сонца з самага ранку падкрэслівае залатое адценне пяшчаніку, з якога тут і ў ваколіцах пабудаваныя ўсе дамы.

Мы ўваходзім у базыліку Нараджэння Езуса. Уваходзячы, трэба было нізка схіліцца, таму што ўваход быў замураваны стагоддзі таму, і сёння ён вельмі нізкі. І ніхто не спрабуе аднавіць яго былую вышыню.  Відаць, для таго, каб кожны, хто сюды ўваходзіць, пакорна схіляўся перад таямніцай Нараджэння Божага Сына. Мы ўваходзім у грот Нараджэння і з пашанаю цалуем зорку з лацінскім надпісам, які азначае, што ў гэтым месцы нарадзіўся Збавіцель свету. Немагчыма схаваць эмоцыі!

 

Дакранаючыся да таго месца, дзе больш за два тысячагоддзі таму нарадзіўся Езус, я не магу паверыць, што да таго, пра што мы чытаем у Евангеллі, я магу сёння дакрануцца, засведчыць існаванне гэтага гроту... Заўважыў, як іншыя кладуць на зорку з лацінскім надпісам розныя хрысціянскія рэчы: абразкі, ружанцы і інш. У апошнюю хвіліну я таксама дакрануўся сваім ружанцам, пацеркі якога перабіраў у гэты час, да гэтага святога месца. Каб жа ж толькі не згубіць гэты ружанец у будучыні! Вялікая памяць...

Падчас прабывання ў гроце Нараджэння Пана я заўважыў, што ў гэтым бедным хляве, які сёння выглядае цалкам інакш, чым два тысячагоддзі таму, вельмі шмат людзей. Чуваць розныя мовы і заўважныя розныя расы. У такія хвіліны пераконваешся на свае вочы і вушы ва ўніверсальнасці Касцёла...

Амерыканцы, якія стаялі ў чарзе перад намі, каб увайсці ў бэтлеемскі грот, неяк скептычна да яго падышлі. Калі я пазіраў на іх маладыя твары, мне ўзгадалася пытанне Езуса, якое ён скіраваў падчас свайго прабывання ў Гефсіманскім садзе, калі прыйшоў Юда з жаўнерамі, каб Яго схапіць: «Каго шукаеце?»

Некаторыя прыходзілі на гэта месца, каб на ўласныя вочы засведчыць тую Божую моц і Яго благаславенства; іншыя – чыста з людской цікавасці; хтосьці толькі для таго, каб мець фотаздымак на памяць. Варта ж вынесці адсюль дабро, каб быць «добрым як хлеб».

Тым не менш у мяне засталося нявыкананае жаданне: каб кожны з нас ў бэтлеемскім хляве вызнаў: Езу Хрысце – мой Пан!

 

З Бэтлеема трэба выходзіць адмененым, з усведамленнем таго, што ўсё, што маю, цалкам не мая заслуга, аднак заслуга Таго, хто сваім нараджэннем асвяціў гэтае месца, хто пастаянна мяне падтрымлівае ў маім існаванні, і без Каго маё жыццё не мае ніякага сэнсу... 

«Я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях» (Лк 3, 16)

Другі момант, які застаўся ў памяці, гэта Эйн-Карэм – месца нараджэння Яна Хрысціцеля і Адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты. Тут чарговы раз я ўзгадаў у памяці словы Яна Хрысціцеля, які казаў пра сябе, што не варты развязаць раменьчык на Яго сандалях. 

Падумалася: відавочна – жыццё чалавека без Бога нічога не вартае, пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Кожная хвіліна ў Божых руках... Гэтыя мае рэфлексіі парушыла дзіўная з’ява. Раптам загудзелі сірэны, і было бачна, як да неба ўзносяцца клубы дыму, а пазней на вялікай хуткасці ехалі пажарныя машыны, у небе былі бачныя самалёты і верталёты, якія распылялі ваду, імкнучыся патушыць пажар, які распаўсюджваўся ў некалькіх месцах Ерузаліма. Здаецца, гарэў лес, цяжка пра гэта штосьці больш зараз сказаць. Толькі, як высветлілася пазней, гарэла ў тых месцах, праз якія наш кіроўца вёз нас нядаўна ў Эйн-Карэм.

 

Варта сказаць, што сітуацыя на Святой Зямлі сёння ўсё яшчэ неспакойная. Аднак апошнія гады сведчаць пра пэўныя высілкі ў бок паляпшэння сітуацыі, у бок міру і спакою. Хаця б узгадаць адну з апоўніх ініцыятыў Папы Францішка, які запрасіў да сябе ў Ватыкан прэзідэнтаў Ізраіля і Палесціны, каб супольна памаліцца за мір.

«Будаўніцтва міру цяжкае, але жыццё без міру – гэта пакуты» -- такія словы адрасаваў Пантыфік у сваім запрашэнні.

Усе ўдзельнікі нашай пілігрымкі пасля цэлага дня экскурсій трошкі стаміліся, але можна сказаць, што пасля гэтага здарэння яшчэ мацней запаліліся малітвай у інтэнцыі міру, які сёння патрэбны Святой Зямлі, Украіне, членам іх сем’яў і грамадству.

Каб не заканчваць свой аповед на гэтай сумнай ноце, трэба дадаць, што людзі ў Палестыне, якая ад часу нашага прылёту ўжо стала для нас на час пілігрымкі сапраўдным домам, вельмі радасныя і дастаткова арыгінальныя.

Сёння, напрыклад, наш аўтобус спрабаваў «праціснуцца» праз цесную палестынскую вуліцу (большасць вуліц тут сапраўды цеснаватыя). А як высветлілася пазней, праехаць аўтобусу перашкаджала старое аўто, кіроўцам якога была жанчына. Заўважыўшы наш аўтобус, які марна спрабаваў аб’ехаць яе аўто, яна выйшла з аўтамабіля і паказаўшы жэстамі, што вернецца праз хвілінку, зачыніла дзверы аўто і спакойна пайшла ў магазін за пакупкамі. Мы ў сваю чаргу вымушаныя былі чакаць яе вяртання добрых некалькі хвілін... Але галоўнае, што яна пра нас ўсё ж не забылася і пазней вярнулася.

...А зараз ноч. Ужо не чуваць той мусульманскай мелодыі на дварэ. У фае гатэля амаль бязлюдна. Нашы пілігрымы, відаць, ужо спяць, пасвістваючы ў дзве дзірачкі. Наш чарговы дзень пілігрымкі заканчваецца. Удзячныя Богу за яго. Сёння мы ўзбагаціліся і ўзмацніліся ў сваёй веры!

Фотарэпартаж глядзіце тут

**** 

 

Дзень трэці

Якая гэта ласка – ступаць па зямлі, якую сваёй прысутнасцю і слядамі пазначыў сам Езус!.. Кожны вечар я засынаю з пачуццём напоўненасці і глыбокай удзячнасці Богу за нашу пілігрымку.

Як кажа архімандрыт Сяргей Гаек, мы – пілігрымы – павінны цаніць  кожную хвіліну прабывання на Святой Зямлі і старацца ўвабраць у сябе святасць гэтых месцаў, каб умацаваць сваю веру.

Сёння ў нашай групе была прыемная неспадзяванка. Ранішнюю літургію для пілігрымаў узначальваў кс. Вячаслаў Дубавец, у якога ў гэты дзень была гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння. Ужо шэсць гадоў як кс. Вячаслаў служыць Богу і людзям...

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля таксама сёння. Нас чакае шмат новых адкрыццяў – мы будзем шмат «гасцяваць». У каго?


У гасцях у Марыі і Марты

Святы Геранім калісьці казаў: «Няведанне Святога Пісання з’яўляецца няведаннем самаго Хрыста». Наша пілігрымка – гэта так бы мовіць адмысловае разважанне над Святым Пісаннем і аналіз таго, што пакінулі нам у запісаным выглядзе евангелісты і апосталы.

Адведваючы кожнае важнае месца, звязанае з жыццём Хрыста і Яго Маці, мы чытаем адпаведны фрагмент са Святога Пісання. Дзякуючы гэтаму можна лягчэй уявіць, што адбывалася на гэтым месцы два тысячагоддзі таму...

Сёння асаблівым чынам запомнілася наведванне Бэтаніі. Месца, дзе калісьці жылі Лазар, Марта і Марыя. Можна сказаць, што мы былі сёння ў гасцях у доме Марыі і Марты. Хрыстос любіў Бэтанію, любіў гэта месца, адпачываў тут пасля доўгага падарожжа. Там, у мястэчку Бэтаніі, у доме двух сясцёр і Лазара ён пачуваўся добра, таму што быў выслуханы. Таксама там Езус распавядаў аб Божым валадарстве і пра свайго Айца.

Слухаеш словы Евангелля і здаецца – бачыш на свае вочы тую далёкую рэальнасць. Больш за два тысячагоддзі...



Нарадзіцца наноў

Ярдан. Ён зачароўвае з першага погляду. Гэтая срэбная – у сонечным зіхаценні – рака схаваная сярод гарачых пяскоў пустыні. Сонца прыпякае да +40. І мабыць таму ты радуешся ад адного толькі сузірання гэтага воднага цуду. Вада!

Тут амаль заўсёды людна: дзясяткі пілігрымаў прыбываюць сюды на аўтобусах, каб убачыць тое месца, дзе прыняў хрост Езус.

Я меў прывілей узначаліць абрад аднаўлення абяцанняў хросту для нашых пілігрымаў. Гучна і рашуча яны вымаўлялі «Выракаюся» і «Веру!» -- гэта трэба было чуць. У многіх з вачэй сцякалі слёзы ўзрушэння і ўдзячнасці Богу. Многія зранку прыступілі да сакрамэнту пакаяння.

А побач, зусім побач з намі лёталі чайкі. Нібы шукаючы кагосьці, яны пазіралі на людзей зверху ўніз, час ад часу гучна падаючы свой птушыны голас. Заплюшчыш вочы і здаецца, што да цябе далятае рэха стагоддзяў...



Гасціннасць Закхея

Дом Закхея, які знаходзіцца ў Ерыхоне, быў наступным этапам нашай пілігрымкі. Ерыхон – гэта самы старажытны горад на зямлі. Лічыцца, што менавіта тут найлепшая садавіна і гародніна. Мы мелі магчымасць гэта праверыць – паспрабавалі фінікі. Якія ж яны салодкія! Як мёд. Такое ўражанне, што ніколі я не чуў такога смаку ні ў воднай іншай садавіне...

У Святым Пісанне Ерыхон узгадваецца як горад, праз які праходзіў Езус. Чалавек па імені Закхей, багацей і галоўны зборшчык падаткаў у горадзе, вельмі хацеў пабачыць Езуса. Але праз невысокі рост вымушаны быў залезці на дрэва смакоўніцы.

Сёння, жывучы ў XXI ст., кожны з нас, паглядаючы на смакоўніцу, хацеў бы пачуць тыя самыя словы, якія калісьці Езус прамовіў да Закхея: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме» (Лк 19, 5).

Наперадзе перад намі яшчэ некалькі дзён пілігрымкі. За гэты час мы хацелі б скіраваць нашыя вушы да Езуса і Яго словa, каб з той гасціннасці дома двух сясцёр уваскрослага Лазара і нізкага ростам, ды цікаўнага Закхея, мы маглі вынесці для сябе галоўнае: заўсёды выбіраць найлепшую частку – Хрыста...


Фотарэпартаж глядзіце тут

****Дзень другі

...У 06.15 мне пазванілі з рэцэпцыі: час снядання. Прыблізна так нас будзяць шторанку ў гатэлі.

Сонца не шкадавала сёння сваіх прамянёў: амаль цэлы дзень было +40. Практычна ўвесь дзень мы былі на нагах, пераходзячы ад адной святыні да другой. І кожная з іх – гістарычная каштоўнасць ва ўсіх сэнсах слова. Праграма складзеная вельмі багатая. Усё звязана з асобай Хрыста і Марыі.


«Пане, навучы нас маліцца»

Сёння нашай мэтай быў Ерусалім. Агляд горада мы распачалі з удзелу ў св. Імшы ў касцёле Pater Noster, дзе паводле традыцыі Езус навучыў сваіх вучняў гэтай малітве да Бога Айца. Гэта настарэйшая, а таксама найважнейшая малітва хрысціян.

Я меў прывілей цэлебраваць ў гэтым касцёле Імшу. Было вельмі хвалююча. Здаецца, што нідзе так, як тут – у гэтай святыні, мы не маліліся з такой вялікай пашанай і адкрытым сэрцам «Ойча наш»... Кожнае слова – і цябе пранізвае да драбніцы. Падчас Імшы я спрабаваў пераказаць нашым пілігрымам, што азначае гэта месца і якое яно сімвалічнае. Менавіта адсюль па ўсім свеце разышлася малітва Пана, якая і сёння яднае ўсіх: католікаў, праваслаўных, пратэстантаў...

Кожная рэлігія мае штосьці падобнае да іншых. Нягледзячы на розныя разыходжанні ў  літургіі, кульце, аддаванні хвалы: усе мы маем аднаго Айца ў небе, да якога звяртаемся аднымі і тымі ж словамі...

На тэрыторыі, якая прылягае да святыні, знаходзяцца табліцы з тэкстам малітвы Ойча наш на розных мовах. Вялікай радасцю было для нас убачыць сярод гэтых 130 табліц сваю. Беларускую. Яе ўсталявалі 25 кастрычніка 2011 г. Ужо тры гады таму...


Ад нашага гіда я пачуў цікавую гісторыю, звязаную з дошкай на польскай мове – гэта ўжо трэцяя дошка, усталяваная тут. Што здарылася з папярэднімі?

Першая звалілася са сцяны і разбілася акурат ў дзень увядзення ў Польшчы ваеннага становішча (13 снежня 1981). Другую дошку напаткаў такі ж лёс 10 красавіка 2010 г. – дзень авіякатастрофы пад Смаленскам, у якой загінула 96 чалавек...

Ці гэта супадзенне? Наўрад ці. Не, у Бога няма супадзенняў. Відавочна гэта быў нейкі знак, паказаны Панам...


Перажыць cапраўдны «вячэрнік»

Найбольш хвалюючым для мяне, як для маладога святара, было наведнанне залы Апошняй Вячэры – т.зв. «Вячэрнік». Усведамляць, што менавіта тут зарадзілася святарства і сакрамэнт Эўхарыстыі, -- незвычайнае пачуццё! Месца, дзе на апосталаў, Марыю і жанчын сышоў Святы Дух... Вельмі важныя моманты хрысціянства звязаныя з гэтым месцам.

Без «Вячэрніка» свет быў бы бяднейшым, бо не меў бы тых сакрамэнтаў, якія падтрымліваюць чалавека ў яго існаванні. Эўхарыстыя з’яўляецца задаткам вечнага жыцця, а святарства – каб навучыць, прымірыць людзей з Богам, які з’яўляецца іх братам...

Наведваючы гэтае месца, здаецца, што ўсё гэта адбылося зусім нядаўна. Зусім нядаўна Езус быў Настаўнікам сваіх вучняў. Увушшу аддаюць словы: «Бярыце і ешце, бо гэта ёсць цела маё; бярыце і піце, бо гэта ёсць кроў мая...»



«О Садзе Аліўны, вобраз мае дзіўны...»

Гэтаксама як у жыцці ўсё імчыць, пастаянна развіваецца і імкнецца наперад, гэтаксама і наша пілігрымка ад Поля пастухоў прывяла нас у Гетсіманскі сад. Як падае Евангелле, у гэтым месцы неаднаразова спыняўся Езус падчас наведвання Ерусаліма, асабліва ў часе яўрэйскага свята Пасхі. Ведаў гэтае месца і апостал Юда, які менавіта тут выдаў Езуса першасвятарам, кніжнікам і старэйшынам (Мк 14, 43-52).

Той Юдавы пацалунак таксама павінен быў адбыцца тут... «Юда, пацалункам выдасі Сына Чалавечага?» -- у гэтым месцы пачуў ад Езуса Юда.

Для ўсіх нас гэта выклік і напамін, які заахвочвае да бесперапыннай працы і развіцця ў сабе Божага жыцця. Каб не быў наш штодзённы «пацалунак» здрадай Езусу, а імкненнем да дасканаласці, да якой запрашае нас Хрыстус Пан.

...Гэты дзень быў перапоўнены наведваннем святых месцаў. Уражанні, атрыманыя сёння, не забудуцца гадамі! Гэтаксама як і атмасфера гэтай зямлі.

Аліўная гара, касцёл Dominus flevit (Пан плакаў), шлях Пальмовай нядзелі, базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (там жыла Марыя перад смерцю), магіла цара Давіда, касцёл св. Пятра ў Галіканту...


Усё гэта трэба яшчэ раз «пракруціць» у галаве, прааналізаваць, засяродзіцца. На жаль, часу не так шмат. Ён знойдзецца, відаць, толькі на зваротным шляху, калі мы вернемся дадому і праз штодзённае чытанне Божага слова ў думках і ў сэрцы будзем штораз вяртацца да гэтых біблійных здарэнняў... Туды, адкуль пайшло хрысціянства, дзе жыў і навучаў Езус – да Святой Зямлі...

Фотарэпартаж глядзіце тут

****Дзень першы

Перажыць Божае нараджэнне ў Бэтлееме

У нядзелю свой дзень мы распачалі з малітвы, каб споўніць хрысціянскі абавязак, а таксама каб перажыць Божае нараджэнне ў палестынскім Бэтлееме. Для гэтага з самага ранку мы накіраваліся на т.зв. «Поле пастухоў» – месца, дзе анёл аб’явіўся пастушкам і распавёў ім пра нараджэнне Збаўцы ў Бэтлееме.

На гэтым месцы мы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Па заканчэнне літургіі арцыбіскуп заахвоціў пілігрымаў да спеву калядак.

Спачатку пілігрымы выглядалі разгубленымі, бо дзіўна спяваць калядкі ў звычайны для Касцёла перыяд. Аднак, усвядоміўшы і адчуўшы тое знакавае месца, дзе анёл абвясціў аб нараджэнні Хрыста пастушкам, ідэя арцыбіскупа была падтрыманая.

Мы наведалі таксама гроту пастушкоў, каб дасведчыць тое ўбоства, у якім яны жылі. Вячэралі, прымалі гасцей, адпачывалі... Цікава, а як выглядаў хлеў, дзе больш за дзьве тысячы гадоў таму нарадзіўся Збавіцель?

Мы наведалі таксама Яфу.


Яна зачаравала мяне. І я мяркую, не толькі мяне. Тут столькі гістарычных помнікаў! У тым ліку і старажытны марскі порт, вядомы найперш як месца, з якога Ёў спрабаваў уцячы ад паклікання Пана.

Біблія кажа пра тое, што падчас шторму прарок быў выкінуты за борт карабля, а затым праглынуты гіганцкай рыбінай, у жываце якой прабываў на працягу трох дзён...

Проста неверагодна. Месцы, у якіх калісьці стваралася гісторыя... І сёння гэтыя месцы можна паглядзець уласнымі вачыма. І пастарацца адчуць яе.

Таксама тут у Яфе згодна з Дзеяннямі Апосталаў святы Пётр уваскрасіў дзяўчыну па імені Тавіта... А затым, спыніўшыся ля дома Сымона-гарбара, падчас малітвы ў яго здарылася азарэнне. Пасля гэтага азарэння ён быў перакананы, што і неяўрэі могуць таксама прымаць Святога Духа і прыналежаць да Касцёла.

Будучы ў Яфе і думаючы пра Ёва, я ўзгадаў урывак са Старога Запавету, у якім камандзір маракоў сказаў: «Чаму ты спіш? Устань, усклікай да Пана твайго, можа ўзгадае Бог пра нас і мы не загінем» (Ёв 1, 6).

Я думаю, што гэта адна з самах найважнейшых мэтаў кожнага, хто прыбывае на Святую Зямлю: усклікаць да Бога, каб узгадаў пра нас...

Фотарэпартаж глядзіце тут

****Пачатак пілігрымкі

Па слядах Хрыста

З вялікім узрушэннем я выпраўляўся ў пілігрымку на Святую Зямлю – зямлю, па якой ступаў Езус Хрыстус. Гэта зямля, з якой усё пачалося: і хрысціянства, і першыя супольнасці...

Гэта тут прыйшоў на свет абяцаны Збаўца, Месія, пасланы Богам Айцом, каб збавіць свет. Гэта зямля была першым сведкам Яго нараджэння. Менавіта тут першы раз раздалося анёльскае прывітанне: “Gloria in excelsis Deo"- Хвала на вышынях Богу”

Наша група ў складзе 150 чалавек вылецела на Святую Зямлю 21 чэрвеня адмысловым чартарным рэйсам з Мінска. Цэлы самалёт беларускіх вернікаў!

Мы набралі вышыню. Прыгожыя пуховыя аблокі акаймлялі самалёт і здавалася, дастаткова працягнуць руку, каб датыкнуцца да іх...

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў нашу групу пілігрымаў (другая група павінна вылецець 23 чэрвеня на чале з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім), звяртаючыся да ўсіх прысутных, заўважыў, што наша пілігрымка – не турыстычная паездка, а малітоўная. З наведваннем святых месцаў. Біскуп памаліўся з усімі намі і ўдзяліў сваё пастырскае благаслаўленне.

...На Святой Зямлі мы былі праз тры з паловай гадзіны. Тэль-Авіў, нягледзячы на вечаровы час, сустрэў нас 30-градуснай спякотай. Пасля праходжання пашпартнага кантролю, мы аўтобусамі накіраваліся ў Бэтлеем, куды прыбылі позна ўначы. Заўтра чакаў новы дзень – наша першае знаёмства са Святой Зямлёй.

...Пра аўтара: Кс. Юрый Марціновіч – дырэктар інфармацыйнага бюро Сatholic.by пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Дактарант універсітэта імя кард. Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Скончыў Вышэйшую Духоўную семінарыю ў горадзе Элк (Польшча). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 2010 г. у Гродне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.