Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка «Мінск-Будслаў»: «Рушма! З радасцю ды не двурушна! Рушма!»
Беларусь
30.06.2014 13:55

30 чэрвеня святой Імшой у 8.00 удзельнікі 24-ай пешай пілігрымкі «Мінск-Будслаў» узнеслі спевы на пачатак свайго «малітоўнага падарожжа», якога чакалі ўвесь год, а ўжо ў 10.00 пасля благаслаўлення Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і шчодрага акраплення святой вадой вырушылі вуліцамі горада ў пяцідзённы шлях.

Адказнасць за парадак у пілігрымцы ў гэтым годзе выпала кс. Дзмітрыю Дубовіку, а за духоўную частку — кс. Алегу Грыгаровічу.

Пад харугвамі, са сцягамі ды з крыжом на чале, а яшчэ і пад дэвізам: «Марыя — узор нашай веры» пілігрымы вырушылі, каб услед за словамі настаўлення арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якія ён прамовіў падчас гаміліі, быць «сведкамі нашай веры», быць тымі, хто «выйграе ў межах маральнага закону», выйграе, бо яго барацьба заснавана на малітве.

Арцыбіскуп прыгадаў лацінскае выслоўе «Lex orandi - lex credendi», што азначае: «Як молішся, так і верыш».

Пілігрымка якраз і дапамога, і нагода, і натхненне для малітвы, спецыяльна на ўдзел у якой многія бяруць адпачынак на працы, студэнты стараюцца заўчасна здаць іспыты.

Пра іспыты. Адна парафіянка мінскай архікатэдры, першакурсніца Каця з БДУІР, кажа: «Вось здам заўтра іспыт па праграмаванню і далучуся, вельмі хочацца далучыцца», а побач стаіць сяброўка і сцвярджае тое ж самае.

Вось згуртаванне таксама студэнтаў, толькі, так бы мовіць, духоўнага ўніверсітэта — семінарыі з Ломжы (Польшча). Сярод іх клерык Уладыслаў - беларус, які запрасіў у пілігрымку сяброў: клерыка Патрыка  і клерыка Каміля. Клерыкі-палякі адзначаюць, што пілігрымка будзе пазнаннем для іх не толькі духоўнасці каталіцтва на Беларусі, але і знаёмствам з беларускай мовай. Клерык Каміль сказаў, што будзе вучыць беларускую мову, каб «не занікла». А падручнікам будзе спеўнік «Брама да неба», ды хор пілігрымкі як найлепшы аўдыёдадатак.

Ужо знаёмыя твары, знаёмыя  пацертыя харугвы. Блакітныя і сінія стужкі, якія пілігрымы павязваюць то на шыю, то на руку, то на заплечнік.

«Рушма! З радасцю ды не двурушна! Рушма!» — пачулася.


І чарада пілігрымаў, вітаючы мінчукоў і адразу развітваючыся з імі, накіравалася да першага месца прызначэння, якім сёння будзе вёсачка Вішнёўка.

А ўслед ім, калоне, дзесьці з двухсот пілігрымаў, глядзелі пілігрымы мінулых год, пілігрымы на пенсіі, якія маюць за спіною свой пілігрымскі стаж.

Спадарыня Марыя Казлоўская з супольнасці «Легіёна Марыі» сказала, што яна сем разоў хадзіла пешшу да Маці Божай Будслаўскай. «Пілігрымкі змяняюць. Я стала зусім іншай». — кажа жанчына і ўсміхаецца.
Побач з ёю стаіць Анатоль Гарадзецкі, які прайшоў 8 пілігрымак, а 2 праехаў на ровары. Заўважаю ў яго вялікі медальён Маці Божай Беззаганнага Зачацця на шыі,«медальён як медаль» думаю, а спадар Анатоль кажа: «Гэты медальён такі вялікі, бо пілігрымскі». А яшчэ адна жанчына, Ганна Расцішэўская, таксама легіянерка, дадае: «Люблю паўтараць такія словы, якія, здаецца, належаць Св. Бернарду, калі ты будзеш з Маці Божай — атрымаеш Божую ласку, калі пойдзеш за ёй — не згінеш, а калі трымаеш за руку — не ўпадзеш».

Гэтыя легіянеры ўжо назбіралі свае кіламетры — назбіралі свой духоўны стаж, а цяпер таго ж жадаюць і тым, хто крочыць.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.